Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі напісаў падручнік для школьнікаў, які «не прыніжае беларускую літаратуру»


Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Пад грыфам прыватнага выдаўца Зьмітра Коласа выйшла кніга «Словы і вобразы». Яе аўтар — перакладчык і выкладчык Лявон Баршчэўскі — вызначае жанр выданьня як аўтарскі падручнік па літаратуры для школьнікаў, але насамрэч гэта цудоўная чытанка для ўсіх, хто цікавіцца скразным кантэкстам усясьветнага літаратурнага працэсу.

Квінтэсэнцыяй кнігі можна лічыць зьмешчаны ў ёй верш слыннага паэта Алеся Салаўя:

Пачні з Гамэра, ці пачні з Сакрата:
Паэмаў — безьліч, філязофаў — цьма.
А хто нячутых зыкаў струны кратаў?
Няўжо такіх шчэ не было й няма?
Былі — іх слова ў сьвеце не прапала
І не лягло ў згібеньні на таку.
І несьмяротны будучы Купала
Гамэру цісьне — бачу я — руку.

«Словы і вобразы» займальна распавядаюць пра ўсе найгалоўнейшыя этапы руху літаратуры ў гісторыі. І да кожнага аўтар падабраў найлепшыя ўзоры зь беларускіх твораў, злучыўшы гэткім чынам няспынны творчы працэс у адзінае цэлае. У гэтым прынцыпе новае кнігі — адна з галоўных яе вартасьцяў.

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

​Чым жа гэтае выданьне адрозьніваецца ад афіцыйных школьных падручнікаў? Лявон Баршчэўскі тлумачыць:

«Па-першае, зьместам, паколькі яна дае шырокі кантэкст, дзе няма прыніжэньня беларускай літаратуры. Яна стаіць побач з усясьветнай, яна раўнапраўная. І яна ня горшая, калі браць яе найлепшыя праявы. І па-другое, інтэграванасьцю. Тут уся літаратура — адзін прадмет.

І ня проста літаратура, а літаратура і мастацтва нават аб’яднаныя ў адно. І гэта шлях, якім рана ці позна пойдзе ўся беларуская школа, таму што гэта абсалютна няправільна, што існуюць розныя літаратуры ў розных прадметах. Павінен быць адзін прадмет. Тады гэта сыстэмныя веды, няма блытаніны. Гэта вялікая эканомія часу, бо адны і тыя ж, скажам, тэарэтычныя тэрміны вывучаюцца на ўроках расейскай літаратуры і на ўроках беларускай. А чаму? Да таго ж губляецца час, які і так дарагі, якога і так не хапае настаўніку».

Выдадзеная кніга — ня першая падобная ў шматгадовай працы выкладчыка літаратуры Беларускага гуманітарнага ліцэя і перакладчыка з больш чым дзесяці моваў Лявона Баршчэўскага. Да гэтага ён выступаў суаўтарам выданьняў «Словы ў часе», «Словы ў часе і прасторы», «Беларуская літаратура і сьвет», у якіх беларуская літаратура разглядаецца як неад’емная частка усясьветнага літаратурнага працэсу.

Гэта няспынная праца па ўдасканаленьні, кажа Баршчэўскі. Ён спадзяецца, што ў наступным годзе выйдуць новыя ягоныя аўтарскія падручнікі па гісторыі усясьветнай літаратуры, якія стануць даступныя ўсім зацікаўленым чытачам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG