У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.
Нядзеля 18 кастрычніка выдалася халоднай, ішоў дождж, але некалькі сотняў нарадафронтаўцаў сабраліся на плошчы Незалежнасьці. Весьці мітынг, прымеркаваны да пачатку сэсіі Вярхоўнага Савету, даручылі мне і дэпутату Менскага гарадзкога савету Галіне Вашчанка.
Сярод іншых прамоўцаў выступіў прэм’ер Ценявога кабінэту Апазыцыі БНФ дэпутат Уладзімер Заблоцкі:
«Я выкажу думку апазыцыі, якая лічыць, што рэфэрэндум патрэбны таму, што эканамічныя пытаньні, ход рэформаў ня могуць быць прынятыя гэтым складам Вярхоўнага Савету, таму што над ім яшчэ стаіць камуністычная ідэалёгія, таму што ў іх галовах не прымаюцца рынкавыя адносіны і рэформа эканомікі. Не даецца права на эканамічную дзейнасьць людзям, не праводзіцца разьдзяржаўленьне дзяржаўнай маёмасьці і заблытана пытаньне ўласнасьці. Акрамя таго не ствараюцца інстытуты дзяржаўнасьці ў нашай Беларусі нягледзячы на тое, што мы ўжо даўно прынялі Дэклярацыю незалежнасьці… Таму адзінае выйсьце ў тым, каб зьмяніць гэты склад Вярхоўнага Савету, але законным шляхам».
Выступоўцы заклікалі Вярхоўны Савет прызначыць дату рэфэрэндуму, удзельнікі аднагалосна падтрымалі наказ дэпутатам, у якім казалася, што калі «Вярхоўны Савет груба парушыць правы амаль паўмільёна грамадзян Беларусі, адмовіцца прызначыць дату рэфэрэндуму або прыме дэмагагічныя палавіністыя рашэньні пра зьмену фармулёўкі пытаньня рэфэрэндуму, пра новыя выбары ў 1994 годзе або нешта падобнае — тады гэты Вярхоўны Савет становіцца незаконным, становіцца ўзурпатарам улады, і мы заклічам усіх дэпутатаў апазыцыі, усіх сумленных дэпутатаў, хто застаецца верны свайму народу, спыніць удзел у калектыўнай працы ВС і распачаць стварэньне паралельных органаў улады. Вас падтрымае і беларускі народ, і сусьветная грамадзкая думка».
«Апошні мітынг на плошчы Незалежнасьці паказаў, наколькі Фронт папулярны ў народзе. І зьдзеклівыя справаздачы пра яго ў прэсе сьведчаць шмат пра што», — пракамэнтаваў адносную нешматлюднасьць мітынгу дэпутат Аляксандар Лукашэнка («Белорусская нива», 22 кастрычніка 1992).
Але ня ён адзін.
«Народ разабраўся, хто ёсьць хто», — сказаў Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію, якое прагучала па радыё праз два дні, перад адкрыцьцём сэсіі. На словы карэспандэнта, што дэпутаты БНФ у выпадку, калі пытаньне пра рэфэрэндум ня будзе пастаўлена ў парадак дня першым, пакінуць Авальную залю, Шушкевіч сказаў: «Калі нехта кажа, што ён выступае ад імя народу і што дзеля народу ён выйдзе з залі, калі будзе абмяркоўвацца пытаньне, як палепшыць дабрабыт народу, то, прабачце мне, гэта — не народныя дэпутаты, гэта — пры-народныя дэпутаты».
Сэсія пачалася 20 кастрычніка. Пытаньне аб рэфэрэндуме было ўключана ў парадак дня, хоць і ня першым. Таксама ўключылі пытаньне аб скасаваньні рашэньня аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС — мы, дэпутаты апазыцыі, спрабавалі не дапусьціць гэтага, сталі каля мікрафонаў, але Шушкевіч спыніў спрэчкі і ня даў усім выступіць. У роспачы я ляпнуў рукой па пюпітры — якраз калі старшыня паставіў пытаньне на галасаваньне, атрымалася, што прагаласаваў «за». Давялося адразу ж пісаць заяву ў сакратарыят сэсіі, каб мой голас ня быў залічаны. Але гэта ня мела значэньня — галасоў у парлямэнцкай большасьці хапала.
Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»