Прэзыдэнт Зымбабвэ Робэрт Мугабэ абвесьцаў пра адстаўку. Ліст пра гэта зачытаў сьпікер парлямэнта краіны. Мугабэ кіраваў Зымбабвэ 37 гадоў. Раней 21 лістапада парлямент пачаў працэдуру яго імпічмэнту.
У звароце Мугабэ гаворыцца, што ён гатовы добраахвотна пакінуць пасаду, каб забясьпечыць мірную перадачу ўлады. Пры гэтым у лісьце не сказана, хто павінен узначаліць краіну, адзначае Reuters.
На мінулым тыдні кіроўная ў Зымбабвэ партыя ЗАНУ-ПФ дала Мугабэ час да паўдня 20 лістапада, каб ён адмовіўся ад пасады прэзыдэнта, бо інакш супраць яго распачнецца працэдура імпічмэнту.
93-гадовы Робэрт Мугабэ — адзіны кіраўнік, якога краіна ведала ад моманту здабыцьця незалежнасьці ў 1980 годзе. У наступным годзе ён зьбіраўся пераабірацца на новы тэрмін. У гэтым выпадку Мугабэ заставаўся б ва ўладзе да 99 гадоў, што цалкам адпавядае яго плянам дажыць да 100-гадовага юбілею.