Ляўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча сёлета стаў свабодавец Зьміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы».
Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у студзені 1995 году. Першым старшынём журы быў народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. Сёлета вызначаны 16-ы ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча.
Уладзімер Арлоў, які добра ведаў Алеся Адамовіча і ня раз выступаў разам зь ім, кажа, што Адамовіч быў ня толькі выбітным пісьменьнікам — ён шмат чаго прадказаў: крывавыя падзеі ў Вільні, тое, што КПСС вось-вось сыдзе. На думку спадара Арлова, асоба Адамовіча была вышэйшая за ягоныя творы. Адамовіч пайшоў у палітыку, працаваў у «Мэмарыяле», выступаў на мітынгах. Памёр заўчасна, падчас суду, што таксама сымбалічна. А ў 1995 годзе была заснаваная прэмія ягонага імя.
Сёлета прэмія ўручаецца дзякуючы нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч. А хто стане ляўрэатам, вызначае Рада Беларускага ПЭН-цэнтру.
Уладзімер Арлоў спачатку дастаў кнігу «Чорны пісталет», а потым абвясьціў пераможцу — Зьмітра Бартосіка за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».
Рада ПЭН-цэнтру прагаласавала за Бартосіка яшчэ да таго, як ён стаў ляўрэатам прэміяў за мэмуарную літаратуру — імя Стагановічаў — і імя Гедройця.
Дачка Алеся Адамовіча Натальля заўважыла, што Бартосік зрабіў цудоўнае падарожжа ў Глушу, на радзіму бацькі, і падаравала яму дзьве бацькавы кнігі.
Бартосік падзякаваў за кніжную сэрыю дырэктару Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку, Валеру Каліноўскаму, які прыдумаў перадачу «Падарожжы Свабоды», рэдактарцы радыёпраграмы Алене Радкевіч — «жанчыне са стальнымі нэрвамі», рэдактару кнігі Сяргею Дубаўцу, сваёй жонцы Тацяне.
Раней за гэтую ж кнігу Бартосік быў уганараваны прэміяй за мэмуарную літаратуру імя Стагановічаў і прэміяй Ежы Гедройця.
У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся «свабодаўцы» Валянцін Жданко, Віталь Цыганкоў, Сяргей Дубавец, Міхась Скобла, Сяргей Шупа, Ганна Соўсь, Віталь Тарас, Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў (за «Імёны Свабоды»).
Прэміяй імя Алеся Адамовіча былі ўганараваныя Генадзь Бураўкін, Уладзімер Някляеў, Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Валер Булгакаў, Валянцін Акудовіч, Аляксандар Тамковіч, Аляксандар Фядута ды іншыя. У ліку першых ляўрэатаў прэміі імя Адамовіча быў Павал Шарамет.