Да Вітольда Ашурка, які ўсклаў сёньня да помніка Леніна ў Бярозаўцы вянок з прымацаванымі да яго чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат», прыйшлі міліцыянты, каб узяць тлумачэньні адносна яго ўчынку.
Міліцынты прыйшлі прыкладна а палове дзевятай увечары. Найперш запыталі — ці насамрэч ён усклаў гэты вянок да помніка Леніну. Ашурак гэтага не адмаўляў, але даваць тлумачэньні адмовіўся.
«Яны сказалі мне, што атрымалі паперы з Горадні на тое, каб мяне апытаць, але паколькі я адмовіўся даваць тлумачэньні, то і настойваць ня сталі і адразу пайшлі».
Вітольд Ашурак патлумачыў Свабодзе, што зрабіў гэта дзеля таго, каб нагадаць пра тыя мільёны людзей, якіх бальшавікі забілі. Вянок актывісты купілі ў краме.
«Палічылі, што кветкі будуць такому кату занадта, то кветкі састрыглі. Прымацавалі выявы чарапоў і надпіс "Гары ў пекле, кат". Дадалі трохі калючага дроту, каб было маляўніча. Калючы дрот — гэта сымбаль бальшавізму», — распавядае Ашурак. Пакінулі каля помніку і традыцыйныя для такога месца гвазьдзікі.
Паводле Ашурка, праз паўгадзіны нехта прыбраў вянок ад помніка Леніну.