Разам з Манафортам судзіць будуць і яго дзелавога партнэра Рыка Гейтса. Абодвум раней былі прад’яўленыя абвінавачаньні ў сэрыі цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў змове супраць ЗША і адмываньні грошай.
Судзьдзя Эмі Бэрман Джэксан прызначыла на панядзелак папярэднія слуханьні, на якіх будзе прынятае рашэньне аб тым, калі пачнецца працэс. Судзьдзя таксама пастанавіла, што Манафорт і Гейтс павінны заставацца пад хатнім арыштам. Джэксан распарадзілася, каб адвакаты абвінавачаных не абмяркоўвалі абставіны справы па-за межамі суду. Яна падкрэсьліла, што гаворка ідзе пра «крымінальны працэс», а не PR-кампанію.
У выпадку прызнаньня вінаватымі, Манафорта і Гейтса могуць асудзіць на доўгія тэрміны зьняволеньня, паведамляе «Голас Амерыкі».
Абвінавачваньні Манафорта і Гейтсу — гэта першыя вынікі працы спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера, які расьсьледуе ўмяшаньне Расеі ў амэрыканскія выбары.
Паводле вэрсіі сьледзтва, пададзенай на сайце Міністэрства юстыцыі ЗША, Манафорт і Гейтс схавалі мільёны даляраў. Сьцьвярджаецца, што ў пэрыяд з 2006 па 2015 год Манафорт атрымліваў грошы ад «Партыі рэгіёнаў» былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Для сыходу ад падаткаў Манафорт, паводле сьледзтва, выкарыстаў мноства афшорных кампаній — празь іх рахункі было праведзена больш за 75 мільёнаў даляраў. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што Манафорт «адмыў» больш за 18 мільёнаў даляраў. Гаворыцца, што Гейтс правёў праз афшорныя рахункі больш за тры мільёны даляраў.