Тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці атрымаў былы начальнік Гомельскага абласнога ўпраўленьня Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні Сяргей Б. Такі вырак, як паведамляе прэсавая служба абласнога суду, вынес чыноўніку суд Цэнтральнага раёну Гомля.
У судзе пацьверджана, што Сяргей Б. з чэрвеня 2012 па лістапад 2016 году дваццаць разоў атрымліваў хабар за выдзяленьне пуцёвак у санаторыі Беларусі, а таксама латвійскай Юрмалы і расейскіх Туапсэ й Сочы. Некаторыя дарослыя гамельчукі незаконна атрымлівалі пуцёўкі з частковай аплатай, а іхнім дзецям пуцёўкі даставаліся задарма.
Яшчэ на стадыі папярэдняга сьледзтва чыноўнік цалкам вярнуў грошы.
Таксама на тры гады пазбаўленьня волі суд Цэнтральнага раёну Гомля асудзіў і былую намесьніцу начальніка ўпраўленьня прымусовага выкананьня галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму — за хабар ад службоўцаў камэрцыйных ды дзяржаўных структураў.
Да чыноўніцы яны зьвярталіся з просьбамі часова спыніць арышт грашовых рахункаў прадпрыемстваў, а таксама паспрыяць пры спагнаньні запазычанасьці па плацяжах. Намесьніца начальніка ўпраўленьня атрымлівала «за спрыяньне» бульбу, сьвініну, памідоры, перац, яблыкі, зялёны гарошак і нават павідла. Задобрывалі чыноўніцу таксама цукеркамі ды шампанскім.
У судзе чыноўніца віны не прызнала. Тлумачыла, што шмат у якіх гаспадарках фінансавая сытуацыя была «катастрафічная», таму часовае вызваленьне разьліковых рахункаў з-пад арышту дазваляла прадпрыемствам хоць неяк функцыянаваць, займацца гаспадарчай дзейнасьцю.
Прысуды не набылі юрыдычнай моцы — іх могуць аспрэчыць або апратэставаць.
Гомельскі суд вынес прысуды двум чыноўнікам за хабарніцтва. Адзін за грошы выдзяляў санаторныя пуцёўкі, другая прыпыняла арышт грашовых рахункаў камэрсантам.
Самае папулярнае
1