30 кастрычніка аднаго зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколу Статкевіча зноў затрымалі, але жонцы дагэтуль не паведамілі, калі ён мусіць выйсьці на волю. Верагодна, палітык правядзе за кратамі 5 сутак за акцыю 8 верасьня супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэньняў «Захад-2017».
За што яшчэ арыштоўвалі палітыка цягам гэтага года?
За марш абураных беларусаў 17 лютага Міколу Статкевіча арыштавалі на 5 сутак.
Напярэдадні Дня Волі 24 сакавіка Мікола Статкевіч быў выкрадзены і зьмешчаны ў СІЗА КДБ на трое сутак.
За дэманстрацыю бел-чырвона-белага сьцяга каля турмы на Акрэсьціна 30 сакавіка арыштавалі на 5 сутак. Для адбыцьця пакараньня ён быў затрыманы 26 жніўня непадалёк ад свайго дому.
За ўдзел у акцыі, якая праходзіла ў Менску 3 ліпеня, пакаралі арыштам на 15 сутак. Затрымалі ў Менску 22 верасьня пасьля пасяджэньня рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
За ўскладаньне на Вайсковых могілках кветак савецкім салдатам 8 траўня аштрафавалі на 50 базавых (1150 рублёў).