Калі вы сачылі за нашымі папярэднімі артыкуламі ў рубрыцы «На здароўе!», то маглі заўважыць, што яны былі прысьвечаны самым розным бакам прафіляктыкі, захаваньня і падтрыманьня здароўя. Цяпер жа мы вырашылі засяродзіцца менавіта на праблеме правільнага харчаваньня.
Нехта скажа, што гэтая тэма важная менавіта таму, што ўвесь час растуць цэны, невядома што і як купляць пры недахопе грошай і зусім невялікай пэнсіі. Мы, канешне, будзем абмяркоўваць і гэтую праблему — як правільна харчавацца ва ўмовах недахопу рэсурсаў. Але правільнае харчаваньне цікавіць спэцыялістаў і ў разьвітых краінах. Напрыклад, Беларускае рэспубліканскае геранталягічнае грамадзкае аб’яднаньне, сябрамі праўленьне якога зьяўляюцца аўтары гэтага артыкулу, сёлета было прынятае назіральнікам у склад таварыства герыятрычнай мэдыцыны краін Эўразьвязу.
І вось якраз у верасьні сёлета ў заможным Эўразьвязе стартаваў праект пад назвай PROMISS, які аб’яднаў 11 краін Эўропы, якія супольна вывучаюць як харчуюцца жыхары сталага ўзросту і якім чынам можна шляхам навукова абгрунтаваных рэкамэндацый, з аднаго боку, палепшыць іх задаволенасьць рацыёнам, а з другога — зрабіць харчаваньне сапраўды карысным і здаровым.
Так што праблемы харчаваньня — гэта ня толькі наша, беларуская праблема, гэта тое, што цікавіць увесь і навуковы, і спажывецкі сьвет. У выніку дасягненьняў цывілізацыі мы апынуліся ў досыць цікавым часе. Дзякуючы таму, што ў ХХ стагодзьдзі зьявіліся якасна новыя мэдычныя тэхналёгіі, якія дазваляюць эфэктыўна лячыць многія віды ракавых пухлін, прадухіляць сардэчна-судзінныя захворваньні і лячыць інфэкцыйныя хваробы, працягласьць жыцьця значна павялічылася. Калі езьдзіш па сьвеце і назіраеш задаволеных людзей вельмі паважанага ўзросту, якія вандруюць і атрымліваюць задавальненьне ад жыцьця, часта думаеш пра тое, што зараз цяжка жывецца моладзі і людзям сярэдняга веку, бо менавіта яны працуюць, гадуюць дзяцей, атрымліваюць удары жыцьця і лёсу, а вось старыя пажынаюць станоўчыя плады даўгалецьця.
Як бы не было цяжка нашым старым з прычыны набытых за жыцьцё хвароб, трэба зазначыць, што і ў Беларусі працягласьць жыцьця значна павялічылася. Паводле колькасьці насельніцтва ва ўзросьце старэй за 60 гадоў, мы супастаўляльныя з краінамі Заходняй Эўропы — яно ў Беларусі складае 20,6%. Для параўнаньня — у Японіі 25,6%, Нямеччыне 24,8%, Грэцыі 22,9%, Вялікай Брытаніі 21,0%, Злучаных Штатах 16,5%. Пры гэтым чаканая працягласьць жыцьця пры нараджэньні сярод мужчын у Беларусі складае 68,6 год (Японія — 79, Ізраіль — 78, Аўстрыя — 76, Кітай і Босьнія — 70, Індыя, Нэпал, Манголія — 61 год), сярод жанчын 78,9 год (Японія — 86, Італія — 84, Аўстрыя і Германія — 82, Румынія, Баўгарыя — 76, Кітай — 74 год).
У любой краіне, і ў Беларусі таксама, людзі сталага ўзросту маюць высокую рызыку «недахарчаваньня» праз наступныя прычыны. Дарэчы, яны павінны ўлічвацца тымі, хто ажыцьцяўляе дагляд за людзьмі паважанага веку. Гэта такія прычыны як узроставая анарэксія (фізіялягічна чалавек сталага ўзросту хутка насычаецца і губляе цікавасьць да ежы), парушэньні зроку, адчуваньня смаку і паху, часта — наяўнасьць дэпрэсіі, адзінота («ну што я буду сабе аднаму гатаваць, вось каб для кагосьці»). У сталым узросьце апэтыт часта парушаецца з прычыны прыёму вялікай колькасьці мэдыкамэнтаў (больш за 5), немагчымасьцю добра жаваць ежу з прычыны дрэннага стану зубоў. У сталым узросьце часта назіраюцца рэакцыі несумяшчаньня зь ежай. Дарэчы, згодна з дадзенымі амэрыканскіх дасьледчыкаў, адна з прычын «недасілкаваньня» людзей сталага ўзросту — адсутнасьць неабходных ведаў пра правільнае і здаровае харчаваньне.
Такім чынам зразумела, што правільнае харчаваньне людзей у сталым узросьце — гэта агульнасусьветная праблема. Яна ўласьцівая і для Беларусі. Мы спадзяемся, што падчас знаёмства з нашым цыклям пра харчаваньне вы зробіце неабходныя высновы і станеце ўжываць больш здаровую ежу, і гэта дапаможа вам атрымліваць большую асалоду ад жыцьця.