Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі пракамэнтаваў вызваленьне зь СІЗА Ігара Комліка.
«Я адчуваю вялікую радасьць, бо яго зьняволеньне, безумоўна, было палітычным перасьледам за грамадзкую дзейнасьць. Гэта былі два месяцы ў зьняволеньні, мы былі вельмі ўстрывожаныя. Шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый прызналі яго палітвязьнем і рабілі па сваіх магчымасьцях шэраг дзеяньняў, накіраваных на яго вызваленьне. Мы дамагліся яго вызваленьня. Але, я думаю, тут вельмі значную ролю адыграла і рэакцыя беларускага грамадзтва, якая была на баку Ігара Комліка. І, мабыць, пэўныя дыпляматычныя захады, накіраваныя на яго вызваленьне.
І нашы звароты падчас міжнародных сустрэч з дыпляматамі і эўрапейскімі чыноўнікамі, і таксама дзеяньні прафсаюзу РЭП і іншых асобаў на беларускім палітычным полі далі добры вынік.
Гэта паказвае, што калі ёсьць узгодненая і салідарная пазыцыя адносна палітвязьняў, яна можа даць такі хуткі станоўчы эфэкт. Хоць справа не закрытая,
Вельмі хочацца спадзявацца, што справа будзе спыненая яшчэ да суду.
Комлік застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе, і яму прызначаная чарговая сустрэча са сьледчым. То бок пагроза для зьняволеньня пасьля суду не зьнікае. І сам суд не адмяняецца і адносна Генадзя Фядыніча, і адносна Ігара Комліка.
Таму будзем бачыць, як будзе разьвівацца гэтая справа. Вельмі хочацца спадзявацца, што справа будзе спыненая яшчэ да суду, але верагодны і суд. Таму мы будзем далей гаварыць пра палітычны перасьлед у дачыненьні да Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча да той хвіліны, пакуль гэтая справа ня спыненая».