Жыхары вуліцы Камсамольскай у Менску пратэстуюць супраць сьпілоўваньня дрэваў, якія былі высаджаныя, калі пасьля вайны забудоўвалі цэнтар гораду.
Палову з 26 ліпаў плянуюць сьпілаваць у зьвязку з рэканструкцыяй вуліцы. Вядзе рэканструкцыю КУП «Мінская спадчына».
Мясцовыя жыхары кажуць, што грамадзкага абмеркаваньня плянаў рэканструкцыі не было. Ужо сабралі подпісы пад зваротам да кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну з просьбай перагледзець плян і пакінуць старыя ліпы.
Заяўнікі зьвярнуліся таксама ў Міністэрства прыроды, дзе ім паабяцалі дапамагчы захаваць дрэвы.