«Забіваць па ўласнай ініцыятыве нікому неахвота, але калі забіваючы, ты выконваеш загад, калі табе для гэтага стварылі спэцыяльныя ўмовы, калі ты адчуваеш, што цябе да гэтага падштурхоўваюць, калі ты бачыш, што ўдзел у гэтай разьні не адгукнецца табе нічым дрэнным у будучыні, ты супакойваесься і адчуваеш уздым духу. Цяпер ты займаесься гэтым без усялякага сораму. Мы ўспрынялі гэтае пазбаўленьне ад сораму з энтузіязмам. Радыёперадачы і парады, якія там пастаянна давалі, стварылі адпаведныя ўмовы», — распавядаў адзін з удзельнікаў генацыду ў Руандзе журналісту Жану Хатцфельду, які зьбіраў сьведчаньні з абодвух бакоў.
Уклад СМІ ў разьвязаньне гвалту быццам бы відавочны, дастаткова знаёмства зь нямецкай гісторыяй 1930-1940-х гадоў, але кожны чарговы раз людзі чамусьці дзівяцца. Словы ж не забіваюць, наўпроставай сувязі паміж канкрэтным актам гвалту і якой-небудзь тэлепраграмай ніколі не ўстанавіць, ёсьць, у рэшце рэшт, прынцып свабоды слова. У гісторыі, тым ня менш, ёсьць як мінімум адзін выпадак, калі сувязь паміж заклікамі да гвалту і масавымі забойствамі ўдалося зацьвердзіць ня толькі юрыдычна, рашэньнем спэцыяльнага трыбуналу, але і вызначыць навукова. Гаворка ідзе пра ролю, якую адыграла «Вольнае радыё і тэлебачаньне тысячы пагоркаў» у забойстве 800 тысяч чалавек у 1994 годзе ў Руандзе.
Тутсі і хуту
Руанда, невялікая дзяржава ва Ўсходняй Афрыцы, разьмешчаная, як сьведчыць ягоная народная назва, на тысячы пагорках, засяляюць тры народы: тва (або пігмэі) былі тут абарыгенным насельніцтвам, якія займаліся паляваньнем і зьбіральніцтвам, у XI-XV стагодзьдзях у краіне зьявіліся земляробчыя плямёны хуту, а ў XVI стагодзьдзі з поўначы прыйшлі жывёлагадоўцы тутсі. «Панаехаўшыя» занялі да XVII стагодзьдзя пануючае становішча, якое падтрымлівалася спачатку нямецкімі калянізатарамі (паводле рашэньня Бэрлінскай канфэрэнцыі 1884 году Руанда была перададзена Нямеччыне), а потым і бэльгійскімі — да Бэльгіі, якая ўладарыла ў суседнім Конга, Руанда адышла па выніках Першай сусьветнай вайны. Бэльгійцы правялі ў краіне шмат цывілізацыйных мерапрыемстваў — у прыватнасьці, увялі пашпарты, у якіх у абавязковым парадку пазначалася нацыянальнасьць. З гэтага моманту любое ператварэньне хуту ў тутсі (з дапамогай грошай альбо проста шанцунку) аказалася немагчымым.
Пасьля Другой сусьветнай вайны хуту пачалі змагацца за свае правы ў форме барацьбы за незалежнасьць, і ў 1962 годзе сваёй мэты дасягнулі. Тутсі сталі падвяргацца дыскрымінацыі і пачалі масава эміграваць у суседнія краіны. Эмігранты і іх дзеці і заснавалі ва Ўгандзе ў 1988 годзе Руандыйскі патрыятычны фронт, які пасьля ўварваўся ў Руанду. Вайна, якая распачалася гэтым уварваньнем, скончылася перамогай РПФ, толькі ў працэсе загінулі сотні тысяч прадстаўнікоў народу-пераможцы.
Масавыя забойствы тутсі працягваліся ў Руандзе з 6 красавіка па 18 ліпеня 1994 году. За гэты час было забіта каля 20% насельніцтва Руанды. Паводле ацэнкі францускага гісторыка Жэрара Прунье, людзі зьнішчаліся з хуткасьцю, якая ў пяць разоў перавышала хуткасьць забойстваў падчас Галакосту.
«Вольнае радыё і тэлебачаньне тысячы пагоркаў»
Так называлася прыватная радыёстанцыя, якая распачала вяшчаньне 8 ліпеня 1993 году. Яе дырэктар Фэрдынанд Нахімана выдатна разумеў, наколькі магутнай прыладай зьяўляецца радыё ў краіне зь нізкім узроўнем пісьменнасьці.
«Радыё тысячы пагоркаў» зьвярталася да простага народу. У адрозьненьне ад афіцыёзнага Радыё Руанда, якое аддавала большую частку эфіру клясычным старым мэлёдыям, «Радыё тысячы пагоркаў» круціла сьвежую музыку, у тым ліку папулярныя песьні з Конга. Вядучыя зьвярталіся да слухачоў на простай і вельмі жывой мове, некалькі вядучых настолькі сьмешна жартавалі, што ад сьмеху не маглі ўтрымацца нават тыя, супраць каго гэтыя жарты былі накіраваныя (пра гэта тутсі, якія перажылі генацыд, распавядалі аўтарам адмысловай справаздачы, падрыхтаванай паводле замовы «Рэпартэраў бязь межаў»).
Па словах аднаго з руандыйцаў, камэнтары на гэтым радыё былі падобныя «на размовы паміж блізкімі знаёмымі, якія сядзяць у бары за кубкам бананавага піва». У некаторых перадачах у эфір можна было тэлефанаваць гледачам — яны дзяліліся мясцовымі навінамі, пляткарылі ці камэнтавалі бягучыя падзеі. Аўтарытэт «Радыё тысячы пагоркаў» быў настолькі высокім, што калі там пачалі хлусіць, ніхто гэтага не заўважыў. А калі ў эфіры загучалі заклікі да забойства канкрэтных людзей (з адрасамі), забойствы пачаліся ў рэальнасьці.
«Я веру, што хутка надыдзе золак! — вітаў слухачоў Анані Нкурунзіза, палітычны аглядальнік радыёстанцыі, 5 чэрвеня 1994 году. — Для тых з вас, хто малады і ня ведае гэтага слова, золак — гэта першае сьвятло сонца ў пачатку новага дня. Зоймецца той дзень, калі не застанецца больш прусакоў на зямлі Руанды. Слова „ин’ензі“ (прусакі, пагардлівая назва тутсі) будзе забытае назаўсёды».
Генэрал Рамэа Далер, які камандаваў міратворчай апэрацыяй ААН падчас генацыду, кажа, што калі б міратворцам далі магчымасьць проста глушыць вяшчаньне Радыё тысячы пагоркаў і замест яго выдаваць у эфір заклікі да прымірэньня, генацыд можна было б прадухіліць.
Журналіст Бі-Бі-Сі Алі Мунгезі, які працаваў у Руандзе падчас генацыду, выказваецца яшчэ больш жорстка: «Радыё тысячы пагоркаў як быццам наўпрост інструктавала забойцаў. Яны проста ў эфіры давалі парады, куды ісьці, расказвалі, дзе хаваліся людзі».
«Я раскажу вам пра адну жанчыну, якую клічуць Жана, — казала ў эфіры вядучая Валеры Бэмэрыкі 2 чэрвеня 1993 году. — Яна працуе настаўніцай 6 клясы ў вёсцы Мамба, у абшчыне Муйаге. Нічога добрага яна там ня робіць. У яе ёсьць муж Гастон, тутсі, які зьбег у Бурундзі. Ён паехаў, але задумаў змову супраць хуту ў сваёй вёсцы: ягоная жонка, Жана, павінна іх забіць. Ён робіць усё магчымае, каб пачаць агрэсію, а жонка нічога ня мае супраць — яна вучыць гэтаму сваіх вучняў. Вучыць іх ненавідзець хуту. Дзеці праводзяць у школе цэлы дзень, так што добрыя жыхары Муйаге, добра вядомыя сваёй мужнасьцю, павінны яе ўгаманіць. Вы ж разумееце, што яна — пагроза для абшчыны».
Абгрунтоўваючы неабходнасьць поўнага зьнішчэньня тутсі, вядучыя радыёстанцыі ўвесь час спасылаліся на гісторыю. Па-першае, гаворка ішла пра тое, каб прадухіліць яе «паўтарэньне»: вядучыя падрабязна распавядалі аб дыскрымінацыі, якой падвяргаліся хуту, і рабілі выснову, што трэба вырвацца з заганнага круга «дыскрымінацыі і прыгнёту». Па-другое, у эфіры пастаянна падкрэсьлівалася, што гісторыю заўсёды распавядае пераможца.
«Калі мы працягнем барацьбу і ў рэшце рэшт пераможам інкатаньі (пагардлівая назва тутсі), ніхто ня будзе нас судзіць, таму што мы станем трыюмфальнымі пераможцамі, — нагадваў слухачам Хабімана Кантана 1 ліпеня 1994 году. — Але калі мы пацерпім паразу, відавочна, што нават калі вы схаваецеся на дне возера Ківу, яны зробяць усё магчымае, каб вылавіць вас, асудзіць і павесіць. Ня ведаю, дзе вас павесяць, але кожны хоча адыграцца на тых, хто прайграў. Паводле прыказкі, кожная карова хоча прымераць рогі сваёй мёртвай суседкі. У нас няма выбару, акрамя як разьбіць гэтых людзей, якія хочуць нас дэмаралізаваць і пагражаюць аддаць нас пад міжнародны трыбунал».
Суд і доказ эфэктыўнасьці
Трыбунал усё ж адбыўся, прычым ня толькі для непасрэдных арганізатараў генацыду, што ўзброілі мірнае насельніцтва, але і для яго ідэйных натхняльнікаў. За распальваньне нянавісьці праз сродкі масавай інфармацыі былі асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне прэм’ер-міністар краіны Жан Камбандэ, заснавальнік і дырэктар «Радыё і тэлебачаньня тысячы пагоркаў» Фэрдынанд Нахімана і рэдактар газэты «Кангура» Хасан Нгэзэ. Радыёвядучы Жорж Рудж, які адкрыта заклікаў у эфіры забіваць тутсі, атрымаў 12 гадоў турмы.
У 2012 годзе амэрыканскі эканаміст Дэйвід Янагізава-Дрот ацаніў наўпроставы ўплыў перадач «Радыё тысячы пагоркаў» на ўзровень гвалту ў вёсках Руанды. Вядома, што радыё валодала ўсяго двума перадатчыкамі: адзін знаходзіўся ў сталіцы Руанды Кігалі, другі — на горным піку Муэ. У Руандзе горны ляндшафт — адпаведна, у нейкія паселішчы радыёсыгнал проста не даходзіў, таму што перакрываўся гарамі. Янагізава-Дрот разьлічыў, беручы пад увагу рэльеф і магутнасьць перадатчыкаў, узровень сыгналу радыёстанцыі для кожнага населенага пункту. Потым ён узяў статыстыку па асуджаных за генацыд у кожнай вёсцы і паказаў, што паміж гэтымі дадзенымі ёсьць карэляцыя: чым больш упэўнены прыём, тым больш асуджаных. Мадэль, пабудаваная Янагізавам-Дротам, дазваляе меркаваць, што каля 10% гвалту ў адносінах да тутсі можна лічыць непасрэдным сьледзтвам даступнасьці радыёэфіру.