Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога кіраўніка кампаніі Трампа абвінавачваюць у справе ўмяшаньня Расеі ў выбары ў ЗША


Пол Манафорт
Пол Манафорт

The New York Times і CNN, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, паведамляюць, што ўлады ЗША прапанавалі былому кіраўніку кампаніі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Полу Манафорту здацца ўладам у сувязі з расьсьледаваньнем меркаванага ўмяшаньня Расеі на выбарах 2016 году і магчымай змовы супрацоўнікаў Трампа.

Агенцтва Reuters перадае, што Манафорт ужо прыбыў у офіс ФБР у Вашынгтоне.

Гэта першыя абвінавачаньні, выстаўленыя камісіяй спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера. Ён займаецца верагодным умяшаньнем Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.

Пол Манафорт і яго дзелавы партнэр Рык Гейтс 30 кастрычніка атрымалі абвінаваўчае заключэньне Міністэрства юстыцыі ЗША па 12 пунктах, у першую чаргу ў «змове супраць ЗША», «аказаньні лабісцкіх паслуг замежным кліентам» і «адмываньні грошай».

Камісія мяркуе, што Манафорт мог ухіляцца ад выплаты падаткаў, а таксама хаваць тое, што аказваў лабісцкія паслугі замежным кліентам. Высьветлілася, што Манафорт лабіяваў у ЗША інтарэсы «Партыі рэгіёнаў» экс-прэзыдэнта Украіны Віктара Януковіча. Акрамя таго, Манафорт супрацоўнічаў з расейскім мільярдэрам Алегам Дзерыпаскам. Паводле Associated Press, Манафорт мог лабіяваць у ЗША інтарэсы Дзерыпаскі і інтарэсы прэзідэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

З прычыны гэтага скандалу Манафорт і пакінуў пасаду кіраўніка штабу Трампа праз тры месяцы пасля прызначэння.

У свой час Пол Манафорт быў дарадцам у прэзыдэнцкіх кампаніях рэспубліканцаў Джэральда Форда, Рональда Рэйгана, Джорджа-Буша старэйшага, Боба Доўла, Джорджа Буша-малодшага і Джона Маккейна.

Ён таксама займаўся палітычным лабіяваньнем і кансультаваньнем палітыкаў, якія ў сусьветнай супольнасьці ўспрымаліся як дыктатары або асобы зь вельмі непрывабным палітычным воблікам: Жонаса Савімбі ў Анголі, Фэрдынанда Маркаса ў Філіпінах, Мабуту Сэсэ Сэка ў Конга.

Манафорт таксама стаў палітычным кансультантам Віктара Януковіча пасьля Аранжавай рэвалюцыі і, паводле паведамленьняў СМІ, унёс істотны ўклад у зьмену палітычнага іміджу лідэра Партыі рэгіёнаў ды ў ягоную перамогу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ва Ўкраіне.

Былога кіраўніка выбарчага штабу Дональда Трампа таксама абвінавачвалі ў атрыманьні ня менш за 50 мільёнаў даляраў за працу ў інтарэсах прэзыдэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Паводле агенцтва AP, адпаведны кантракт Манафорт падпісаў з расейскім мільярдэрам Алегам Дзерыпаскам у 2006 годзе, і ён дзейнічаў мінімум да 2009 году. Штогадовая выплата па ім складала 10 мільёнаў даляраў. У 2005 годзе на фоне пагаршэньня адносінаў Расеі і ЗША Манафорт распрацаваў стратэгічны плян, які, паводле яго слоў, «прынясе значную выгаду» ўраду Пуціна, паведамляла АР.

Дональд Трамп пракамэнтаваў абвінавачаньні ў адрас былога кіраўніка свайго штаба, напісаўшы ў Twitter’ы, што яны адносяцца да падзей, якія адбыліся за некалькі гадоў да таго, як Манафорт стаў сябрам яго перадвыбарчага штабу. Пры нагодзе прэзыдэнт выказаў зьдзіўленьне, чаму расьсьледаваньне не вядзецца і ў дачыненьні да яго суперніцы ў прэзыдэнцкай гонцы ад Дэмакратычнай партыі, Гілары Клінтан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG