Беларускі ўпершыню дайшлі да вырашальнай стадыі неафіцыйнага чэмпіянату сьвету, а вось амэрыканкі — 17-разовыя ўладальніцы ганаровага трафэю.
Вызначылася, што сустрэча пачнецца двубоем Аляксандры Сасновіч і Кока Вандэвэге. Тэнісісткі выйдуць на корт «Чыжоўкі-Арэны» 11 лістапада а 14.30.
У гэты ж дзень сустрэнецца іншая пара суперніц — Арына Сабаленка і Слоўн Стывэнс.
На наступны дзень 12 лістапада Арына Сабаленка згуляе з Кока Вандэвэге (пачатак а 14-й), пасьля на корт выйдуць Аляксандра Сасновіч і Слоўн Стывэнс.
У парным паядынку сыйдуцца зь беларускага боку Вера Лапко/Лідзія Марозава, з амэрыканскага — Элісан Рыске/Шэлбі Роджэрс.
Былая першая ракетка плянэты Вікторыя Азаранка ў Менск не прыехала з прычыны судовага працэсу з былым цывільным мужам за апеку над агульным сынам.
Як вынікае з рэйтынгу тэніснай фэдэрацыі, амэрыканкі знаходзяцца істотна вышэй за беларусак.
Беларусь. Арына Сабаленка (78 месца ў адзіночным рэйтынгу), Аляксандра Сасновіч (87), Вера Лапко (131), Лідзія Марозава (478).
ЗША. Кока Вандэвэге (10-я пазыцыя ў сусьветным рэйтынгу), Слоўн Стывэнс (13), Шэлбі Роджэрс (59), Элісан Рыске (70).
Паводле арганізатараў, на «Чыжоўцы-Арэне» чакаецца аншляг, усе квіткі распрададзеныя за тыдзень. Арэна зьмяшчае амаль 9 тысяч гледачоў.