Акрамя чатырох дзяўчынак з 34-й школы на беларускай мове вучацца ў 1-й школе Валянцін Асіпчык ды Дар’я Койда. Тамсама ў адзіноце наведвае восьмую клясу Ялінка Салаўёва. Абедзьве згаданыя школы вызначаныя гарадзкімі ўладамі як базавыя для фармаваньня клясаў зь беларускай мовай навучаньня.
Акрамя Магілёва, беларуская кляса зьявілася і ў Бабруйску. У тамтэйшай 17-й школе веды на беларускай мове спасьцігае Сьцяпан Хадарэнка.
Маці школьніцы: «У малой клясе больш увагі вучню»
Вучаніца другой клясы 34-й школы Соф’я Абуховіч год вучылася ў вёсцы Паплавы, што на Віцебшчыне. Днямі яе сям’я пераехала ў Магілёў, і паколькі дзяўчынка вучылася па-беларуску ў вясковай школе, то бацькі бяз роздумаў аддалі яе ў гарадзкую зь беларускай мовай навучаньня.
Пра беларускую клясу маці вучаніцы, Алеся Ўладзімераўна, даведалася ад дырэктара школы Ігара Якіменкі, калі прыйшла знаёміцца з навучальнай установай. Тое, што ў клясе трое вучняў, яе не зьбянтэжыла і асабліва не зьдзівіла.
«Большасьць дзяцей жа гавораць па-расейску, і зразумела, што іхныя бацькі аддаюць перавагу клясам з расейскай мовай навучаньня», — патлумачыла Алеся Ўладзімераўна.
«Мы ж палічылі, што Соф’і будзе значна лягчэй пачынаць вучобу ў новай школе менавіта ў клясе зь беларускай мовай навучаньня, бо для яе гэта звыкла. Яна вучылася зь беларускімі падручнікамі. У клясе з малой колькасьцю вучняў больш увагі ўдзяляецца кожнаму з іх, што пазытыўна адаб’ецца на пасьпяховасьці», — сказала маці школьніцы.
«Акрамя таго, — працягвала яна, — у невялікім калектыве дачка хутчэй адаптуецца да новай школы. Яна вучылася ў клясе, дзе было 13 дзяцей, а тут яе чакала кляса з трыццацьцю аднаклясьнікамі адразу. Зразумела, і паводзіны гарадзкіх вучняў адрозьніваюцца ад тых, якія былі звыклымі для дачкі. А Соф’я у нас дзяўчынка больш спакойная. І нас турбавала, як да яе паставяцца ў вялікім калектыве».
«Зьдзівіла беларуская гаворка на ўроках»
Паводле Алесі Ўладзімераўны, першыя дні навучаньня ў невялікай кампаніі Соф’і спадабаліся. Зь дзяўчынкамі яна пасябравала хутка. Спадабалася ёй і настаўніца.
«Адзінае, на што зьвярнула ўвагу дачка, гэта на выкладаньне матэрыялу выключна па-беларуску і адказы аднаклясьніц таксама на беларускай мове, — пераказала суразмоўца першыя даччыны ўражаньні ад вучобы. — Яна прызнала, што, хоць і вучылася ў беларускай школе, але на першых уроках было нязвыкла чуць пастаянна родную мову. Цяпер з дачкой вечарамі гаворым па-беларуску, каб падцягнуць наша веданьне мовы».
Алесі Ўладзімераўне не давялося ў школе вучыць беларускую, бо жыла яна ў Карэліі, куды была перабралася яе маці.
«Цяпер з дачкой разам вучым родную мову, — сказала яна. — Соф’ю настройваю, што мы жывём у сваёй краіне са сваёй мовай і яе мусім ведаць. Падахвочваю да гэтага. Кнігі беларускія чытаем. Пакуль у нас цьвёрдыя намеры, каб дзіця адвучылася па-беларуску ў пачатковай школе, а там далей будзем глядзець».
Настаўніца Лідзія Ціханоўская кажа, што папаўненьне клясы Соф’яй Абуховіч ёю ўспрынятае як падарунак да Дня настаўніка. Паводле яе, вучнёўскі калектыў цёпла сустрэў новенькую і стараецца ёй дапамагчы з вучобаю па-беларуску.
Чыноўнікі: паўнавартасная кляса зьявіцца налета
Паводле чыноўнікаў, стварэньне новых клясаў зь беларускай мовай навучаньня ў Магілёве маруднае, бо бацькі ня хочуць аддаваць дзяцей вучыцца па-беларуску. Рупліўцы ж беларушчыны трымаюцца пазыцыі, што чыноўнікі і адміністрацыі школаў не ўдзяляюць належнай увагі разьвіцьцю ў горадзе беларускага школьніцтва.
На адной з апошніх дыскусіяў на тэму беларускамоўнага навучаньня службоўцы запэўнілі, што да наступнага навучальнага году на базе 45-й школы будзе сфармаваная паўнавартасная кляса зь беларускай мовай навучаньня.