Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве мае зьявіцца вуліца генэрала Булак-Балаховіча


Станіслаў Булак-Балаховіч сярод жаўнераў Асобнага атраду БНР
Станіслаў Булак-Балаховіч сярод жаўнераў Асобнага атраду БНР

У Варшаве, у рамках дэкамунізацыі публічных назваў, мае зьявіцца вуліца генэрала Станіслава Булак-Балаховіча (1883–1940).

Цяпер гэтая вуліца, якая знаходзіцца ў квартале Вавэр у правабярэжнай частцы Варшавы, носіць імя Браніслава Вэсалоўскага (1870–1919), камуністычнага дзеяча і ўдзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Згодна з распараджэньнем мазавецкага ваяводы Зьдзіслава Сіперы , у сталіцы Польшчы неўзабаве будуць зьменены назвы 47 вуліц.

Паводле польскага закону з 1 красавіка 2016 году пра забарону прапаганды камунізму або іншага таталітарнага ладу праз назвы публічных аб’ектаў, гэтыя назвы меліся быць зьмененыя да 2 верасьня 2017 году адпаведнымі органамі самакіраваньня польскай сталіцы. У выпадку, калі такое не адбываецца, закон дае права памяняць назвы ў Варшаве кіраўніку выканаўчай улады Мазавецкага ваяводзтва.

Станіслаў Булак-Балаховіч — беларускі, польскі і расейскі вайсковы дзяяч. Афіцэр кавалерыі Расейскай імпэратарскай арміі, генэрал-маёр Белай арміі, генэрал Асобнага атраду БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 г., удзельнік грамадзянскай вайны ў Гішпаніі на баку генэрала Франка. Пасьля акупацыі Польшчы Трэцім Райхам спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з нацысцкімі акупантамі, удзельнічаў у абароне Варшавы. Быў забіты ў Варшаве 10 траўня 1940 нямецкім патрулём. Месца ягонага пахаваньня невядомае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG