Журналіст Зьміцер Ягораў узяў удзел у Атэнскім клясычным маратоне ў Грэцыі, гісторыі якога больш за 2,5 тысячы гадоў. Яна зьвязаная з паданьнем пра грэцкага героя Фідыпіда, які бег з навіною ад Маратона да Атэнаў, каб абвясьціць аб перамозе грэкаў над пэрсамі. Учынак Фідыпіда скончыўся для яго трагічна, ён памёр на фінішы.
Атэнскі клясычны маратон лічыцца адным з самых складаных.
Зьміцер Ягораў прабег 42 кілямэтры за 4 гадзіны 17 хвілінаў 33 сэкунды. На 16.45 менскага часу беларус быў на 5 476 месцы. Сёлета ў забегу прымаюць удзел каля 18 500 чалавек.
«З сабою я ўзяў наш сьцяг, бо ён дадае сілы на апошніх кілямэтрах. Калі яго разгортваеш, то разумееш, што застаецца толькі адное — наперад. Забываешся на момант на боль, стому. Гэта вельмі хвалюючы момант для мяне», — распавёў Свабодзе Зьміцер Ягораў.
Зьміцер Ягораў працуе на Белсаце. Ён вядзе блог, у якім дзеліцца досьведам, як пачаць бегаць з нуля.
Ён быў не адзіным беларусам у Атэнскім клясычным маратоне. У ім бралі ўдзел і сябры менскага клубу «I run». Сярод удзельніц маратону была і мянчанка Крысьціна Вязоўская, якая апісвала прабег у сваім Фэйсбуку.
«Самыя складаныя 10 км беглася перабежкамі, а потым ішлося, бо на кожным удыху хацелася ванітаваць. І так паўтары гадзіны. Мой час — 5 гадзін 58 хв. 14 сэкундаў. Але гэта выдатны час, вельмі шмат забіралі і на хуткіх дапамогах, і на аўтобусах», — распавяла яна Свабодзе.