Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Партыі БНФ перамагла стабільнасьць


Нягледзячы на фармальную ўнутрыпартыйную дэмакратыю, кіраўніцтва сёньняшніх апазыцыйных партыяў някепска навучылася забясьпечваць «кіраваную пераемнасьць».

Апошнія 20 гадоў зьезды БНФ былі прынаднай для журналістаў падзеяй. Расколы, скандалы, узаемныя абвінавачваньні, дэмаршы, выключэньні з партыі — усё гэта нязьменна спадарожнічала жыцьцю БНФ. Напэўна, на гэтыя часы варта забыцца.

Сытуацыя перад зьездам, калі Аляксей Янукевіч, што кіраваў партыяй БНФ апошнія 8 гадоў, паводле Статуту ўжо ня мог вылучацца на наступны тэрмін — здавалася б, спрыяла традыцыйным інтрыгам і супрацьстаяньню. Урэшце, яшчэ ў жніўні выглядала, што ў партыі быў знойдзены элегантны і прывабны (ва ўсіх сэнсах гэтага слова) выхад з такой сытуацыі — полацкая актывістка Вольга Дамаскіна. Пасьля абвяшчэньня яе кандыдатуры многія адразу ўспрынялі яе як «пераемніка» — вызначаную і падтрыманую кіраўніцтвам прэтэндэнтку на пасаду старшыні партыі.

А далей здарылася наступнае (гэта толькі мая прыватная вэрсія). У «Інтэрвію тыдня» на Свабодзе Вольга неасьцярожна выказалася, што ў выпадку абраньня зьбіраецца кіраваць партыяй «два тэрміны». Гэта яўна не ўваходзіла ў пляны Аляксея Янукевіча і таго кола асобаў, якія называюцца «кіраўніцтвам партыі». У выніку літаральна за некалькі тыдняў да зьезду з Магілёву прыходзіць сэнсацыйная навіна, што былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў, насуперак сваім ранейшым заявам наконт «даць дарогу маладым» — пагаджаецца вылучацца на старшыню партыі. Пасьля гэтага адразу стала зразумела, хто ж ёсьць асноўны, падтрыманы кіраўніцтвам кандыдат на пасаду старшыні.

Кандыдатка на старшыню БНФ Дамаскіна: «Я не Мядзьведзеў, я іду на два тэрміны»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:46 0:00

У інтэрвію Свабодзе Аляксей Янукевіч прапанаваў сваю вэрсію таго, чаму Вольга Дамаскіна не апраўдала давер кіраўніцтва: «Але, пры ўсёй павазе да Вольгі, мы бачым, што яна ня ўдзельнічае ў сходах па вылучэньні кандыдатаў, не стварае інфармацыйныя нагоды, ад моманту інтэрвію на Свабодзе мы ня можам узгадаць нічога іншага. За тры месяцы інфармацыйнай кампаніі гэта малавата. Яна нават у Фэйсбуку ня піша пра партыю, не выступае зь нейкімі прапановамі. У выніку склалася сытуацыя, калі ты ня можаш падтрымаць Вольгу Дамаскіну, бо ты ня можаш падтрымаць пустату, ты ня можаш падтрымаць тое, чаго не існуе».

У вэрсіі самой Дамаскінай, якую яна агучыла, адказваючы на пытаньне дэлегатаў зьезду, чаму згубіла давер кіраўніцтва партыі, гэта прагучала больш тонка: «Магчыма, таму, што Аляксей Янукевіч ня мог вызначыцца, кім я буду «старшынёй» ці «старшынькай». Падтэкст гэтага адказу Дамаскінай відавочны — «мяне хацелі бачыць „старшынькай“, то бок такім кіраўніком, які мае пераважна прадстаўнічыя функцыі, але нічога не вырашае».

Трэба аддаць належнае Вользе: на зьезьдзе яна змагалася. Адзіная з кандыдатаў падрыхтавала для дэлегатаў прыгожыя, на глянцавай паперы аркушы з сваёй біяграфіяй і праграмай. Выступаючы з трыбуны, Дамаскіна працытавала Маргарэт Тэтчэр: «Калі вы хочаце, каб нешта было зроблена — клічце жанчыну». Але я моцна сумняюся, што гэтыя словы надта станоўча адгукнуліся ў сэрцах дэлегатаў, якія працэнтаў на 80 складаліся з мужчынаў пераважна сталага ўзросту.

У любым выпадку, вынікі галасаваньня за старшыню партыі: Кастусёў — 107, Дамаскіна — 32, іншыя прэтэндэнты адпаведна 12, 7 і 2 галасы — паказалі, што дэлегаты ня хочуць ніякіх сюрпрызаў і нечаканасьцяў.

А, як і большасьць беларусаў, хочуць стабільнасьці і пераемнасьці курсу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG