Урачыстае ўручэньне сэртыфікату і самой «карміцелькі», адначае БелТА, на даручэньне кіраўніка дзяржавы прайшло з удзелам першага намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Алега Чыкіды.
З просьбай падарыць карову зьвярнулася на прэзыдэнцкім сайце шматдзетная маці Вольга Сьнігір — маўляў, ёсьць патрэба ў сьвежым малаку для дзяцей.
Пра тое, што ліст дайшоў да адрасата, пасьпяшаліся паведаміць работнікі сацыяльнай службы — літаральна празь некалькі дзён прыехалі абсьледаваць умовы пражываньня і магчымасьць утрыманьня каровы.
«Дзецям трэба здаровае і правільнае харчаваньне, — адзначыў Алег Чыкіда. — Кіраўнік дзяржавы даручыў аказаць падтрымку, дзеля гэтага мясцовая гаспадарка „Ясень-АГРА“ набыла карову, якая дае за суткі 25 кг малака. Гэтага хопіць, каб забясьпечыць шматдзетную сям’ю сьвежым малаком і гатаваць іншыя свойскія прадукты — тварог, сьмятану, вяршкі».
Паводле чыноўніка, жывёла прайшла «кастынг»: выбіралі, каб яна была прадукцыйная, здаровая, спакойная. Да таго ж карова цельная, таму ў лютым-сакавіку будзе папаўненьне.
Каб палегчыць жыцьцё шматдзетнай маці, ёй зрабілі яшчэ адзін падарунак — даільны апарат.