Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі пасол у Швайцарыі — беларусам: Помнік Касьцюшку будзе сымбалем нашага братэрскага змаганьня


Амбасадар Якуб Кумах
Амбасадар Якуб Кумах

Амбасадар Польшчы ў Бэрне Якуб Кумах у інтэрвію Свабодзе распавёў, чаму ён амаль два тыдні маўчаў наконт скандалу вакол помніка Касьцюшку, ці задаволены кампрамісам і ці зьявіцца на адкрыцьці помніка ў Залятурне 21 кастрычніка.

Менавіта пасла Кумаха старшыня Аб'яднаньня беларусаў Швайцарыі Аляксандар Сапега называў галоўным героем скандалу вакол усталяваньня помніка Касьцюшку ў Залятурне. Як заявіў Сапега, польскі дыплямат, пагражаючы сарваць сьвяткаваньні 15 кастрычніка, запатрабаваў ад мэра гораду адмовіцца ад беларускамоўнай шыльды на помніку і згадкі пра Беларусь.

— Сп. амбасадар, чаму гэты канфлікт увогуле адбыўся?

— Па-першае, не было канфлікту паміж Польшчай і Беларусьсю, бо мы ўвогуле ў гэтай спрэчцы не выказваліся. Я цешуся, што беларусы і горад Залятурн дасягнулі кампрамісу і што ім удалося вырашыць справу, якая ў прынцыпе не была складаная.

— Аб’яднаньне беларусаў Швайцарыі сьцьвярджае, што менавіта пасьля настойваньня амбасады мэр гораду адмовіўся ад першай вэрсіі шыльды з узгадкай пра «сына Беларусі». Быццам бы вы настойліва выступалі супраць гэтага, як і супраць беларускамоўнай вэрсіі.

— Беларусы вялі перамовы з горадам Залятурн, а ня з Польшчай. Польшча не была бокам перамоваў, бо іх сарвала з намі беларуская арганізацыя. Зроблена гэта было культурна, нам падзякавалі за гатоўнасьць да супрацы, але паведамілі, што будуць гэта рабіць самі. Наколькі я разумею, рашэньне ў гэтай справе прыняў мэр, зь якім я ўвогуле пра гэта не размаўляў. Залятурн супрацоўнічае з Польшчай 200 гадоў, таму ня дзіўна, што мэр разумеў дэталі. Беларусы прапанавалі напісаць, што Касьцюшка быў «сынам Беларусі», a Касьцюшка быў таксама сынам і Польшчы, і Літвы, вялікім патрыётам ЗША, героем Францыі, а напрыканцы жыцьця жыхаром Швайцарыі. Ён супольны герой. Як я разумею, пазыцыя мэра вынікала менавіта з гэтага.

Амбасадар Кумах (зьлева) на ўрачыстасьцях 15 кастрычніка:

— А як бы вы паставіліся да кампрамісу, каб на шыльдзе была ўзгадка пра ўсе краіны, чый герой Касьцюшка?

— Вядома, за. Але мы ня мелі ўплыву на гэта. Нашай першай прапановай было напісаць проста — Тaдэвуш Касьцюшка. Не было гаворкі пра тое, што гэта ня можа быць таксама па-беларуску. Магло быць на розных мовах. Але перамовы спыніліся. Мы не былі супраць. Беларусы могуць ставіць помнікі Касьцюшку паўсюль, гэта пазытыўная справа.

— Аляксандар Сапега ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што польскі бок пагражаў сарваць урачыстасьці з удзелам польскай урадавай дэлегацыі 15 кастрычніка, калі будзе такая шыльда.

— Цікава, на якой падставе?

— Спасылаюцца на мэра гораду.

— Я ня ведаю, што яму адказаў мэр гораду, бо мяне пры гэтым не было. Але калі быць сур’ёзным: вы ўяўляеце, што ўрачыстасьці з удзелам сьпікера Сэнату да 200-годзьдзя Касьцюшкі не адбываюцца? Сотні гасьцей, трэцяя асоба ў дзяржаве, спэцыяльны самалёт, адмененыя польскія набажэнствы ў касьцёлах Швайцарыі, бо ўсе едуць у Залятурн. Нельга скасаваць такія ўрачыстасьці. Або нехта павінен быў паставіць блёк-пасты перад уездам у горад? (Сьмех.) Гэта проста немагчыма. Гэта сцэнар з раману science-fiction. Але гэта ўжо гісторыя: я задаволены кампрамісам мэра і беларусаў, бо пратэсты супраць Касьцюшкі як выключна сына Беларусі маглі б пачацца ў Польшчы, у Літве, паўсюль. А Касьцюшка належыць да ўсіх нашых дзяржаў.

— Беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак пярэчылі польскаму боку, што на помніках Касьцюшку ў сьвеце напісана «Сын Польшчы», і зьвярталі ўвагу на тое, што Варшаве, якая называе Касьцюшку ўнівэрсальным героем, гэта не замінае.

— Я бачыў адзін такі здымак помніка на беларускім сайце, здаецца, у Чыкага. Яго ўсталявалі тады, калі ані Беларусі, ані Польшчы не было на мапе сьвету. Ужо ў нашы часы, зусім нядаўна, польскі Сэйм прыняў рэзалюцыю, дзе дакладна патлумачыў, што Касьцюшка — гэта супольны герой многіх краін. Таму мы ад самага пачатку за адкрыцьцё гэтага помніка. Мы зь вялікім энтузіязмам успрынялі, што разам зь Беларусьсю і Літвой можам зрабіць нешта разам на швайцарскай зямлі.

— Асацыяцыя беларусаў Швайцарыі сьцьвярджае, што чакала адказу польскіх дыпляматаў на прапанову аб супрацы 8 месяцаў. І толькі пасьля скаргаў польскіх сяброў прэзыдэнту і МЗС амбасада скантактавалася зь беларусамі.

— Гэта не да канца так. Яны кантактавалі не з пасольствам, а з кансулятам. З таго, што я ведаю, яны дамовіліся на кантакт пасьля таго, як будзе гатовы помнік. Калі мы толькі даведаліся, што мэр пагадзіўся на помнік, мы пачалі размаўляць. І яшчэ: я асабіста прасіў мэра, каб урачыстасьць зь беларусамі падключыць да цырымоніі 15 кастрычніка. Рашэньне пра падзел сьвяткаваньняў было ня нашым, а гораду. Я не да канца зь ім пагаджаюся, але я не гаспадар гораду Залятурн.

Музэй Тадэвуша Касьцюшкі ў швайцарскім Залятурне:

— Вы лічыце, што канфлікт вычарпаны?

— Мы вельмі цешымся, што ёсьць кампраміс. Ён мог бы быць ад самага пачатку. Мы не выказваліся ў канфрантацыйным тоне. Мы ня супраць, што і Беларусь ушаноўвае чалавека, зь якім кожны паляк нараджаецца і вырастае. Наадварот, мы прынцыпова ставімся да беларускай незалежнасьці. Мы не ваюем зь беларускай мовай. Мы яе паважаем, падтрымліваем яе адраджэньне. «Белсат» — частка Польскай тэлевізіі. І мы рады, што Беларусь абірае Касьцюшку сваім героем. Гэта ён, а не Сувораў і Ленін, змагаўся «за нашу і вашу свабоду».

— Вас запрасілі на заўтрашнія ўрачыстасьці. Ці паедзеце ў Залятурн?

— Хутчэй за ўсё, я не змагу быць у сувязі зь іншымі абавязкамі, за што загадзя прашу прабачэньня. Але абяцаю, што калі ня будзе мяне, то там будзе польскі консул і іншыя нашы дыпляматы і што польскі сьцяг будзе лунаць побач зь беларускім і літоўскім. Ад мяне будзе зачытаны ліст, у якім я назаву Касьцюшку супольным героем і ўзгадаю таксама пра ягоныя сувязі зь Беларусьсю і падзякую за прыгожы падарунак — помнік нашаму супольнаму герою.

— Калі заўтра вам усё ж ня ўдасца наведаць адкрыцьцё, то ці паедзеце вы туды прыватна? Ці будзеце раіць наведаць гэты помнік польскім дэлегацыям у Швайцарыі?

— Вы ў мяне пытаецеся, ці буду я байкатаваць помнік таму, што яго паставілі нашы беларускія сябры? (Сьмех.) Запэўніваю вас, што не! Гэты помнік пачаўся ад вялізарнага непаразуменьня ў Беларусі, але ён будзе сымбалем нашага братэрскага змаганьня. Гэты помнік будзе часткай культу Тадэвуша Касьцюшкі. Натуральна, што я яго наведаю!

— Чаму вы падчас гэтага канфлікту не выказваліся публічна?

— Каб не пагаршаць сытуацыю. Гэтую справу выкарыстоўвалі сілы, мэтай якіх быў абсурдны тэзіс, што Польшча не паважае Беларусь. На кожны камэнтар былі б дзясяткі адказаў і атмасфэра канфлікту. Польшча тым часам шануе Беларусь і ўсім сэрцам падтрымлівае яе нацыянальнае адраджэньне. Я вырашыў, што лепш маўчаць і пачакаць, пакуль ня будзе дасягнуты кампраміс. І гэта аказалася эфэктыўным — помнік ёсьць, ён нікога не абражае і ні ў кога нічога не забірае.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG