Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя. Вацлаў Іваноўскі


Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Іваноўскі

Іваноўскі Вацлаў. Нарадзіўся 25.05.1880 г. у ф. Лябёдка Лідзкага пав. Віленскай губ. (цяпер Шчучынскі р-н Горадзенскай вобл.). Забіты 7.12.1943 г. у Менску. Пахаваны на менскай Кальварыі.

Сыноў перадавога земляўласьніка і цывільнага генэрала Л. Іваноўскага згадваюць кожны раз, калі хочуць паказаць, як складана у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. адбываўся працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі тутэйшай шляхты. Першы і чацьвёрты сыны пана Іваноўскага сталі палякамі, трэці праславіўся як выдатны літоўскі біёляг, а другі, В. Іваноўскі, увайшоў у гісторыю беларускага вызвольнага руху. Як беларус Іваноўскі самавызначыўся даволі рана. Сярод вучняў 5-й варшаўскай гімназіі, якая дала Польшчы не аднаго дзяржаўнага дзеяча, ён быў адзін-адзіны, хто лічыў сябе беларусам.

Ня будзем пытацца, чаму ён самаідэнтыфікаваўся як беларус, адзначым іншае: пад яго ўплывам і дзякуючы яго дзейнасьці ня толькі этнічнымі, але і палітычнымі беларусамі сталі пачувацца тысячы жыхароў Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі. Гісторык Ю. Туронак характарызуе Іваноўскага як палітыка, які стараўся як мага выкарыстаць для беларусаў магчымасьці, якія давала тая ці іншая ўлада.

Іваноўскі быў першы, хто беларускай ідэі пачаў надаваць канкрэтныя арганізацыйныя формы. Яму належала ініцыятыва стварэньня першай палітычнай партыі Беларусі, ён быў сузаснавальнікам першай культурна-асьветнай арганізацыі (Круг беларускай народнай прасьветы і культуры), у 1903 ён выдаў першую ў ХХ ст. беларускую газэту «Свабода» і ў тым самым годзе распачаў беларускую кнігавыдавецкую справу. У 1906 ён надрукаваў першы беларускі лемантар ХХ ст. і ўзначаліў легальную выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1913 узначаліў Беларускае выдавецкае таварыства. Цяжка ўявіць, як разьвівалася б наша літаратура, калі б ня праца Іваноўскага. Сябар Цэнтральнага Камітэта Беларускай Сацыялістычнай Грамады, у 1906–1907 ён кіраваў яшчэ і нелегальным выдавецтвам «Грамада». Асабліва трэба адзначыць дапамогу, якую Іваноўскі аказваў Я. Купалу.

Выдавецкую дзейнасьць Іваноўскі спалучаў з навукова-пэдагагічнай. Выпускнік Тэхналягічнага інстытуту ў С.-Пецярбургу, у 1909 ён абараніў доктарскую дысэртацыю ў Мюнхэнскім політэхнічным тэхнікуме. Па вяртаньні ў Расею быў загадчыкам лябараторыяў і лектарам на Вышэйшых жаночых політэхнічных курсах і ў Тэхналягічным інстытуце. Працаваў таксама старшым спэцыялістам пры міністэрстве земляробства і выкладаў у Гандлёвай школе пры Таварыстве настаўнікаў. Аўтар шэрагу навуковых і навукова-папулярных публікацый у беларускім, расейскім і замежным друку.

У 1915, калі вайна набліжалася да Беларусі, Іваноўскі стаў сузаснавальнікам і першым кіраўніком Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, але неўзабаве разам зь Віленскім таварыствам сельскай гаспадаркі, у якім ён працаваў, мусіў эвакуавацца.

Падзеньне царызму прывяло да ажыўленьня вызвольнага руху на падрасейскай тэрыторыі Беларусі. Ужо 25–27.03.1917 у Менску прайшоў Зьезд беларускіх арганізацый. Іваноўскі, хоць на Зьезьдзе ён адсутнічаў, быў абраны сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту. У тр. 1918 Народны Сакратарыят запрасіў Іваноўскага ў Менск для кіраўніцтва камісіяй, якая мелася заснаваць у сталіцы БНР сярэднюю тэхнічную навучальную ўстанову зь лясным, сельскагаспадарчым і вінакурным аддзяленьнямі. Прыехаўшы ў Менск 3.06, Іваноўскі вёў актыўную асьветніцкую дзейнасьць. Ён быў выкладчыкам на заснаваных з ініцыятывы Т. Грыба 9-месячных беларускіх настаўніцкіх курсаў, выкладаў ён і ў першай грамадзкай школе для дарослых, якая працавала на сродкі хрысьціянскіх дэмакратаў. Разам з Я. Карскім і Б. Тарашкевічам ён увайшоў Краёвае вучэбнае апякунства (Беларускую школьную апеку) і наладжваў прафэсійна-тэхнічную адукацыю моладзі. Цалкам заканамерна, што ў лістап. Іваноўскі стаў міністрам асьветы ў кабінэце А. Луцкевіча.

Іваноўскі працягваў асьветніцкую працу і пад бальшавікамі, якія прыйшлі ў Менск у канцы 1918. У тр. 1919 яго арыштавалі і вывезьлі ў Смаленск. Вярнуўся ён у Менск 4.01.1920, а 18.01 ён быў ужо ў Варшаве, дзе меўся сустрэцца з Луцкевічам і Ю. Пілсудзкім. 22.01 інтэрнаваны палякамі Луцкевіч прызначыў яго ўрадавым кіраўніком унутранай працы ў Беларусі. Амаль празь месяц (26.02.1920) Іваноўскі стаў рэктарам Менскага беларускага пэдагагічнага інстытуту. Адначасна ён кіраваў працай Менскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Пасьля адстаўкі Луцкевіча, у сак. 1920, у Менск прыбыла польская дэлегацыя на чале з былым міністрам вонкавых справаў Л. Васілеўскім. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў Іваноўскі. Палякі не пайшлі насустрач незалежніцкім пажаданьням беларусаў. Паколькі польскія акупанты выкарыстоўвалі матэрыяльныя рэсурсы Беларусі, беларуская дэлегацыя патрабавала выдзеліць сродкі на арганізацыйную і асьветніцкую працу. Палякі задаволілі патрабаваньне часткова. Так зьявілася Цэнтральная Беларуская Каса. Загадваў ёю Іваноўскі. У тр.-чэрв. 1920 г. у сувязі з пачаткам польска-расейскіх мірных перамоваў Іваноўскі падпісаў мэмарыял ураду Польшчы з патрабаваньнем прызнаць незалежнасьць Беларусі ў яе этнаграфічных межах і дамагацца такога самага прызнаньня ад Расеі, а таксама дапусьціць беларускую дэлегацыю на мірныя перамовы. Гэтыя патрабаваньні былі адхіленыя.

У ліп. 1920 Чырвоная армія пайшла ў наступ, мэтай якога была Варшава. Іваноўскі выехаў у Вільню, а потым у Варшаву. Калі Войска Польскае ў выніку контрнаступу зноў акупавала частку Беларусі, Іваноўскі 11.09.1920 сустрэўся з Пілсудзкім. Разам з Тарашкевічам і А. Трэпкам ён ад імя БСДП зьвярнуўся да польскіх уладаў з заклікам не паўтараць мэтады і палітыку часу першае польскае акупацыі Беларусі.

Імкнучыся далучыць да Польшчы Вільню і Віленскі край, 8.10.1920 Пілсудзкі інсьпіраваў «бунт» літоўска-беларускай дывізіі Л. Жалігоўскага, у выніку якога зьявілася квазідзяржава Сярэдняя Літва. Кіраўніцтва Сярэдняй Літвы, дбаючы аб прыхільнасьці беларусаў да польскай справы, пайшло на пэўныя саступкі ім. Іваноўскі, як і іншыя сацыял-дэмакраты, вырашыў выкарыстаць гэта дзеля беларускай справы. У Часовай урадавай камісіі квазідзяржавы ён узначаліў дэпартамэнт забесьпячэньня^; пэўны час ён узначальваў і дэпартамэнт сельскай ды лясной гаспадаркі, а таксама асьветы, прывёўшы на працу ў гэтыя ведамствы не аднаго беларуса.

Лібэральная палітыка уладаў Сярэдняй Літвы доўжылася непрацяглы час. У сьнеж. 1920 Іваноўскі спыняе палітычную дзейнасьць. Ён вядзе грамадзкую працу, асаблівую ж увагу ён надае працы Віленскага саюзу каапэратываў. Аднак па меры таго, як набліжалася інкарпарацыя Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы, работа саюзу на ранейшых прынцыпах стала немагчымаю. Ужо на пачатку 1922 Іваноўскі становіцца прафэсарам Варшаўскага політэхнічнага інстытуту. Думае ён і пра беларускую школу. У 1923 часопіс «Крывіч» паведамляў, што Іваноўскі напісаў падручнік хіміі для сярэдніх школ і што рукапіс кнігі чакае выдаўца.

Калі пачалася ІІ сусьветная вайна, Іваноўскі пакінуў Варшаву. Нямецка-савецкая вайна засьпела яго на пасадзе прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту. Ужо ў ліп. 1941 ён узначаліў адноўлены Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні. У лістап. Іваноўскі стаў намесьнікам бурмістра беларускай сталіцы, а ў чэрв. 1942 генэральны камісар Беларусі В. Кубэ даў згоду на прызначэньне яго бурмістрам. Як успамінаў адзін сучасьнік, найвялікшым імкненьнем Іваноўскага была «арганізацыя якога-колечы жыцьця ў горадзе». У тым, што ў Менску не было голаду, пошасьцяў, працавалі бальніцы, прадпрыемствы, водаправод і каналізацыя, каля двух дзясяткаў школ і гарадзкі тэатар, — немалая заслуга Іваноўскага. Яго называлі бацькам гораду. Іваноўскі апынуўся ў цэнтры складанай палітычнай інтрыгі. Супраць яго інтрыгавалі некаторыя беларускія дзеячы. Але істотнаю была барацьба паміж міністэрствам акупаваных усходніх абшараў, якое прадстаўляў Кубэ, і ведамствам Г. Гімлера. 22.09.1943 СД рукамі савецкіх агентаў расправілася з Кубэ. Новым генэральным камісарам стаў начальнік СС і паліцыі К. фон Готбэрг, які неўзабаве заявіў, што Іваноўскага заб’юць самі беларусы. І яго сапраўды забілі беларусы —савецкія агенты, якія знаходзіліся «пад каўпаком» СД.

Да сьмерці Іваноўскага Менск ня бачыў такой масавай пахавальнай працэсіі. Яго, каталіка паводле першага хросту, а потым кальвініста, праводзіла ў апошні шлях праваслаўнае духавенства. Працяглы час яго магіла была ананімнаю. І толькі на пачатку 1990-х стала вядома, хто ляжыць пад крыжам. Пазьней быў усталяваны надмагільны помнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG