Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Менскім форуме» чакаюць міністраў замежных спраў ФРГ і Беларусі


Архіўнае фота. Менскі форум у 2016 годзе
Архіўнае фота. Менскі форум у 2016 годзе

З 16 па 18 лістапада ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў пройдзе XV Менскі форум «Беларусь, Нямеччына і ЭЗ: Усходняе партнэрства, грамадзянская супольнасьць і эканамічныя адносіны».

Для ўдзелу ў ім запрошаны міністар замежных спраў ФРГ Зігмар Габрыэль, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, а таксама прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу.

«Ад моманту свайго заснаваньня ў 1997 годзе Менскі форум заўсёды быў індыкатарам адносінаў паміж Беларусьсю, Нямеччынай і Эўразьвязам. Калі абодва міністры замежных спраў Нямеччыны і Беларусі прымуць запрашэньне на XV Менскі форум, гэта, безумоўна, стане добрым знакам для маючага адбыцца саміту Ўсходняга партнэрства ЭЗ», — сказаў заснавальнік і старшыня Менскага форуму Райнэр Лінднэр.

Чакаецца, што ў форуме возьмуць удзел больш за 250 дыпляматаў, палітыкаў, бізнэсоўцаў, прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый зь Беларусі, Нямеччыны і ЭЗ. Яны абмяркуюць пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве Эўразьвязу, магчымасьці рэгіянальнага супрацоўніцтва, эканамічныя тэндэнцыі ў Беларусі, шанцы на ўступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, пэрспэктывы бязьвізавага рэжыму паміж Беларусьсю і ЭЗ, а таксама магчымасьці для супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі і грамадзкімі суб’ектамі.

Першы Менскі форум прайшоў 20 гадоў таму. З 1997 года яго праводзіць арганізацыя «Нямецка-беларускае таварыства». Сёлетні XV Менскі форум падрыхтаваны ў партнэрстве з Фондам імя Конрада Адэнаўэра (KAS), Фондам імя Фрыдрыха Эбэрта (FES), Фондам нямецка-польскага супрацоўніцтва, Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханэса Раў (IBB), Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) і «Офісам эўрапейскай экспэртызы і камунікацый». Форум пройдзе пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў ФРГ і амбасады ФРГ у Беларусі.

Папярэдні «Менскі форум» адбыўся ў лістападзе 2016 года пасьля пяцігадовага перапынку. Гэтаму спрыяла паляпшэньне стасункаў Беларусі з Эўразьвязам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG