Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН згадаў пра «Белы легіён» і сьмяротнае пакараньне


Міклаш Харасьці
Міклаш Харасьці

«У гэтым годзе Беларусь вярнулася да падаўленьня тых, хто крытыкуе дзяржаўную палітыку».

Пра гэта заявіў спэцдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці, які 26 кастрычніка прадставіў свой даклад па сытуацыі з правамі чалавека ў краіне на 72-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

«У сваім дакладзе ў мінулым годзе я папярэджваў, наколькі небясьпечная адсутнасьць якіх-небудзь зьменаў у сыстэме кіраваньня ў Беларусі. Нягледзячы на некаторыя фасадныя зьмены ў мэтадах, якія выкарыстоўвае ўлада, па-ранейшаму застаюцца ў дзеяньні тыя ж самыя законы», — сказаў у сваім выступе Харасьці.

Паводле Харасьці, прычыны гвалтоўнага закручваньня гаек у Беларусі, якое ён назваў цыклічным, палягае ў сыстэме кіраваньня, наўпрост залежнай ад кіраўніка краіны.

«…Прэзыдэнт выбудаваў дзяржаўную структуру, якая толькі кансалідуе і абараняе яго ўладу», — сказаў Харасьці.

У сваім выступе спэцдакладчык ААН згадаў пра справу «Белага легіёну».

«У гэтым годзе была сфабрыкаваная справа адносна так званага „Белага легіёну“, таксама былі арыштаваныя палітычныя апанэнты. Гэтая практыка пачалася зноў, як і пяць гадоў таму, бязь нейкіх абвінавачаньняў. Гэта яшчэ адна характарыстыка цыклічнасьці ў галіне правоў чалавека ў Беларусі».

Паводле Харасьці, улады закрылі вочы на доўгі сьпіс рэкамэндацый, як палепшыць сытуацыю ў галіне грамадзянскіх і палітычных правоў.

«У гэтым годзе я, на жаль, магу паведаміць толькі пра нязначныя пасоўваньні ў станоўчым кірунку».

Спэцдакладчык згадаў рэгістрацыю «Гавары праўду» і тое, што Беларусь прадставіла ў Камітэт па правах чалавека даклад, які чакаўся з 2001 году.

«То бок даклад быў прадстаўлены з затрымкай у 16 гадоў. Гэта мерка захаваньня Беларусьсю сваіх дагаворных абавязаньняў».

Таксама Міклаш Харасьці нагадаў, што Беларусь застаецца адзінай краінай амаль ва ўсім паўночным паўшар’і, акрамя ЗША, дзе захоўваецца сьмяротнае пакараньне.

«Улічваючы абмежаваньні ў галіне правоў чалавека, гэты факт — яшчэ адзін дадатковы элемэнт страху для грамадзянаў. Бо яны могуць апынуцца ў судзе за зачыненымі дзьвярыма, дзе ім можа быць вынесены сьмяротны прысуд. І пры гэтым не гарантуюцца ніякія правы чалавека: ні самога асуджанага, ні яго сям’і», — сказаў ён.

Паводле Харасьці, міжнародная супольнасьць павінна быць удзячная, што арганізацыі грамадзянскай супольнасьці не здаліся і працягваюць імкнуцца да паляпшэньня становішча.

Я зноў заклікаю ўлады супрацоўнічаць з маім мандатам

«Я зноў заклікаю ўлады супрацоўнічаць з маім мандатам. У любой форме я гатовы дапамагчы ўраду перайсьці да выкананьня сваіх абавязаньняў», — сказаў спэцдакладчык ААН.

У ліпені Міклаш Харасьці браў удзел у форуме грамадзянскай супольнасьці, які праходзіў у Менску напярэдадні сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Міністэрства замежных спраў Беларусі тады заявіла, што працягвае настойваць на непрызнаньні мандату спэцдакладчыка Рады ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі — Міклаша Харасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG