Адзін з удзельнікаў акцыі, актывіст прафсаюзу РЭП Рыгор Грык, мяркуе, што «рэпрэсіі, якія былі ў савецкі час, не перапыніліся і сёньня».
«Шмат сваякоў жыхароў Баранавічаў былі рэпрэсаваныя ў гэтым месцы, — кажа Рыгор Грык. — І мы кожную вясну і восень, шмат гадоў, ходзім сюды, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю каля крыжа ды памаліцца за ахвяраў рэпрэсій. У кожнага народу ёсьць месцы, дзе людзі шануюць загінулых нявінных людзей».
Грык лічыць, што чыноўнікі «павінны прыйсьці і пакаяцца перад гэтым крыжам». Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Ўладзімер Болбат выказаў шкадаваньне, што ўлады і камунальныя службы мала ўдзяляюць увагі гэтаму мэмарыяльнаму месцу.
У часе акцыі актывісты прымацавалі да крыжа сымбалічны вянок з калючага дроту з уплеценай бел-чырвона-белай стужкай.
Акцыя адбылася без інцыдэнтаў, супрацоўнікаў міліцыі не назіралася.
Крыж-помнік з надпісам «Ахвярам гвалту 1939-1953» знаходзіцца ў Баранавічах на месцы, дзе ў сталінскія часы была турма НКВД «Крывое кола». Ён быў пастаўлены ў 1992 годзе ў цэнтры Баранавічаў, аднак празь некалькі гадоў таемна перанесены ў сквер — туды, дзе была турма.
Паводле зьвестак баранавіцкага дасьледчыка архіваў Аляксандра Татаранкі, у турме «Крывое кола» ў 1939-1949 гадах былі забітыя некалькі тысяч чалавек.