Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі дапамагло вырашыць канфлікт вакол помніка Касьцюшку. І знайшло спонсараў


Эпапэя вакол ушанаваньня ў Швайцарыі Тадэвуша Касьцюшкі скончылася. Сёньня ў Залятурне, дзе памёр нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, усталявалі помнік і шыльду зь беларускім надпісам.

«Без дапамогі грамадзкіх арганізацыяў, фізычных асобаў, іх лістоў і скаргаў гэта было б немагчыма. А пасьля таго, як пра скандал пачалі шырока пісаць СМІ, умяшаўся і МЗС Беларусі» — распавёў Свабодзе старшыня Аб’яднаньня беларусаў Швайцарыі Аляксандар Сапега.

Аляксандар Сапега
Аляксандар Сапега

Усталяваньне помніка завершылася сёньня папоўдні. Разам з помнікам замацаваная шыльда з надпісам «Тадэвуш Касьцюшка. 1746–1817. Ад Беларускага аб’яднаньня ў Швайцарыі. 2017 год» па-беларуску і нямецку. Гэты тэкст стаў вынікам кампрамісу пасьля канфлікту швайцарскіх беларусаў з польскім паслом Якубам Кумахам.

Польскаму дыплямату не спадабаўся тэкст на шыльдзе: «Сыну Беларусі ад удзячных суайчыньньнікаў». Ён таксама прапанаваў адмовіцца ад беларускай мовы і пакінуць толькі нямецкамоўны надпіс «Тадэвуш Касьцюшка. 1746–1817».

Паводле Аляксандра Сапегі, вырашыць канфліктнае пытаньне дапамог кіраўнік беларускай дыпляматычнай місіі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч. Яшчэ да таго, як беларуская суполка агучыла прэтэнзіі польскага боку публічна, беларускі дыплямат раіў сустрэцца з мэрам Залятурну Куртам Флюры і вырашаць пытаньне зь ім.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч і мэр гораду Залятурн Курт Флюры
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч і мэр гораду Залятурн Курт Флюры

«Часовы павераны сустрэўся з мэрам і распавёў, чаму беларусы маюць лягічнае права пісаць на шыльдзе „Сыну Беларусі ад удзячных суайчыньнікаў“. Ён таксама нагадаў, што шматмоўныя шыльды на помніках бываюць вельмі часта. Але мэр адразу, яшчэ перад сустрэчай, напісаў, што „Сына Беларусі“ ў якасьці кампрамісу быць ня можа», — кажа Аляксандар Сапега.

Беларусы настойвалі, што на шыльдзе абавязкова мае быць згаданы фундатар помніка, а сам тэкст прадубляваны па-беларуску. У назьве арганізацыі-фундатара павінна пісацца Belarussische, а не Weissrussische.

«Мэр не адразу згадзіўся, але ў выніку перамоваў прыняў гэта. Паводле нашай інфармацыі, рашэньне ён прымаў самастойна, без размоваў з палякамі», — кажа старшыня Аб’яднаньня беларусаў Швайцарыі і дадае: — МЗС вельмі нам дапамгло. Усе перамовы з мэрам спадар Мацукевіч узяў на сябе. Думаю, што без падтрымкі зь Менску гэта было б немагчыма".

Дарэчы, дзякуючы Пасольству Беларусі ў Бэрне быў знойдзейны спонсар, які кампэнсаваў Аб’яднаньню беларусаў Швайцарыі траціну нашых выдаткаў. Агулам на выраб і ўсталяваньне помніка выдадзена ня менш за 7 тысяч эўра.

Урачыстае адкрыцьцё помніка ў Залятурне адбудзецца 21 кастрычніка. У цырымоніі, апрача прадстаўнікоў беларускай дыяспары, жыхароў Залятурну, прымуць удзел амбсадарка Літвы і кіраўнік беларускай дыпмісіі ў Бэрне. Пасьля розгаласу ў СМІ, беларус з Фрыбургу Аляксей Шаблыка, які грае ў мясцовым аркестры, прапанаваў выступіць на адкрыцьці разам са сваім калектывам. Падчас адкрыцьця помніку ягоны аркестар выканае гімны Беларусі, Літвы і Швайцарыі.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG