Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр паэт Алесь Каско, былы кіраўнік Берасьцейскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў


Алесь Каско, архіўнае фота
Алесь Каско, архіўнае фота

26 лістапада ад анкалягічнай хваробы памёр паэт Алесь Каско. Праз два тыдні яму споўнілася б 66 гадоў.

Алесь Каско — аўтар паэтычных зборнікаў «Вестка», «Скразная лінія», «Набліжэньне», «45», «Трохкроп’е», «Свой камень», «Нічога больш», «Прыадхінуты небасхіл». За зборнік паэзіі «Час прысутнасьці», які выйшаў у 1994 годзе, паэт быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова. У 2001 годзе стаў першым ляўрэатам Мядовай літаратурнай прэміі.

Нарадзіўся Алесь Каско ў 1951 годзе ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёну. Першы ягоны верш «Пралескі» зьявіўся ў ганцавіцкай раёнцы ў 1968 годзе.

Скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут імя Пушкіна, аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры. Адслужыў у войску. Пасьля дэмабілізацыі вярнуўся ў вёску, стаў настаўнікам у роднай школе. Працаваў карэспандэнтам у жабінкаўскай раённай газэце «Сельская праўда», на Берасьцейскім абласным тэлебачаньні. Сябар Саюза беларускіх пісьменьнікаў, адказны сакратар Берасьцейскай філіі.

Берасьцейскі паэт Мікола Пракаповіч і Алесь Каско цягам 30 гадоў працавалі разам у літаратурна-драматычнай рэдакцыі Берасьцейскага тэлебачаньня, сябравалі. Пракаповіч расказвае пра памерлага сябра:

Мікола Пракаповіч
Мікола Пракаповіч

«Некалі ў Алеся Пісьмянкова быў такі артыкул у „ЛіМе“ — „Думаць вершы“. Гэтыя два Алесі сябравалі, і пра творчасьць Алеся Каско можна сказаць „Думаньне вершамі“. Чыста эмацыйных вершаў у яго, бадай, проста не было. Эмоцыя магла быць штуршком нейкім да верша. Але галоўнай для яго была думка: дзеля чаго, што я хачу сказаць гэтым вершам. Зразумела, гэта была ня проста нейкая публіцыстычная думка, а думка, аформленая вобразамі, мэтафарамі, якія бяруць чалавека за жывое. Гэта было паэтычнае слова, гэта была Паэзія зь вялікай літары.

Мы неяк праз інстынкт самазахаваньня пабойваемся гаварыць пра адыход. Алесь ужо ў даволі сталым узросьце, з гадоў 45, вельмі часта зьвяртаўся да гэтай тэмы. Я ня думаю, што гэта была боязь адыходу — гэта быў роздум, гэта быў клопат пра тое, што ён пакіне пасьля сябе, якой ён хоча бачыць сваю радзіму, паэзію, літаратуру, сяброў. Гэта быў роздум чалавека неабыякавага да таго, што застанецца пасьля яго. Я думаю, што пасьля сыходу Алеся Каско застанецца Паэзія зь вялікай літары, паэзія вельмі моцная, паэзія думная, паэзія інтэлектуальная. Вечная памяць яму».

Празаік Павал Ляхновіч зь Пінску ўспамінае пра Алеся Каско:

Павал Ляхновіч
Павал Ляхновіч

«За апошнія пару тыдняў я страчваю ўжо чацьвёртага сябра... Мы пазнаёміліся з Алесем у 1989 годзе. Тады ў Пінск прыехалі Алесь Каско, Рыгор Бакіевіч, мастак Мікола Сьвістуновіч, Мікола Шаляговіч, які схіляў нас ствараць у рэгіёнах суполкі Беларускага народнага фронту. Мы сядзелі ў мяне дома, спрачаліся, і тут я ўпершыню ўбачыў Алеся. Ён тады мне падараваў сваю кніжачку з надпісам, яна цяпер перада мной: „Паўлу Ляхновічу, капітану добрых хлопцаў, у дзень знаёмства, з надзеяй на новыя сустрэчы, на сумесную працу, на еднасьць. Жыве Беларусь! Пінск, 13 кастрычніка 1989 году“.

Алесь быў тады старшынём Берасьцейскай філіі Саюза пісьменьнікаў. На пачатку 1990-х я дасылаў свае сьмелыя спробы пісаць, ён вельмі тактоўна мяне папраўляў, далікатна, прыязна. І ў тым, што я крыху пішу, гэта і ягоная заслуга, ягоная дапамога. Ён быў вельмі цікавы, абазнаны, дасьведчаны суразмоўца. Мы не былі вельмі блізкімі сябрамі, але прынамсі мне зь ім было вельмі прыемна, камфортна кантактаваць. Вельмі шкада. Вечная памяць».

У Алеся Каско засталіся жонка і дарослыя дзеці — Вольга і Вадзім. 27 лістапада яго пахаваюць ў Жабінцы, дзе ён жыў апошнія гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG