Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вытворцы гатовыя раскрыць састаў цыгарэтаў: «У Расеі выкарыстоўваюць „хімію“, мы — не»


Belarus - Festival Last cigarette, Minsk, 25may2015
Belarus - Festival Last cigarette, Minsk, 25may2015

Расейскія вытворцы тытуню пратэстуюць супраць новых заканадаўчых нормаў, якія патрабуюць ад іх раскрываць састаў цыгарэтаў, уключна з харчовымі дабаўкамі. Свабода пацікавілася ў беларускіх чыноўнікаў і вытворцаў тытуню, як яны ставяцца да раскрыцьця саставу прадукцыі і ці выкарыстоўваюць у Беларусі сынтэтычныя дабаўкі пры вырабе цыгарэтаў.

Расейскія вытворцы ня хочуць раскрываць састаў тытунёвых вырабаў

Расейскія вытворцы тытуню зьвярнуліся да свайго ўраду з просьбай захоўваць у тайне састаў цыгарэтаў. Пра гэта гаворыцца ў лісьце асацыяцыі «Табакпром» і Рады ў пытаньнях разьвіцьця тытунёвай прадукцыі да расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева, паведамляе РБК.

Яны выступаюць за дадатковае абмеркаваньне Канцэпцыі дзяржпалітыкі супраць спажываньня тытуню на 2017-2022 гады, распрацаванай Міністэрствам аховы здароўя. Тытунёвыя кампаніі ў Расеі ня згодныя з патрабаваньнем адносіць інфармацыю пра састаў тытунёвых вырабаў да зьвестак, якія не складаюць камэрцыйнай тайны.

Яны адзначаюць, што інфармацыя пра спалучэньне інгрэдыентаў «ахоўваецца заканадаўствам на нацыянальным, эўрапейскім і міжнародным узроўні». А дадатковыя патрабаваньні да раскрыцьця інфармацыі пра інгрэдыенты «ўяўляюцца празьмернымі».

Таксама вытворцы тытуню ў Расеі выступілі супраць забароны на выкарыстаньне дабавак са смакам харчовых прадуктаў.

«У нас адзіны тэхнічны рэглямэнт»

Прадстаўніца «Белдзяржхарчпраму» Інэса Мінава сказала карэспандэнту Свабоды, што беларускія цыгарэты ня маюць харчовых дабавак.

«Мы працуем па адзіным мытным рэглямэнце — што Расея, што Беларусь. І патрабаваньні што на тэрыторыі Расеі, што на тэрыторыі Беларусі да вытворцаў аднолькавыя», — адзначыла яна.

ААТ «Гарадзенская тытунёвая фабрыка „Нёман“» зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам тытунёвых вырабаў у Беларусі. Яна экспартуе сваю прадукцыю ў 20 краін сьвету, у тым ліку ў Расею. Начальнік упраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці прадпрыемства Андрэй Паведайка таксама пацьвердзіў Свабодзе пра наяўнасьць адзінага тэхнічнага рэглямэнту на тытунёвую прадукцыю ў Беларусі і Расеі.

Калі ў Расеі будзе прынятае такое рашэньне, то і мы вымушаны будзем указваць усю інфармацыю

«У сувязі з гэтым аднолькавыя ўмовы і патрабаваньні да якасьці і маркіроўкі тытунёвых вырабаў. Але тое, што вы кажаце, наколькі мне вядома, — гэта толькі прадмет для абмеркаваньня. Але калі будзе прынятае такое рашэньне, то мы вымушаны будзем указваць усю інфармацыю, якая будзе патрабавацца. У любым выпадку мы будзем выконваць тое, што патрабуецца законам», — сказаў прадстаўнік «Нёмана».

Таксама Андрэй Паведайка запэўніў, што ніякіх сынтэтычных дабавак пры вырабе цыгарэтаў на прадпрыемстве не выкарыстоўваецца.

«Нам няма чаго таіць ад людзей»

Гендырэктар фабрыкі «Нёман» Юры Чарнышоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што беларускім вытворцам «няма чаго таіць ад людзей». Хоць састаў цыгарэтаў на пачках пакуль не пазначаецца, усе яны — без усялякіх Е.

— Калі ўказваць на пачку ўсё, што хочуць, то там месца наогул ня будзе. Там жа, паглядзіце, фатаздымкі гэтых лёгкіх, ад пачку ўжо нічога не засталося. Адзінае, што гэтае ўсё глупства павінна быць даступнае ў інтэрнэце ці дзе. А на пачку проста пісаць няма дзе. Альбо пісаць, калі выкарыстоўваюцца шкодныя «ешкі». Ну а ўсё напісаць, што там пэстыцыды, гэрбецыды, «ешкі», то наогул там месца не будзе.

— А калі расейцы пачнуць пазначаць састаў цыгарэт, як вы адрэагуеце?

— Мы напішам, вядома. Расея ж ужо прыняла рашэньне, каб былі фатаздымкі паводле рэглямэнту, мы ўжо іх клеім. У нас жа адзіны рэглямэнт. Для нас гэта не праблема.

Пачак цыгарэт з папярэджаньнямі
Пачак цыгарэт з папярэджаньнямі

— А цяпер можна недзе даведацца пра састаў вашых цыгарэтаў?

— Тытунь, араматызатар... Ну дзе можна паглядзець? Будзе закон, тады ўбачыце. А закону няма, то можаце толькі прыйсьці на фабрыку і даведацца.

— А гэта не зьяўляецца камэрцыйнай тайнай, як вы лічыце?

— Для іх (расейцаў) так, бо яны даюць такія дабаўкі, якія стымулююць залежнасьць. У нас няма такіх дабавак, і мы ня ведаем сакрэтаў.

— Гэта значыць, у беларускіх цыгарэтах наогул харчовыя дабаўкі не выкарыстоўваюцца?

— У нас не. Толькі цыгарэты KENT, Pall Mal, якія мы робім паводле кантракту, але яны прывозяць свае складнікі і мы ня ведаем іх хіміі.

— Ці мае эфэкт разьмяшчэньне на пачках малюнкаў супраць курэньня?

— Усё гэта лухта. Вось скажыце, што страшней: гарэлка ці тытунь? Чаму на гарэлцы гэта ня пішуць? А колькі мы людзей згубілі, бо сьпіліся. Усе вялікія людзі палілі: хто люльку, хто цыгару. І ўсе нармальныя. А калі б яны пілі так, як курылі, то пасьпіваліся б і мы не атрымалі такіх геніяў у сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG