Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя. Павал Аляксюк


Павал Аляксюк
Павал Аляксюк

Аляксюк Павал Паўлаў. Нарадзіўся 28.11.1892 г. Месца нараджэньня дакладна не вядомае. Дата і месца сьмерці невядомыя. Месца пахаваньня невядомае.

Да беларускага руху Павал Аляксюк далучыўся падчас вучобы ў Горадзенскай гімназіі. Ён быў віцэ-старшынёю Горадзенскага гуртка беларускай моладзі, у які ўваходзілі Л. Сівіцкая, Я. Чарапук, У. Чаржынскі ды інш. У 1915 стаў сузаснавальнікам Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і яго паўнамоцным прадстаўніком на Горадзеншчыне.

Неўзабаве пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, на Зьезьдзе беларускіх арганізацый (25–27.03.1917, Менск) Алексюка абралі спачатку віцэ-старшынёю гэтага форуму, а потым сябрам прэзыдыюму Беларускага Нацыянальнага Камітэту. 25.03, перад Зьездам, адбылася канфэрэнцыя арганізацый Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якая абрала Алексюка сябрам Часовага Бюро партыі, у задачу якога ўваходзіла скліканьне партыйнай канфэрэнцыі або зьезду. Аднак у траўні 1917 Аляксюк памяняў сваю партыйнасьць і стаў сябрам Беларускай народнай партыі сацыялістаў. На зьезьдзе беларускіх партый і арганізацый (ліпень 1917 г.) ён выступаў як апанэнт дзеячаў БСГ. Перад Усебеларускім зьездам Аляксюк стаў сябрам Вялікай Беларускай Рады, кіраўніком яе эканамічнага загаду.

Актыўны ўдзельнік Усебеларускага Зьезду, дзе дамінавалі людзі левых перакананьняў, Аляксюк ня меў шанцаў быць абраным у яго Раду. Аднапартыец Р. Скірмунта, у лютым 1918 ён стаў сакратаром Менскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва. Узначальваў выдавецкае таварыства «Заранка», якое з 8.03 выдавала газэту «Беларускі Шлях». 12.04 яго ў ліку іншых сябраў Прадстаўніцтва кааптавалі ў склад Рады БНР. З 1.05.1918 Аляксюк уваходзіў у сэньёрэн-канвэнт Рады ад фракцыі цэнтру. Два тыдні ён быў сябрам Ураду БНР: 9.07 Рада зацьвердзіла яго на пасадзе кіраўніка спраў у кабінэце Скірмунта. У жніўні 1918 увайшоў у міжнародную камісію Рады.

Калі ўвосень 1918 кабінэт А. Луцкевіча (празь Беларускую Раду ў Вільні) дасягнуў часовага кампрамісу зь Літоўскай Тарыбай, Аляксюк кароткі час быў камісарам літоўскага ўраду ў Ашмянскім павеце.

У студзені 1919 Аляксюк — адзін зь сябраў Беларускага Горадзенскага Камітэту, які правёў Краёвы Беларускі Зьезд Горадзеншчыны. 16.03 ён быў прызначаны камісарам Рады Народных Міністраў БНР на Горадзеншчыну, а 19.03 узначаліў Цэнтральную Беларускую Раду Горадзеншчыны. 25.05 пры наяўнасьці Беларускай Рады зь яго ініцыятывы ў Вільні створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт. У літаратуры ёсьць зьвесткі, што ў чэрвені 1919 Аляксюк разам з Т. Вернікоўскім і сябрам Горадзенскай губэрнскай беларускай управы Уладзімерам Зянковічам езьдзіў у Варшаву. Паездка гэтых дзеячаў была інтэрпрэтаваная польскім афіцыёзам як просьба беларускага народу аб далучэньні да Польшчы.

Польскія акупанты далі дазвол на правядзеньне зьезду Віленшчыны і Горадзеншчыны ў спадзяваньні, што ён стане прапольскай акцыяй, скіраванай супраць ураду Луцкевіча. Аляксюк меў надзею стаць на чале прадстаўнічага органу, абранага зьездам, але яго абралі толькі сябрам Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Горадзеншчыны.

2.08 ЦБРВіГ стварыла вайсковую камісію, якая са згоды польскіх уладаў была ў верасьні пераўтворана ў Беларускую Вайсковую Камісію. У лістападзе Аляксюк стаў кіраўніком БВК. У чэрвені таго самага году разам з С. Лянкоўскім і А. Уласавым ён увайшоў у часовы арганізацыйны камітэт клюбу «Беларуская Рэспубліканская Сувязь», які меў на мэце аднаўленьне дзяржавы ў межах ВКЛ з апорай на Польшчу (так званая Беларуска-Літоўская Дэмакратычная Рэспубліка).

Чарговым этапам палітычнай біяграфіі Алексюка была яго супраца з С. Булак-Балаховічам. Ён стаў фактычным кіраўніком Беларускага Палітычнага Камітэту — своеасаблівага ўраду пры арміі генэрала. Як пісаў Р. Зямкевіч, інтрыгі Барыса Савінкава і Алексюка шмат у чым пашкодзілі Булак-Балаховічу, а М. Дзямідаў успамінаў, што сярод афіцэраў-беларусаў высьпела была думка забіць Алексюка.

Пасьля няўдачы акцыі Булак-Балаховіча Аляксюк перабраўся ў Вільню, якая на кароткі час стала сталіцай Сярэдняй Літвы, створанай палякамі квазідзяржавы. У красавіку 1921 ён узначаліў «Беларускую краёвую сувязь», разам з аднадумцамі выступаў за аўтаномію Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Аднак і гэты праект быў асуджаны на няўдачу.

У 1922 г. Аляксюк, як ён сам пісаў, адышоў ад палітычнага жыцьця «з прычыны таго, што беларуская палітычная плынь была апанавана лягерам іншай ідэалёгіі».

Не давучыўшыся ў свой час на юрыдычным факультэце Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту, ён давучваўся ва ўнівэрсытэце імя Сьцяпана Батуры ў Вільні. Атрымаўшы дыплём, стаў адвакатам і жыў у Наваградку. Пэўны час быў намесьнікам старшыні Наваградзкай павятовай управы Таварыства беларускай школы, а ў 1929 яго абралі ў Наваградзкую гарадзкую раду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG