Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая адвакатка Бахціна назвала палітычна матываваным скасаваньне яе ліцэнзіі


Ганна Бахціна
Ганна Бахціна

У Маскоўскім судзе прайшлі судовыя спрэчкі на працэсе, дзе разглядаецца скарга былой адвакаткі Ганны Бахціной да Мінʼюсту.

Ганна Бахціна ўпершыню заявіла, што пазбаўленьне яе адвакацкай ліцэнзіі і звальненьне з адвакацкай канторы зьвязана з тым, што яна добра бараніла фігуранта справы «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага.

Экс-адвакатка нагадала, як у сакавіку ў якасьці абаронцы Лазоўскага пачала заяўляць хадайніцтвы, якія ў выніку прывялі да зьняцьця зь яго абвінавачаньня ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў.

«Як аказалася, што ў аўтамабілі Лазоўскага апынуўся аўтамат без нумароў? І куды падзеўся той джып са зброяй, які нібыта прарываўся празь мяжу з Украінай? Усяго не магу расказаць, але ў выніку тое абвінавачаньне зьнялі. І тады зьявілася новае, пра ўзброенае фармаваньне, якое вартае таго самага. Толькі пры чым тут абаронцы? Калі ня ўмееце падкідваць аўтаматы, дык не рабіце скрайнімі адвакатаў», — сказала ў сваім выступе Ганна Бахціна.

Калі ня ўмееце падкідваць аўтаматы, дык не рабіце скрайнімі адвакатаў

Паводле яе, праверка адвакацкай канторы, дзе яна працуе, была зьвязаная з тым, што яна аказвала дапамогу Лазоўскаму.

Ганна Бахціна спаслалася на тое, што ня толькі яна, але і іншыя адвакаты, якія баранілі фігурантаў справы «Белага легіёну», былі выкліканыя на пазачарговую атэстацыю і не змаглі яе прайсьці зь першага разу:

«Спачатку праверку зладзілі ў Магілёўскай адвакатуры. Хіба гэта супадзеньне, калі ўлічыць, што гэта ў Магілёўскай вобласьці нібыта „бегалі па лясах са зброяй“ фігуранты справы „Белага легіёну“? Потым, у ліпені, праверка прыйшла да менскіх адвакатаў. Нас усіх хацелі запалохаць».

Ганна Бахціна не шкадуе, што заняла прынцыповую пазыцыю і абараняла свайго падабароннага Міраслава Лазоўскага гэтак, як ёй падказвалі «гонар, сумленьне і прафэсійны абавязак адваката».

«Мінʼюст разьлічваў, што нас запалохае, але пралічыўся. Але і я пралічылася, калі разьлічвала на салідарнасьць усіх калег па прафэсіі, — гэтага не атрымалася. Мяне, магчыма, падтрымліваюць усе, але большасьць зь іх шэптам. І ўсё ж лічу, што мой прыклад будзе карысны маладым адвакатам, яны навучацца сябе бараніць», — сказала Ганна Бахціна, выступаючы ў судовых спрэчках.

Мяне, магчыма, падтрымліваюць усе, але большасьць шэптам

Судовая пастанова па яе скарзе да Мінʼюсту будзе агалошаная 31 кастрычніка а 9 раніцы.

Ганна Бахціна праз суд дамагаецца адмены пастановы Мінʼюсту аб скасаваньні яе ліцэнзіі на падставе таго, што 12 верасьня кваліфікацыйная камісія вырашыла, што яна ня можа выконваць абавязкі адваката з прычыны нібыта нізкай кваліфікацыі.

У судзе зачыталі характарыстыку, якую Ганьне Бахціной далі ў Фрунзенскай адвакатуры, дзе яна працуе 25 гадоў. У характарыстыцы гаварылася, што яна ніколі ня мела спагнаньняў, на яе ніколі ня скардзіліся кліенты, супрацоўнікі судоў і сьледчых органаў.

«Да прафэсійнай дзейнасьці ставіцца як да пакліканьня», — пішуць пра Ганну Бахціну калегі-адвакаты.

Між тым кваліфікацыйная камісія пры Мінʼюсьце, якую ўзначальвае намесьнік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, вырашыла, што Ганна Бахціна не прайшла пераатэстацыі, бо не адказала на два пытаньні пра апошнія навацыі ў Крымінальным кодэксе і дапусьціла некалькі парушэньняў у справаводзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG