У прыватнасьці, ён адзначыў, што вядуцца досыць плённыя дыскусіі з уладамі і прыватным сэктарам. І выклаў асноўныя высновы і рэкамэндацыі.
Пазыцыі МВФ і ўраду Беларусі супадаюць, толькі Менск рухаецца вельмі павольна
Сёлета эканамічны рост у Беларусі дасягне 1,7% і ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве будзе заставацца блізу 2%, калі ўрад ня пойдзе на дадатковыя захады і краіна стане ўразьлівай для шокаў. Аднаўленьне росту ў значнай ступені тлумачыцца паляпшэньнем вонкавых умоваў, а таксама намаганьнямі ўраду ў стабілізацыі, зробленымі на працягу апошніх 2,5 году.
Долман растлумачыў, што, у прыватнасьці, мае на ўвазе рэкордна нізкую інфляцыю, але адзначыў значныя рызыкі, зьвязаныя з наступствамі трох макраэканамічных крызісаў і нерэфармаванага дзяржсэктару.
У МВФ лічаць, што палітыка сацыяльнага адзінства, якая праводзіцца ўладамі, забясьпечыла высокую занятасьць і роўнасьць, але яна сфармавала перакосы і абмежаваньне разьвіцьця прыватнага сэктару.
Тры тэзісы Пітэра Долмана
Кіраўнік місіі Пітэр Долман адзначыў тры галоўныя моманты.
Па-першае, Беларусі трэба працягваць рэалізоўваць палітыку макраэканамічнай стабільнасьці, але бюджэтная палітыка і Нацбанк ня могуць пераадолець структурныя праблемы.
Па-другое, урад павінен больш хуткімі тэмпамі праводзіць глыбокія рэформы дзяржсэктару, а таксама стварыць умовы для прыватнага сэктару.
Па-трэцяе, важна забясьпечыць значную падтрымку тым, хто найбольш уразьлівы пры пераходзе на рынкавыя рэйкі, павысіць дапамогі па беспрацоўі, арганізаваць перакваліфікацыю кадраў.
«Гэта прыярытэт — павялічыць дапамогу па беспрацоўі і іншыя захады падтрымкі», — падкрэсьліў Пітэр Долман. На падтрымку найбольш неабароненых катэгорый МВФ рэкамэндуе Беларусі накіраваць ад 500 мільёнаў да 1 мільярда рублёў.
У выпадку выкананьня рэкамэндацый у сярэднетэрміновай пэрспэктыве эканамічны рост Беларусі магчымы на ўзроўні 4% і нават больш.
Рост замежнага і дзяржаўнага доўгу Беларусі
Непакоіць МВФ і рост замежнага і дзяржаўнага доўгу Беларусі. Замежны доўг МВФ ацэньвае прыкладна ў 75% ад ВУП, павышаны ўзровень дзяржаўнага доўгу — каля 60% ВУП. Некаторыя праекты ўраду вядуць да павелічэньня пазыкі, напрыклад праект будаўніцтва АЭС, адзначыў спадар Долман.
Што тычыцца магчымасьці аднаўленьня перамоваў аб праграме крэдытаваньня, Долман сказаў, што дзьверы для Беларусі заўсёды адчыненыя. «Магчымая дыскусія па любым пытаньні эканамічнай палітыкі», — адзначыў ён.
Паводле яго, у цэлым пазыцыі МВФ і ўраду Беларусі супадаюць, толькі Менск рухаецца больш павольна. І ў гэтым ёсьць пэўныя рызыкі.