На сумесным паседжаньні дзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу 30 лістапада быў заслуханы даклад віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага. Ён ва ўрадзе адказвае за аграрны сэктар.
Сярод іншага чыноўнік паабяцаў прыступіць да выплаты «годных заробкаў» і закладаньня «вёскі будучыні».
Намесьнік кіраўніка ўраду заявіў, што сёньня ёсьць усе магчымасьці атрымліваць «годную плату» за зробленую працу. Так, ужо ў сьнежні, паводле яго слоў, сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы павінен дарасьці да 700 рублёў. Пакуль, як вынікае з афіцыйнай статыстыкі за 10 месяцаў, гэтая лічба толькі крыху перавышае 500 рублёў.
Пры гэтым многія работнікі сельскагаспадарчых арганізацый наракаюць, што маюць нізкія прыбыткі, часта нават меней за 100 рублёў.
Вёска, у якой працуюць за 80 рублёў на месяц
Таксама Міхаіл Русы агучыў рэцэпт эфэктыўнага «стрымліваньня моладзі» ў сельскай мясцовасьці.
«Забясьпечыць ўзровень жыцьця ў вёсцы — асноўная наша задача», — цытуе чыноўніка БелТА.
«Прыблізна як Копысь»
Русы заявіў, што ў кожнай вобласьці ўжо вызначаныя адрасы для рэалізацыі пілётных праектаў пад стварэньне «вёскі будучыні».
«Падрыхтаваны тыпавыя праекты „вёскі будучыні“. Ужо вызначаны паселішчы, на базе якіх будуць адпрацоўвацца пілётныя праекты», — адзначыў віцэ-прэм’ер, не ўдакладніўшы, што менавіта зьменіцца ў параўнаньні з аграгарадкамі. Сказаў толькі, што гэта «крок наперад».
Як перадае Tut.by, Русы запэўніў, што «вёска будучыні» будзе выглядаць «прыблізна як Копысь» (малая радзіма Аляксандра Лукашэнкі), а таксама як аграгарадкі Жамчужны (Баранавіцкі раён) і Верцялішкі (Гарадзенскі раён).