Абвінавачаньні былі ўхваленыя вялікім журы прысяжных у Вашынгтоне, што лічыцца папярэднім крокам перад пачаткам судовага працэсу ў важных справах. Абвінавачаньні пакуль не апублікаваныя. У чым яны палягаюць і каму яны выстаўленыя, невядома, але, паводле дадзеных CNN, абвінавачаныя будуць узятыя пад варту ў панядзелак.
Мюлер ўзначальвае расьсьледаваньне, якое праводзіць ФБР, падчас якога вывучаецца інфармацыя аб умяшаньні расейскіх грамадзян у амэрыканскую выбарчую кампанію і выяўляюцца магчымыя сувязі людзей з перадвыбарнага штабу Дональда Трампа з прадстаўнікамі Крамля. Вядома, што сьледзтва падрабязна вывучала дзейнасьць былога кіраўніка перадвыбарчага штабу Трампа Пола Манафорта, дарадцы кандыдата Трампа Картэра Пэйджа і былога дарадцы прэзыдэнта Трампа ў пытаннях нацыянальнай бясьпекі Майкла Фліна. У полі ўвагі сьледчых ёсьць і іншыя людзі.
Сам прэзыдэнт Трамп неаднаразова заклікаў хутчэй завяршыць расьсьледаваньні, настойваючы на тым, што ні ён сам, ні людзі зь яго перадвыбарчага штабу не былі ў змове з расейскімі прадстаўнікамі і ня мелі ніякіх незаконных кантактаў з імі.