1 сьнежня ў Жэнэве Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі разгледзіць афіцыйную справаздачу Беларусі пра выкананьне канвэнцыі аб ліквідацыі ў краіне усіх формаў расавай дыскрымінацыі.
Сёлета ўпершыню ў Камітэт ААН была пададзеная і альтэрнатыўная справаздача, якую падрыхтавалі беларускія праваабаронцы ў супрацоўніцтве з замежнымі калегамі. У інтэрнэце будзе наладжаная жывая трансьляцыя абмеркаваньня беларускай справаздачы. Трансьляцыя пачнецца а 17-й гадзіне паводле менскага часу.
У падрыхтоўцы альтэрнатыўнай справаздачы бралі ўдзел і прадстаўнікі Беларускага Хэльсынскага камітэту. Старшыня БХК Алег Гулак мяркуе, што онлайн-трансляцыя абмеркаваньня праблем расавай дыскрымінацыі ў Беларусі дапаможа іх вырашэньню.
«Праявы дыскрымінацыі паводле расавай прыкметы носяць даволі сыстэмны характар»
«Прынята казаць, што беларусы — талерантны народ, але праявы дыскрымінацыі паводле расавай прыкметы сустракаюцца і ў нас і носяць даволі сыстэмны характар», — кажа Гулак.
«Мы, праваабаронцы, адзначаем найперш тое, што праблема ня вырашаная на заканадаўчым узроўні: роўнасьць дэкляраваная, але не прапісаная адказнасьць за такія праявы, нават асноўныя паняцьці ў законе ня вызначаныя. Як вынік, пэўныя этнічныя групы сутыкаюцца зь вялікімі праблемамі ў галіне расавай дыскрымінацыі».
Найперш праваабаронцы кажуць пра нэгатыўнае стаўленьне да народу рома, ці цыганоў, якія маюць праблемы з адукацыяй, прафэсійнай падрыхтоўкай, уладкаваньнем на працу. Да іх часта прадузята ставяцца прадстаўнікі праваахоўных органаў, ёсьць нэгатыўнае стаўленьне да іх і на бытавым ўзроўні, з боку звычайных людзей.
«Хоць мы разумеем, што Беларусь у параўнаньні зь некаторымі краінамі Эўропы тут выглядае лепш, але, на нашу думку, дзяржава недапрацоўвае, каб гэтую праблемы вырашыць», — перакананы Гулак.
Праваабаронца таксама гаворыць аб праявах антысэмітызму, разбурэньні помнікаў на старых габрэскіх могілках, апаганьваньні помнікаў.
На думку Гулака, беларуская дзяржава мала робіць для прапаганды ідэй расавай роўнасьці.
Алег Гулак вызначыў і такую праблему, як ня вельмі талерантнае стаўленьне ў Беларусі да ўцекачоў, якіх у краіне становіцца ўсё больш. А па меры таго, як Беларусь будзе ўсё больш адкрывацца, гэтая праблема можа абвастрыцца.
«Беларусь пакуль даволі закрытая краіна, але тэндэнцыі ў сьвеце такія, што да нас будзе прыяжджаць усё больш людзей, у тым ліку на сталае жыцьцё. А беларусы, хоць і даволі талерантныя, але да новага прызвычайваюцца не адразу. Наша грамадзтва мусіць быць падрыхтаванае і да таго, што тут будуць разам жыць прадстаўнікі самых розных народаў і расаў», — кажа праваабаронца.