Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Заран Шкірак заявіў, што сьледзтва па выбуху, у якім быў паранены ўвечары 25 кастрычніка дэпутат Ігар Масійчук (фракцыя Радыкальнай партыі), перадалі Службе бясьпекі Ўкраіны паводле артыкуле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб тэрарыстычным акце.
Паводле яго, выбуховае прыстасаваньне, закладзенае ў матацыкле або матаролеры, які стаяў непадалёк, было ўзарванае дыстанцыйна; яго магутнасьць, улічваючы нанесеныя пашкоджаньні, паводле папярэдніх ацэнак, магла скласьці да 1 кіляграма ў тратылавым эквіваленце.
Ігар Масійчук быў паранены ў выніку выбуху ў Кіеве, калі выходзіў з памяшканьня тэлеканалу «Еспресо».
У выніку выбуху пацярпелі ўсяго пяць чалавек. Памочнік-ахоўнік дэпутата Руслан ад раненьняў сканаў. Агенцтва УНІАН паведамляе пра яшчэ аднаго загінулага ў выніку выбуху: ім стаў мясцовы жыхар па імені Міхаіл, які ад раненьняў сканаў у бальніцы. Таксама быў цяжка паранены палітоляг Віталь Бала, які быў побач з Масійчуком.
Масійчук і Бала знаходзяцца ў бальніцы. У дэпутата Масійчука шмат асколачных раненьняў, яму зрабілі апэрацыю ўначы 26 кастрычніка. Цяпер ён знаходзіцца ў рэанімацыі і ўжо апрытомнеў.
На старонцы ў Facebook апублікаваная заява дэпутата, у якой ён дзякуе за захаваньне свайго жыцьця загінуламу ахоўніку.
«Жывым я застаўся толькі дзякуючы майму загінуламу ахоўніку Руслану. Ён былы беркутавец, які ў 2013-м стаяў па другі бок барыкадаў... Выказваю шчырыя спачуваньні ягонай сям’і ... Цяпер у мяне трое дзяцей. Трэцяе дзіця — чатырохгадовая дачка Руслана», — адзначыў Масійчук.
У прэс-службе дэпутата і ягоным атачэньні заяўляюць пра замах на ягонае жыцьцё. Шкірак раней заявіў, што, верагодна, гаворка можа ісьці пра замах на забойства.
Народны дэпутат Антон Герашчанка (фракцыя «Народны фронт»), сябра калегіі Міністэрства ўнутраных спраў, заявіў, што адна з вэрсіяў — «дзеяньні расейскіх спэцслужбаў для дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай абстаноўкі на фоне акцыяў пратэсту». Кіраўнік Радыкальнай партыі Алег Ляшко заявіў, што, «відавочна, гэта праца варожых спэцслужбаў, бо працавалі прафэсійна». А Народны дэпутат ад Радыкальнай партыі Зьміцер Лінько заявіў, што «замах на Масійчука — гэта справа рук Кадырава, сумневаў няма». Доказаў магчымай датычнасьці Рамзана Кадырава, кіраўніка Чачні на Паўночным Каўказе ў Расеі, дэпутат не прывёў.