Максім Мудроў пераклаў на беларускую мову раман Ісмаіла Кадарэ «Хроніка ў камені». Гэтая кніга лічыцца адным з самых вядомых твораў альбанскага пісьменьніка. А Кадарэ — зорка першай велічыні. Беларусы сталі першым народам Усходняй Эўропы, які зможа прачытаць гэтую кнігу жывога альбанскага клясыка на роднай мове.
У краінах з разьвітым кніжным рынкам зь перакладнікамі працуюць выдаўцы. Яны вывучаюць рынак, робяць замовы, ацэньваюць попыт, каб не змарнаваць ані цэнта. У гэтай кнігі гісторыя іншая. Твор спачатку пераклаў энтузіяст, а потым пачаўся «крыжовы шлях» да яе выданьня. Перакладнік быў зьдзіўлены, што патэнцыйныя выдаўцы цікавіліся, ці вырашана пытаньне аўтарскіх правоў. Гэтая важная дэталь стала для яго сюрпрызам. Але выдавец Андрэй Янушкевіч даў рады праблеме.
У гэтай сьвятой наіўнасьці перакладніка ёсьць велічэзны плюс для чытача. Раман Ісмаіла Кадарэ перакладаўся не дзеля каньюнктуры і грошай. Дзеля гэтага існуюць кнігі Дэна Браўна і Стыга Лярсана. Гэта плён вялікага захапленьня альбанскай літаратурай. Максім Мудроў — праграміст, сын пісьменьніка Вінцэся Мудрова. Пражыўшы ўсё жыцьцё ў Беларусі, Мудроў-старэйшы ўмудрыўся паралельна пражыць яго ў Альбаніі. Ягонаму захапленьню гэтай краінай і яе культурай 5 лістапада споўнілася паўвеку. Любоў да гэтай ня вельмі далёкай, але вельмі загадкавай краіны ён прышчапіў і сыну. Той перакладаў кнігу 3 гады. Ужо нават і бацька намаўляў кінуць. Альбанская мова — нялёгкая. І выбар «Хронікі ў камені» — гэта жаданьне галоўных беларускіх альбанафілаў даць беларускаму чытачу найлепшае, што створана на альбанскай мове.
Па-беларуску альбанская літаратура, можна лічыць, і не выходзіла. Пасьля раману Стэр’ё Спасэ «Афэрдзіта зноў у вёсцы» ў 1960 годзе ў беларускіх часопісах выйшла пару альбанскіх апавяданьняў і вершаў.
«Хроніку ў камені» Кадарэ напісаў у 1971 годзе. Гэта аўтабіяграфічны раман. Гэта аповед ад імя 11-гадовага падлетка-аўтара пра родны горад Дзіракастру падчас ІІ сусьветнай вайны. Гэта ня толькі родны горад Кадарэ. У Дзіракастры нарадзіўся Энвэр Ходжа, камуністычны лідэр Альбаніі, які кіраваў краінай ажно 44 гады. Гэтым зямляцтвам шмат хто ў Альбаніі тлумачыць спакойнае жыцьцё Кадарэ ў гады самай жорсткай дыктатуры. Але пра Ходжу пісьменьнік узгадвае ў рамане мімалётам.
Родны горад Кадарэ пераходзіць з рук у рукі, ад аднаго акупанта да іншага. Сёньня над ім лунае грэцкі сьцяг, а назаўтра італьянскі. Зьмены бываюць і па некалькі разоў на дзень. І нарэшце наступае нямецкая акупацыя Дзіракастры. Як жа ўсё гэта знаёма, праўда? У рамане ёсьць нават свой Мікіта Зносак. Раз ён Джорджа, другі раз — Ёргас, а потым і Юрген. Рыхтык пра Беларусь кніжка.
Крытыкі называюць гэты раман сюррэалістычным. Але беларускага чытача, пасьля ўсяго багажу нашай роднай літаратуры, гэтым красным слаўцом ня возьмеш. Паводле нашых мерак гэта вельмі рэалістычная гісторыя. Замяніце альбанскія імёны на беларускія і ўявіце, што вы чытаеце Кузьму Чорнага. Але формаю Кадарэ больш складаны. Нібыта глядзіцца чорна-белы фільм бяз музыкі, з доўгімі паўзамі. Месцамі няпроста. Гэта літаратурны арт-гаўз, але дасканала зроблены, дзе форма і зьмест тоесныя. Толькі няхай вас такая «рэкляма» не палохае. Не павінны палохаць чытача і выбухі бомбаў, стрэлы з аўтаматаў, забойствы. Найперш гэта кранальная гісторыя пра любоў вачыма дзіцяці.
І ёсьць ува мне шчымлівая радасьць: на сваёй мове я прачытаў гэтую кнігу яшчэ да таго, як па-расейску яе прачытаюць расейцы, а на сваіх мовах палякі, украінцы, літоўцы, латышы. Але найперш гэта радасьць ад дасканалай працы аўтара, і майстэрскай працы перакладніка.
«У гэтыя бурлівыя часы мы павінны любіць адно аднаго. І гэтая любоў абароніць нас», — гаворыць адзін з герояў кнігі. Гэта не банальнасьць і ня патас. У найстрашнейшыя часы галоўнае, што трымае пры жыцьці чалавека — гэта еднасьць душаў з каханымі і блізкімі.
На кожнай старонцы гэтай кнігі я адчуваў цеплыню роднага дому і бесклапотнае дзяцінства, якое забясьпечвалі дзіцяці блізкія. «Хроніка ў камені» — раман пра любоў да свайго гораду, да сваёй сям’і, сяброў, жанчын, да сваёй зямлі вачыма дзіцяці. Любоў без цынізму і разьліку.