Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт у Менск эўракамісара, які меў запрасіць Лукашэнку ў Брусэль, перанесены


Яганэс Ган
Яганэс Ган

Візіт у Беларусь камісара Эўразьвязу ў эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Яганэса Гана, які быў заплянаваны на 17 кастычніка, адменены.

Пра гэта паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Менску.

«На жаль, камісар у эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Яганэс Ган ня зможа наведаць Менск у аўторак, 17 кастрычніка, як было заплянавана, у сувязі зь нечаканымі, але вельмі важнымі сустрэчамі для падрыхтоўкі пасяджэньня Эўрапейскай рады», — адзначылі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу.

Чарговае пасяджэньне Эўрапейскай рады пройдзе 19-20 кастрычніка ў Брусэлі.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык паведаміў БелаПАН, што візыт эўракамісара Гана перанесены. Паводле яго, МЗС атрымаў адпаведнае апавяшчэньне з Эўразьвязу.

«Мы шкадуем, што візыт перанесены. Беларускі бок зацікаўлены ў працягу разьвіцьця супрацоўніцтва з Эўразьвязам», — дадаў Мірончык.

У ходзе візыту плянаваліся сустрэчы Гана з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем, прадстаўнікамі апазыцыі, праваабарончым аб’яднаньнем «Беларускі Хэльсынскі камітэт» і ўдзельнікамі праекту «МОСТ».

Чакалася, што эўракамісар прывязе афіцыйнае запрашэньне для Беларусі на ўдзел у саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі ў канцы лістапада.

Прэс-сакратарка Эўразьвязу ў пытаньнях замежных справаў і палітыкі бясьпекі Мая Кацыянчыч на мінулым тыдні паведаміла, што запрашэньні для ўсіх шасьці краінаў — удзельніц «Усходняга партнэрства» (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) былі падпісаныя старшынёй Эўразьвязу Дональдам Тускам, кіраўніком Эўракамісіі Жанам-Клёдам Юнкерам і прэм’ер-міністрам Эстоніі, які старшынюе ў Эўразьвязе, Юрыем Ратасам. Беларусь запрошаная на саміт на такіх жа ўмовах, як і ўсе астатнія ўдзельнікі «Ўсходняга партнэрства». «Хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце, вырашае Менск», — дадала Качыянчыч.

Саміт «Усходняга партнэрства» ў Брусэлі можа стаць першым, у якім прыме ўдзел Аляксандар Лукашэнка. На пяці папярэдніх самітах Беларусь прадстаўлялі чыноўнікі рознага ўзроўню: на апошняй сустрэчы ў Рызе ў 2015 годзе дэлегацыю ўзначальваў міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG