У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.
13 красавіка а 15-ай гадзіне да будынку Дому палітасьветы на вуліцы Кастрычніцкай, дзе месьцілася Цэнтральная камісія па выбарах пад’ехаў аўтобус.
Яго суправаджаў міліцэйскі аўтамабіль, зь якога выйшла група міліцыянтаў з «калашнікавымі». За некалькі дзён да гэтага Зянон Пазьняк зьвярнуўся да міністра ўнутраных справаў Уладзімера Ягорава з просьбай забясьпечыць ахову пры перадачы подпісаў за рэфэрэндум. Міністар пайшоў насустрач.
Актывісты Народнага Фронту — члены Ініцыятыўнай групы — пачалі выгружаць і заносіць у будынак пакункі з падпіснымі лістамі. На кожным пакеце была выява «Пагоні», у кожным — па 1000 падпісаных лістоў. Усяго ў Цэнтральную камісію была перададзена 446 061 подпіс грамадзянаў Беларусі.
Разам з подпісамі ў ЦВК быў перададзены Заключны акт Ініцыятыўнай групы, у якім пацьвярджалася, што група працавала «ў поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, ажыцьцявіла збор подпісаў у адведзены Законам тэрмін і ў неабходнай колькасьці». Таксама паведамлялася, што «Ініцыятыўная група мае подпіс кожнага пакета, у тым ліку зьвесткі аб колькасьці подпісаў на кожным падпісным лісьце, і захоўвае гэтыя зьвесткі ў сябе. Гэтыя дадзеныя могуць быць прадстаўленыя ў Цэнтральную камісію па рэфэрэндуме Рэспублікі Беларусь для параўнаньня выніку падліку колькасьці подпісаў і складаньня пратаколаў рознагалосьсяў, калі такія ўзьнікнуць».
Згадка пра вопіс кожнага пакета невыпадковая — было зразумела, што і пры праверцы подпісаў будуць шукаць якія заўгодна зачэпкі, каб прызнаць як мага большую колькасьць несапраўднымі; кіраўнікі Ініцыятыўнай групы не выключалі, што частка пакетаў можа ў працэсе падліку «згубіцца».
Цэнтральная камісія атрымала таксама афіцыйную заяву Уладзімера Анцулевіча, што ягоны асабісты подпіс на лістах «выкананы факсымільным спосабам», і ўзор гэтага подпісу, а таксама заяву Ініцыятыўнай групы аб парушэньнях органамі ўлады правоў чалавека ў справе ціску на грамадзянаў, якія ставілі подпісы. Такіх выпадкаў былі сотні.
У часе прэсавай канфэрэнцыі пасьля перадачы падпісных лістоў члены Ініцыятыўнай групы распавялі пра некаторую статыстыку (48% усіх подпісаў было сабрана ў сталіцы і ў Менскай вобласьці, а на другім месцы сярод гарадоў апынулася Горадня — тут за рэфэрэндум падпісаліся 32 тысячы).
«Якімі будуць дзеяньні Вярхоўнага Савету ў дачыненьні да рэфэрэндуму, прадказаць абсалютна немагчыма. Па законе ад іх патрабуецца прызначыць толькі дату рэфэрэндуму. Але ад гэтага Вярхоўнага Савету можна чакаць чаго заўгодна: яны могуць наогул забараніць рэфэрэндум... Аднак якімі б ні былі іхнія дзеяньні, гэта ўжо ня мае асаблівага значэньня. Ёсьць факт: Ініцыятыўная група выканала ўсе патрабаваньні закону і сабрала патрэбную колькасьць подпісаў. На тэрыторыі былога Савецкага Саюзу гэта першы выпадак, калі ня ўлады ініцыююць рэфэрэндум, а ён прыйшоў зьнізу», — яшчэ напярэдадні пракамэнтаваў сытуацыю газэце «Свабода» Зянон Пазьняк.
Эгіпэцкая праца беларускіх чыноўнікаў
Цяпер, паводле закону, ЦВК мела месяц на праверку падпісных лістоў.
Подпісы правярала ня толькі ЦВК. Да гэтай працэдуры кіраўніцтва Вярхоўнага Савету і ўраду падышло як да місіі жыцьцёва важнай — у дапамогу членам ЦВК былі адмабілізаваныя (іншага слова і не падбярэш) дзясяткі супрацоўнікаў апарату Вярхоўнага Савету і Саўміну, якія цягам некалькі тыдняў займаліся выключна і толькі праверкай падпісных лістоў. Да іх, вызваленых ад асноўнай працы, дадаліся і сотні мясцовых чыноўнікаў, якія займаліся праверкай паралельна са сваімі асноўнымі абавязкамі.
Фактычна, месяц чынавенскі апарат краіны правяраў кожны ліст — ці сапраўды грамадзяне, якія там пазначаныя, падпісаліся, ці правільна пазначаны іх адрас і пашпартныя зьвесткі, ці не падробленыя подпісы, ці сапраўды кожны падпісны ліст быў завераны пячаткай выканкаму.
Праца была эгіпэцкая.
Пра яе маштаб сьведчыць хоць бы тое, што 2 372 лісты былі перададзеныя на почырказнаўчую экспэртызу. Гэта значыць, высакаклясныя графолягі былі вымушаныя праверыць на адпаведнасьць некалькі дзясяткаў тысяч (!) подпісаў.
У гісторыі Беларусі ёсьць толькі адзін падобны паводле маштабу прэцэдэнт — калі ў 1985 годзе супрацоўнікі міліцыі праверылі 570 тысяч узораў почырку жыхароў Віцебскай вобласьці, каб выявіць аўтара дасланага ў рэдакцыю газэты «Віцебскі рабочы» ліста, у якім падазравалі маньяка-забойцу (падазрэньні апраўдаліся, забойца 36 жанчын быў урэшце знойдзены — гэта быў сумнавядомы Генадзь Міхасевіч).
Пазьней старшыня ЦВК паведаміць, што «Цэнтральная камісія праверыла кожны падпісны ліст, а ня толькі тыя 2 372 лісты, якія былі перададзеныя на почырказнаўчую экспэртызу».
Ішоў восьмы месяц існаваньня незалежнай дзяржавы, працы было — не разгрэбці, а дзяржаўны апарат правяраў падпісныя лісты, выратоўваў Вярхоўны Савет. Ну і сябе, канешне.
Але ўсе спробы даказаць, што БНФ ня здолеў набраць прадугледжаную законам колькасьць подпісаў, былі марнымі.
Паводле Абрамовіча, «было выяўлена, што з агульнай колькасьці 446 тысячаў 61 подпісу — 51 тысяча 363 подпісы былі прызнаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй як аформленыя з рознымі адступленьнямі. Зь яўнымі парушэньнямі патрабаваньня Закону аб рэфэрэндуме была аформлена колькасьць падпісных лістоў і подпісаў, якая складае менш за адзін працэнт ад агульнай колькасьці сабраных подпісаў».
Заўважым: гаворка ідзе не пра нейкія падробкі, не пра фальсыфікацыі — а пра парушэньні пры афармленьні (пры тым што і сама Ініцыятыўная група забракавала немалую колькасьць падпісных лістоў).
І нават пры гэтым афіцыйна прызнаных подпісаў для прызначэньня рэфэрэндуму аказалася больш, чым патрабаваў Закон — 384 тысячы.