Скарыстаўшыся такой магчымасьцю, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім зьвярнулася да міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча і пацікавілася, калі ў Беларусі будзе хоць бы адзін цалкам беларускамоўны тэлевізыйны канал.
«Я думаю, што за 25 гадоў сувэрэннай Рэспублікі Беларусь неабходнасьць мець такі канал сасьпела», — сказала Алена Анісім.
Нядаўна прызначаны міністар адказаў, што зь цікавасьцю сочыць за ейнымі выказваньнямі і камэнтарамі адносна стварэньня беларускамоўнага каналу.
«Лічу, што гэта дастаткова цікавая справа і трэба працягваць яе абмяркоўваць. Што тычыцца прысутнасьці сёньня беларускай мовы на тэлевізыйных каналах нашай краіны, то, мне здаецца, прастора яе ўжываньня пашырылася істотна. Яна будзе пашырацца і далей, калі да гэтага будзе падрыхтавана грамадзтва», — сказаў Карлюкевіч.
Алена Анісім уступіла ў дыскусію зь міністрам і выказала сваю думку, што фрагмэнтарныя беларускамоўныя перадачы на розных каналах у розны час не зьяўляюцца забесьпячэньнем роўнасьці дзьвюх моваў.
«На мой погляд, трэба правесьці мерапрыемства для вызначэньня грамадзкай думкі на тэму стварэньня такога каналу з поўным вяшчаньнем на беларускай мове», — адзначыла дэпутатка.
Міністар інфармацыі прапанаваў зьвярнуцца да дэпутатаў, каб яны ўнесьлі падобную прапанову.
«Мне думаецца, трэба нам сабрацца разам, напрыклад у парлямэнцкай камісіі па сродках масавай інфармацыі, і абмеркаваць гэтую праблему», — сказаўў міністар Карлюкевіч.
Алена Анісім зазначыла, што на беларускамоўным канале можна было б мець такую цікавую праграму, як «Парлямэнцкая гадзіна». Гэта падвысіла б рэйтынг і самога парлямэнту, і беларускамоўнага каналу.
На што міністар параіў ёй зьвярнуцца да іншых дэпутатаў і разам вырашыць гэтую праблему:
«Трэба сабрацца з камісіяй па СМІ і абмеркаваць ужываньне беларускай мовы ня толькі на тэлевізыйных каналах, але і ў СМІ наогул».