З Чырвонаармескай вуліцы ў Ліды зьнік помнік расейскаму бальшавіку Ўладзімеру Леніну. Пра гэта Свабодзе паведаміў лідчанін, які праходзіў побач і пабачыў, што пастамэнт, дзе стаяў помнік, пусты.
Як даведалася Свабода, помнік Леніну зьнік прыблізна месяц таму. Ён знаходзіўся побач з вайсковай часткай, у непрыкметным месцы. Таму яго зьнікненьне заўважылі не адразу.
Пра зьнікненьне Леніна напісаў у сваім Фэйсбуку і мясцовы грамадзкі актывіст Валер Мінец.
Пакуль невядома, дзе знаходзіцца помнік Леніну. Па ранейшых здымках бачна, што ён быў у кепскім стане. Лідчане не выключаюць, што яго маглі накіраваць на рэстаўрацыю з нагоды 100-годзьдзя бальшавіцкага перавароту.
У Лідзе Ўладзімеру Леніну не шанцуе ня ўпершыню. У кастрычніку 2016 году помнік Леніну ў цэнтры гораду аблілі чырвонай фарбай. Сёлета ў сакавіку мясцовы жыхар Мікалай Мякшыла спрабаваў нанесьці на помнік надпіс «Сатана». За гэта яго асудзілі на год «хатняй хіміі».