Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзкім раёне паставілі помнік на магіле паўстанцаў Каліноўскага


Лідзкія актывісты ўстанавілі помнік паўстанцам 1863 году на месцы пахаваньня паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы Лідзкага раёну.

Паводле актывіста з горада Бярозаўкі Лідзкага раёну Вітольда Ашурка, помнік вырашылі паставіць на месцы пахаваньня паўстанцаў. 22 гады таму актывісты паставілі тут драўляныя крыжы, але яны за гэты час зьмянілі свой вонкавы выгляд.

«Мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне і вырашылі, што памяць пра нашых нацыянальных герояў, якія аддалі свае жыцьці за нашую незалежнасьць, павінна быць вечнай. А таму і сьцягнулі сюды камяні, каб зрабіць сапраўдны мэмарыял. Людзі павінны ведаць, дзе ляжаць нацыянальныя героі, і мець магчымасьць ушанаваць іх памяць. На гэтым месцы ляжаць паўстанцы з атраду Нарбута».

Ашурак таксама расказаў, што дзеля гэтага зладзілі талаку, а работы на камяні выканаў Максім Рунец зь Бярозаўкі.

«Максім вельмі талковы мастак і чалавек сапраўдны. Ён, дарэчы, калі мы да яго зьвярнуліся, сказаў, што сам хацеў прапанаваць нам такую справу. Мы вельмі задаволеныя ягонай працай».

У 1863 годзе паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы адбыўся бой паміж касінерамі атрада Нарбута ды расейскім войскам. Тут загінулі тры дзясяткі паўстанцаў. Да гэтага часу тут стаялі тры крыжы, адзін зь якіх захаваўся з 1929 году. Усе яны да сёлетніх Дзядоў былі адрэстаўраваныя.

Вітольд Ашурак таксама паведаміў, што некалі на гэтым месцы быў і камень з выгравіраванымі прозьвішчамі ўсіх, хто пахаваны. Але яго скралі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG