Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«СБ» пра эканамічную канцэпцыю Апазыцыі БНФ: «Шматплянавая і дэталёва прапрацаваная»


Эканамічная канцэпцыя Апазыцыі БНФ. "Народная газэта", 14 красавіка 1992
Эканамічная канцэпцыя Апазыцыі БНФ. "Народная газэта", 14 красавіка 1992

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Ня тое каб часта, але рэгулярна старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч у кулюарах Вярхоўнага Савету вымаўляў, што «хоць сёньня» мог бы прапанаваць Юрасю Беленькаму пасаду міністра фінансаў, а Ўладзімеру Заблоцкаму — увогуле крэсла свайго намесьніка. Выказваўся Вячаслаў Францавіч як пра высокакваліфікаваных эканамістаў і пра некаторых іншых дэпутатаў парлямэнцкай апазыцыі БНФ.

Але — толькі выказваўся. Ніякіх канкрэтных прапаноў ні Беленькаму, ні Заблоцкаму Кебіч не рабіў. Думаю, што нават калі б паспрабаваў зрабіць — яму не дазволіла б гэта атачэньне, дзе ішла жорсткая барацьба за кожнае крэсла, паколькі месцы ва ўрадзе і вакол ураду ў 1992 годзе ўжо дазвалялі ўзбагачацца асабіста.

Юры Беленькі выступае на сустрэчы ў Магілёве. 1990
Юры Беленькі выступае на сустрэчы ў Магілёве. 1990

І што цікава, хоць такія высокія ацэнкі чулі многія дэпутаты, у публічных выступах або ў інтэрвію Кебіч ад іх устрымліваўся.

Практычна нічога не пісалі пра эканамічныя законапраекты Апазыцыі БНФ і саўмінаўскія газэты (якія мелі вялікі супольны наклад).

У гэтым сэнсе публікацыю ў газэце «Советская Белоруссия» 8 ліпеня 1992 году можна лічыць унікальнай.

«Гэты дакумэнт прываблівае канкрэтнасьцю пастаноўкі праблемаў і іх вырашэньня. Канцэпцыя шматплянавая і дэталёва прапрацаваная, ахоплівае практычна ўсе бакі дзяржаўна-гаспадарчага жыцьця».

Гэта — ацэнка эканамічнай канцэпцыі, дадзеная доктарам эканамічных навук. І тычыцца гэта праграмы, распрацаванай не Саветам міністраў, а Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце.

Такая ацэнка кантрастуе зь мітам пра тое, што БНФ нібыта «дбае толькі пра мову і культуру» і ігнаруе эканоміку. Мітам, які ў 1992-м афіцыйны друк распаўсюджваў з гэткай самай настойлівасьцю, як ён рабіў гэта ў часы панаваньня кампартыі і як потым будзе рабіць лукашэнкаўская прэса. Здавалася б, разумнаму чалавеку дастаткова было ўключыць тэлевізар ці радыёпрыёмнік з трансьляцыямі сэсіі парлямэнту, каб пачуць, як дэпутаты Народнага Фронту адстойваюць свае законапраекты і прапановы ў галіне сельскай гаспадаркі, бюджэтна-фінансавай сфэры, каб аднойчы і назаўсёды пераканацца ў фальшывасьці сьцьвярджэньня, што «БНФ толькі за мову». Але ж на пэўную частку насельніцтва прапаганда спрацавала, асабліва з улікам таго, што пасьля 1995 году Народны Фронт ня меў прадстаўнікоў у парлямэнце і быў цалкам адрэзаны ад электронных сродкаў масавай інфармацыі.

Выглядае, што аўтар публікацыі, якую я вышэй працытаваў (доктар эканамічных навук Васіль Гаўрылюк), не пажадаў псаваць сваю рэпутацыю і апускацца да прапагандысцкіх клішэ.

Ліпень 1992: Беларусь вінная Расеі 40 мільярдаў, Расея Беларусі – 120 мільярдаў

Беларусь уступіла ў 1992 год у найцяжэйшай за ўсю сваю найноўшую гісторыю эканамічнай сытуацыі, якая вызначалася трыма асноўнымі адметнасьцямі: адсутнасьцю эканамічных рынкавых рэформаў (паўтара года эканамічныя заканадаўчыя прапановы Апазыцыі БНФ адкідаліся), няздольнасьцю прызначанага яшчэ ў камуністычныя часы ўраду адэкватна ўспрымаць сытуацыю і правільна на яе рэагаваць і, нарэшце, вялікай залежнасьцю ад Расеі.

Апошні фактар складаўся, у сваю чаргу, з аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў. Да першых можна аднесьці залежнасьць Беларусі ад расейскіх энэрганосьбітаў і сыравіны, якую пераадолець у кароткі тэрмін было, канешне, немагчыма. Да другіх — тое, што ў Маскве каманда Ягора Гайдара пачала рэформы ўключна з прыватызацыяй і лібэралізацыяй цэнаў, і беларускі ўрад, ня маючы ўласнай канцэпцыі рэфармаваньня эканомікі, здольны быў толькі рэагаваць на тое, што ішло з Масквы.

Да прыкладу, ужо ў першыя дні 1992-га зь Беларусі ў Расею пачалі масава вывозіць прадукты і тавары — бо цэны ў расейскіх гарадах узрасьлі ў дзясяткі разоў. Пра мяжу з Расеяй урад Беларусі, вядома, і чуць не жадаў. У краіне з разьвітой эканомікай такога можна было б толькі жадаць — кожная дзяржава зацікаўленая ў росьце экспарту, але ў Беларусі пачатку 1992 году не хапала самых элемэнтарных паўсядзённых тавараў.

І пры гэтым на травень 1992 году Беларусь была вінная Расеі 7 мільярдаў рублёў, а Расея Беларусі — амаль у чатыры разы болей, 27 мільярдаў. Аднак урад Гайдара адмаўляўся расплачвацца за расейскія прадпрыемствы, матывуючы гэта неўмяшаньнем дзяржавы ў дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня ў новых рынкавых адносінах і ўмовамі ўступленьня ў Міжнародны валютны фонд.

У ліпені 1992-га дысбалянс павялічыўся: Беларусь была вінная Расеі 40 мільярдаў, Расея Беларусі — 120 мільярдаў.

Падобнае было ў адносінах зь іншымі былымі савецкімі рэспублікамі: на ліпень 1992-га яны былі вінныя нам болей, чым мы ім.

Дарэчы, гэта цалкам абвяргала папулярны яшчэ з часоў існаваньня СССР міт пра тое, што нібыта «Беларусі без Расеі не пражыць».

Шушкевіч супраць нацыянальнай валюты: «Зраблю ўсё, каб да гэтага не дайшло»

Увогуле, у фінансавай сфэры сытуацыя склалася драматычная: у Расеі пачалася гіпэрінфляцыя, а іншай грашовай адзінкі, акрамя расейскага рубля, у Беларусі не было — Вярхоўны Савет ігнараваў нашы прапановы аб увядзеньні ўласнай валюты.

«Вырашэньне эканамічных праблем на Беларусі магчымае зараз толькі палітычнымі сродкамі», — заявіў у лютым Пазьняк агенцтву БелаПАН, маючы на ўвазе абраньне парлямэнту, якому будзе давяраць народ. «Па эканамічнай канцэпцыі разьвіцьця Беларусі, падрыхтаванай БНФ, для стабілізацыі будзе патрэбна прыблізна год пасьля таго, як гэтая канцэпцыя пачне працаваць», — патлумачыў Пазьняк супрацоўніку агенцтва Віталю Цыганкову.

Яшчэ ў лютым у інтэрвію францускай Le Monde на пытаньне, ці зьбіраецца Беларусь уводзіць сваю грашовую адзінку, Станіслаў Шушкевіч адказаў: «Гэта яшчэ адна рыса, якая розьніць нас з Украінай. Я асабіста зраблю ўсё, каб да гэтага не дайшло».

І сапраўды, рабіў усё, што ад яго залежала.

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага савету РБ, пачатак 1990-ых гадоў.
Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага савету РБ, пачатак 1990-ых гадоў.

Пасьля заявы Ўкраіны аб выхадзе з рублёвай зоны, 27 і 28 сакавіка адбылося закрытае паседжаньне Вярхоўнага Савету, якое разглядала сытуацыю ў фінансавай сфэры. Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, настойвалі на ўвядзеньні нацыянальнай валюты, аднак не атрымалі падтрымкі ад Станіслава Шушкевіча. Як і варта было чакаць, гэтаму супраціўлялася і парлямэнцкая большасьць.

«Ствараецца ўражаньне, што абрабаваныя і абкрадзеныя, яны, абураючыся рабаўніцтвам, у адданым рвеньні, на каленях, ныючы і скуголячы, гатовыя паўзьці ў пашчу галоднай Расеі і загінуць разам зь ёй пад рэшткамі імпэрскай турмы», — пракамэнтаваў сытуацыю Зянон Пазьняк газэце «Знамя юности» (8 красавіка 1992).

Канцэпцыя Апазыыцыі БНФ: і макра- , і мікра- эканоміка

16 красавіка 1992 году ў «Народнай газэце» была апублікаваная Канцэпцыя эканамічнай рэформы, падрыхтаваная дэпутацкай Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце. Тэкст заняў асобную ўкладку на дзьве паласы. Наклад газэты ў той дзень быў 393 400 экзэмпляраў.

Нам было важна паказаць людзям, што Народны Фронт прапануе ня проста зьмену ўлады праз новыя выбары, а канкрэтную праграму ў тым ліку і эканамічных рэформаў.

Ценявы кабінэт БНФ: Сяргей Антончык, Іван Нікітчанка, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі. 1994 год.
Ценявы кабінэт БНФ: Сяргей Антончык, Іван Нікітчанка, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі. 1994 год.

Гэта ўжо была другая зь ліку эканамічная праграма Апазыцыі БНФ (першая была распрацаваная ўвосень 1990 году разам з пакетам законапраектаў — натуральна, парлямэнцкай большасьцю заблякаваных. Праўда, некаторыя нашы прынцыповыя палажэньні нам усё ж удалося правесьці).

Канцэпцыі папярэднічаў разьдзел «Уводзіны» (напісаны Пазьняком), які дае ляканічную і дакладную ацэнку эканамічнай сытуацыі пачатку 1992 году праз прызму палітычнай сытуацыі.

У ім было засьведчана, што «прынцыпы пераходу эканомікі Беларусі да рынкавых узаемадачыненьняў і шэраг законапраектаў, прапанаваных дэпутацкай Апазыцыяй Беларускага Народнага Фронту ў 1990 годзе, былі адкінутыя камуністычна-намэнклятурнай большасьцю Вярхоўнага Савету. Была зробленая стаўка на стабілізацыю эканомікі загадна-адміністрацыйнымі мэтадамі пры захаваньні дзяржаўнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці і манапалізму дзяржаўных уладна-эканамічных структураў. Рыначная рэформа не праводзілася, заканатворчасьць насіла бессыстэмны, хаатычны характар; прынятыя законы не выконваліся альбо сабатаваліся старымі выканаўчымі органамі ўлады. Рыначныя структуры не разьвіваліся належным чынам. У выніку зьявіліся ценявыя прадпрымальніцтва і гандаль, вырасла крымінальная сыстэма эканомікі на аснове спалучэньня камандна-адміністрацыйнай улады, дзяржаўнай уласнасьці, рынкавых утварэньняў і карумпаванай заканатворчасьці. Пачалася прыхаваная, незаконная, «дзікая» прыватызацыя, перапампоўваньне дзяржаўных фондаў і рэсурсаў у прыватную ўласнасьць дзяржаўнай бюракратыі і мафіёзных структураў, перавод безнаяўных грошай у наяўныя, усталяваньне двайных цэнаў (дзяржаўных і ценявых). Усё гэта паскорыла інфляцыю, зьнікненьне тавараў, рост беспрацоўя, зьбядненьне людзей і агульнае зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва Беларусі».

Пазьняк канстатаваў таксама «залежнасьць эканомікі Беларусі ад хворай эканомікі некаторых суседніх дзяржаваў» і капітулянцтва (мелася на ўвазе найперш залежнасьць ад Расеі, калі «шокавая тэрапія» Гайдара, гэтак ухваленая расейскімі дэмакратамі, у Беларусі адбілася імгненным зьбядненьнем беларускага народу «ў сувязі з навязанай нам так званай лібэралізацыяй цэнаў (фактычна іх падвышэньнем)». Усё гэта закрывала «свабодныя пэрспэктывы разьвіцьця Беларусі як вольнай эўрапейскай дзяржавы».

Канцэпцыя была распрацаваная эканамічнай групай Апазыцыі БНФ з удзелам Уладзімера Заблоцкага (агульная канцэпцыя), Юрася Беленькага (грашовая сыстэма), Лявонція Зданевіча (зямельнае пытаньне), Сяргея Папкова (праграма стабілізацыі).

Сама Канцэпцыя складалася з шаснаццаці разьдзелаў, якія вызначалі прынцыпы і мэты рэформы, яе пэрыядызацыю, асаблівасьці ў розных галінах эканомікі, у тым ліку і ў аграпрамысловым комплексе. Асобныя разьдзелы былі прысьвечаныя правядзеньню валютнай рэформы і стварэньню фінансавай сыстэмы з увядзеньнем нацыянальнай грашовай адзінкі.

Гэта была праграма і на макраэканамічным, і на мікраэканамічным узроўні.

Безумоўна, пераказваць яе ўсю няма магчымасьці, але з адным разьдзелам я хацеў бы пазнаёміць чытача больш-менш падрабязна, паколькі ён дае добрае ўяўленьне пра самыя надзённыя (як яны нам бачыліся 1992-м) крокі ў выпадку прыняцьця Канцэпцыі.

Апошнім — паводле парадку ў публікацыі, але неадкладным у рэалізацыі — быў разьдзел, прысьвечаны праграме захадаў па стабілізацыі эканомікі.

Ён меў на мэце «ўвядзеньне ў поўнай меры рынкавых мэханізмаў урэгуляваньня з улікам зьнешніх і ўнутраных эканамічных працэсаў і варункаў)» і падзяляўся на пяць этапаў.

Лявонці Зданевіч, Зянон Пазьняк, Уладзімер Новік. 1992 г.
Лявонці Зданевіч, Зянон Пазьняк, Уладзімер Новік. 1992 г.

Першы прадугледжваў актуальныя для 1992-га захады, такія, як стабілізацыя спажывецкага рынку (напаўненьне крамаў прадуктамі і таварамі), комплекс захадаў па сацыяльнай абароне насельніцтва, рэарганізацыю гуртавога гандлю. Прапаноўвалася ліквідаваць Міністэрства гандлю і адпаведныя ўпраўленьні ў аблвыканкамах, якія ў той час ператварыліся ў карупцыйныя разьмеркавальнікі. Важным момантам была ліквідацыя манаполіі кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў на распараджэньне маёмасьцю (якую дырэктарскі корпус пачынаў пераводзіць сабе ва ўласнасьць). Таваравытворцы павінны былі атрымаць маёмасьць ва ўласнасьць альбо ў арэнду праз адкрытыя аўкцыёны. Нарэшце, павінны былі быць уведзеныя «ўласныя грашовыя знакі» (своеасаблівая «перадвалюта»). На гэта адводзіліся два месяцы з моманту фармаваньня новага ўраду.

На другім этапе прадугледжвалася пашырэньне колькасьці таваравытворцаў, рэарганізацыя крэдытна-банкаўскай дзейнасьці, актыўная інвэстыцыйная палітыка ў паліўна-энэргетычнай і сыравіннай галіне (што было важна з улікам энэргетычнай залежнасьці ад Расеі і нафтавага шантажу Крамля). Прымалася праграма прыватызацыі ўсіх відаў дзяржаўнай маёмасьці, ствараліся спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця бізнэсу і стварэньня новых працоўных месцаў, а фіналам гэтага этапу, разьлічанага на пяць месяцаў, мелася быць увядзеньне ўласных грошай.

На трэцім этапе меркавалася стварэньне антыманапольных варункаў, стварэньне ў прамысловасьці — да 150 юрыдычных асобаў, а ў сельскай гаспадарцы — да 30 тысяч вытворцаў (як прыватных, гэтак і калектыўных гаспадарак). Апошняе ўпарта ігнаравалі тыя, хто абвінавачваў БНФ у імкненьні «неадкладна разагнаць калгасы». Істотным уяўляўся пераход на структуру і прапорцыі сусьветных цэнаў, а таксама запуск праграмы прыватызацыі. Тэрмін вызначаўся да ўсталяваньня антыманапольных адносінаў у прамысловасьці, аграсэктары і ў гандлі.

Прыватызацыя і поўны пераход на рынкавыя мэханізмы рэгуляваньня эканомікі былі адметнасьцю чацьвёртага этапу, ён прадугледжваў прыватызацыю 60% дзяржаўнай маёмасьці і быў разьлічаны на два гады.

На пятым этапе ставілася ўжо глябальная мэта — цягам пяці гадоў Беларусь павінна была ўвайсьці ў сусьветную эканоміку ў якасьці актыўнага суб’екта.

Аднак гэтая нашая эканамічная праграма была адкінутая.

У вышэй цытаванай публікацыі ў «Советской Белоруссии» аўтар папракнуў распрацоўнікаў эканамічнай Канцэпцыі БНФ, што яны хочуць забраць «агульнанародную ўласнасьць» і перадаць яе ў прыватныя рукі (тады як насамрэч мы прапаноўвалі якраз «народную прыватызацыю», пры якой кожны грамадзянін меў бы права на долю ўласнасьці).

Неўзабаве «народная ўласнасьць» усё ж апынецца ў прыватных руках — пераважна, тых самых, якія будуць кіраваць краінай без усякай адказнасьці перад народам.

Усе публікацыі пректу «Дзевяноста другі»

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG