З 2018 году новабудоўлі з газавымі плітамі стануць рэдкасьцю, а для вайскоўцаў будуць больш актыўна будаваць арэнднае жыльлё. Усё гэта закладзена ў пастанове ўраду, якая ўносіць зьмены ў праграму «Будаўніцтва жыльля» на 2016-2020 гады. Пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Электрапліты, электрычнае ацяпленьне і падагрэў вады
У пастанове гаворыцца, што паколькі «у гэтай пяцігодцы ў Беларусі заплянаванае ўвядзеньне ў эксплюатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі і павелічэньне выпрацоўкі электрычнай энэргіі», новыя дамы будуць праектавацца з электрычным «начыньнем» — ацяпленьнем, падагрэвам вады, электраплітамі ў кухнях кватэр. Адначасова павінна разьвівацца інфраструктура па забесьпячэньні электраэнэргіяй жыльля, якое будуецца.
Выключэньне складуць дамы, якія будуюцца ў зоне дзеяньня цеплавых электрастанцыяў, а таксама ў газіфікаваных раёнах, дзе ёсьць рэзэрв магутнасьці.
5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС
Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (перанесены на 1 год, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Беларуская АЭС узводзіцца коштам крэдыту ад Расеі. На думку экспэртаў, кошт будаўніцтва — прыкладна 11 мільярдаў даляраў.
Пасьля запуску АЭС абяцаюць зьменшыць тарыфы. Манёнак: «А хто будзе расплачвацца за крэдыты?»
Суседнія краіны выступаюць супраць будаўніцтва беларускай АЭС: Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
Арэнднае жыльлё для вайскоўцаў
Дапоўнены і разьдзел праграмы «Асноўныя напрамкі Дзяржаўнай праграмы „Будаўніцтва жыльля“». Для забесьпячэньня вайскоўцаў Узброеных сілаў краіны іх сем’яў прадугледжваецца будаўніцтва камэрцыйнага выкарыстаньня дзяржаўнага жыльлёвага фонду (арэнднага жыльля — РС) ў 2018-2020 гадах.
У рамках дзяржаўнай праграмы прадугледжана скарачэньне долі бюджэтнага фінансаваньня будаўніцтва жыльля і закладзена павелічэньне забясьпечанасьці насельніцтва квадратнымі мэтрамі: з 26,36 квадратных мэтраў у 2015-м да 27,3 у 2020-м. За пяць гадоў у краіне павінны пабудаваць 18 мільёнаў квадратных мэтраў жыльля.