Тэлекам-апэратар Velcom мае намер разьвіваць беларускамоўны кантэнт у рамках сваёй плятформы лічбавага тэлебачаньня Voka, паведаміў 29 лістапада на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік генэральнага дырэктара Velcom па фіксаванай сувязі і інтэграцыі Антон Бладзік.
«Мы вельмі хацелі б, каб у нашай відэатэцы пры ўдзеле онлайн-кінатэатраў зьяўляліся папулярныя фільмы з дарожкамі на беларускай мове. Мы вядзём актыўную працу ў гэтым кірунку, перамовы з праваўладальнікамі. Я ўпэўнены, што паглядзець, напрыклад, новы сэзон „Гульні тронаў“ або „Картачнага дамка“ здорава ня толькі ў арыгінале і расейскай агучцы, але будзе ня менш цікава і ў беларускай агучцы прафэсійнымі акторамі», — сказаў Бладзік.
У сваю чаргу начальніца ўпраўленьня маркетынгу кампаніі Юлія Дайнека адзначыла вялікую папулярнасьць у гледачоў праекту «Беларускія ўікэнды», дзякуючы якому і яго афіцыйнаму партнэру ў асобе Velcom у беларусаў зьявілася магчымасьць глядзець усясьветнае кіно на роднай мове ў кінатэатрах. Паступова праект «Беларускія ўікэнды» набывае рэспубліканскі размах. Паказы, аналягічныя тым, што арганізуюць для менскіх гледачоў, праходзяць у кінатэатрах абласных цэнтраў і іншых гарадоў, паведамляе БелаПАН.
Як паведаміў Бладзік, у пачатку 2018 году абанэнтаў фіксаванага інтэрнэту Velcom пачнуць перакладаць на адзіную плятформу лічбавага ТВ Voka. Карыстальнікам прапануюць каля 100 тэлеканалаў, кантэнт папулярных онлайн-кінатэатраў, 4K-кантэнт і магчымасьць глядзець «разумнае» ТВ на тэлевізарах з функцыяй Smart TV. Пры гэтым сэрвіс Voka будзе даступны як у фіксаванай сетцы Velcom, так і ў любой іншай інтэрнэт-сетцы Беларусі.
Абанэнцкая база фіксаванага інтэрнэту і ТВ аб’яднанага брэнду Velcom уключае больш за 300 тысяч карыстальнікаў. У наступныя гады кампанія плянуе актыўна пашыраць базу карыстальнікаў фіксаванага інтэрнэту і разьвіваць інфраструктуру на ўсёй тэрыторыі Беларусі.