Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Масква заклікала беларускіх афіцэраў прысягнуць на вернасьць РФ


У “Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе” выйшла кніга Сяргея Навумчыка “Дзевяноста другі”. Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Адразу пасьля абвяшчэньня пра намер дамагчыся рэфэрэндуму нашая праца ў Вярхоўным Савеце ўскладнілася. Яна і раней не была простай з улікам таго, што Апазыцыя БНФ складала толькі дзясятую частку дэпутацкага корпусу. Пра неабходнасьць новых выбараў мы казалі з самага пачатку працы Вярхоўнага Савету, пасьля жніўня 1991-га гэта было адным з асноўных палітычных патрабаваньняў Народнага Фронту. Цяпер жа пэрспэктыва пакінуць дэпутацкія крэслы для прадстаўнікоў намэнклятуры рабілася цалкам рэальнай. Гэта, вядома, не магло не адбіцца на іх стаўленьні да нас.

І ў такіх умовах нам даводзілася прасоўваць патрэбныя для ўмацаваньня дзяржаўнасьці законапраекты і пастановы, пераконваць сваіх палітычных апанэнтаў у неабходнасьці неадкладных рашэньняў.

У тыя дні было цяжка вылучыць нейкую адну, самую надзённую, праблему — трэба было і ўласныя грошы ўводзіць, і пакеты эканамічных законаў прымаць, і вызначацца з вэктарам міжнароднай палітыкі.

Але самай вострай тэмай было войска.

Увогуле, гэта — асноўны палітычны сюжэт наступнага, 1993 году, калі Беларусь, нягледзячы на супраціўленьне Апазыцыі БНФ будзе ўцягнутая ў арбіту інтарэсаў маскоўскага Генштабу праз далучэньне да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД. Але завязваўся гэты сюжэт менавіта ў 1992-ім.

Войска — першае, пра што даводзіцца клапаціцца палітыкам у новаабвешчанай дзяржаве. Для нас сытуацыя абцяжарвалася наяўнасьцю ядзернай зброі.

«​…Амэрыка прызнае ў якасьці ядзернай дзяржавы толькі Расею»​

Ядзерныя боегалоўкі — першае, што цікавіла Захад (найперш Злучаныя Штаты) у Беларусі. Так, у траўні аглядальнік «Літаратуры і мастацтва» пісаў: «ЗША прапанавалі ўрадам Беларусі, Казахстану і Ўкраіны падпісаць пратакол аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ў якасьці ўмовы… прызнаньня гэтых рэспублік. (Зь якімі ЗША ўжо ўстанавілі дыпляматычныя адносіны ў поўным аб’ёме!).

Вашынгтонская адміністрацыя адкрыта націскае на рэспублікі, на тэрыторыі якіх ёсьць ядзерная зброя, пры гэтым не хаваючы, што Амэрыка прызнае ў якасьці ядзернай дзяржавы толькі Расею. Акрамя ўсяго іншага, гэта азначае, што Рэспубліка Беларусь, хоць і пацьвердзіла сваю гатоўнасьць да поўнага ядзернага раззбраеньня, пачынае сутыкацца з сур’ёзнымі праблемамі ў адносінах з Захадам, і ў прыватнасьці — павінна яшчэ даказаць сьвету сваё права на самастойную сувэрэнную палітыку» («Літаратура і мастацтва», 8 траўня 1992).

Мы ж бачылі найбольшую небясьпеку ў непрыманьні афіцэрамі і генэралітэтам ідэі беларускай дзяржаўнасьці.

Колькасьць беларусаў сярод афіцэраў складала толькі 18%

На тэрыторыі Беларусі разьмяшчалася магутная вайсковая групоўка, якая юрыдычна пакуль не падпарадкоўвалася Менску.

У савецкіх вайскоўцаў Чырванасьцяжная Беларуская вайсковая акруга лічылася вельмі добрым месцам службы, бо Беларусь — гэта не Сярэдняя Азія, не далёкі Ўсход і не Сібір. Большасьць афіцэраў, якія служылі ў трох дысьлякаваных у Беларусі арміях, а таксама ў штабе ў Менску, былі не беларусы паводле паходжаньня — на пачатак 1992 году колькасьць беларусаў сярод афіцэраў складала толькі 18%. У БССР дзеці вайскоўцаў афіцыйна былі вызваленыя ад вывучэньня беларускай мовы.

Акрамя таго, многія афіцэры, якія па выхадзе на пэнсію мелі права абраць якое заўгодна месца жыхарства (акрамя Масквы і Ленінграду), абіралі Беларусь (пераважна — Менск). Вайскоўцаў — пэнсіянэраў на пачатак 1992 году ў Беларусі было 84 тысячы.

Гэта — насельніцтва такога гораду, як Полацак. Плаціць пэнсіі гэтым людзям павінна была беларуская дзяржава.

Нарэшце, у адпаведнасьці з падпісаным яшчэ ў часы СССР паміж Масквой і Бонам пагадненьнем, у Беларусь меліся прыехаць тысячы афіцэраў зь сем'ямі пасьля вываду савецкіх войскаў зь Нямеччыны. Так, Нямеччына выдаткоўвала сродкі на будаўніцтва жыльля, але сацыяльнае забесьпячэньне цалкам клалася на Беларусь. Лішне казаць, што абсалютная большасьць зь іх у будучыні ніколі не падтрымлівала адраджэнскія палітычныя сілы.

Усё гэта стварала і сацыяльную напружанасьць, але ў большай ступені — палітычную, бо войска не было беларускім. Цягам усяго 1992 году афіцэры не прыводзіліся да прысягі на вернасьць беларускаму народу, беларускай дзяржаве.

Масква заклікае афіцэраў у Беларусі прыняць прысягу на вернасьць РФ

А пачаўся 1992-гі з таго, што былы міністар абароны СССР маршал Яўген Шапашнікаў, на якога ў канцы сьнежня 1991-га кіраўнікамі краінаў СНД было ўскладзена камандаваньне ўзброенымі сіламі Садружнасьці «да іх рэфармаваньня», даслаў ва ўсе вайсковыя часткі шыфраграмы з заклікам прысягнуць на вернасьць Расейскай Фэдэрацыі.

Пры гэтым Шапашнікаў зусім не ўяўляў сабой «імпэрскага ястраба» — у жніўні 1991-га ён ня быў на баку ГКЧП і нават прапанаваў тагачаснаму міністру абароны разагнаць путчыстаў, а ў сьнежні 1991-га адразу падтрымаў дэнансацыю Саюзнай дамовы 1922 году. За што ўдзельнікі «Ўсеармейскай нарады» абвінавацілі яго ў здрадзе інтарэсам войска (маючы на ўвазе, канешне, найперш падтрымку распаду СССР).

Карыкатура з газэты Свабода, 1992, мастак Сяргей Харэўскі
Карыкатура з газэты Свабода, 1992, мастак Сяргей Харэўскі

Пра гэты сход, які адбыўся 17 студзеня у Крамлёўскім Палацы зьездаў, варта сказаць асобна — у тыя дні ён успрымаўся не апошняй падзеяй, ён трансьляваўся па тэлебачаньні (у тым ліку і ў Беларусі), а для нас быў індыкатарам настрояў у войску.

Настрояў, якія для беларускай дзяржаўнасьці (дый для сувэрэнітэту іншых былых савецкіх рэспублік) выявіліся вельмі небясьпечнымі.

Назіраючы па тэлебачаньні за сходам, я адчуў такія самыя эмоцыі, якія перажыў некалькімі днямі раней, сустракаючыся ў Віцебску з афіцэрамі знакамітай дэсантнай дывізіі: вайскоўцы, мякка кажучы, былі не ў захапленьні ад узьнікненьня на мапе сьвету новай незалежнай дзяржавы.

«Зь якім нахабствам удзельнікі сходу патрабавалі выклікаць да сябе кіраўнікоў незалежных дзяржаў, — абураўся ў лісьце ў штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» падпалкоўнік запасу з Масквы Ігар Паўлоўскі, — Хто даў ім на гэта права? Дарэчы, мяне зьдзівіла тое, што два прэзыдэнты, Б. Ельцын і Н. Назарбаеў, не паставілі гэтых нахабнікаў на месца. Трэба было гэта зрабіць абавязкова. Паказаць ім, давесьці, што войска існуе для народу, для дзяржавы, а не наадварот» і далей: «Пакуль яшчэ значная частка афіцэраў, асабліва расейцаў, прытрымліваецца вялікадзяржаўных, шавіністычных, прабальшавіцкіх поглядаў. Яны, на жаль, склалі большасьць паміж удзельнікамі гэтага сходу. Але ва ўзброеных сілах былога СССР ёсьць ня менш за іх сумленных афіцэраў, што сэрцам сваім падтрымліваюць натуральныя дэмакратычныя імкненьні народаў да волі, да нацыянальнай незалежнасьці» («Літаратура і мастацтва», 31 студзеня 1992).

У той дзень быў сфармаваны «Каардынацыйны савет Усеармейскага афіцэрскага сходу», што было ацэнена як прэтэнзія вайскоўцаў на самастойную палітычную ролю. Але ацэнена грамадзтвам — кіраўнікі дзяржаваў свайго стаўленьня да недапушчальных у якой заўгодна дэмакратычнай краіне палітычных амбіцыяў вайскоўцаў публічна ня выказалі.

Такому маўчаньню можа быць толькі адно тлумачэньне: і Ельцын, і Назарбаеў, і іншыя лідэры цудоўна ўсьведамлялі патэнцыйную небясьпеку ўдзелу шматтысячнага афіцэрскага корпусу ў палітычных працэсах і засьцерагаліся правакаваць, абвастраць і без таго агрэсіўныя настроі. Куды больш выгодна было заваяваць ляяльнасьць вышэйшага генэралітэту — што Ельцыну, які пасьля распаду СССР непадзельна распараджаўся прызначэньнямі і генэральскімі зоркамі, удалося зрабіць даволі проста.

Словам, у пазыцыі ігнараваньня афіцэрскіх настрояў Ельцыным можна было ўбачыць здаровы сэнс.

Розьніца была ў тым, што калі для кіраўніка Расеі праблема мела толькі ўнутрыпалітычны характар, дык для іншых былых рэспублік яна стварала пагрозу існаваньню саміх гэтых дзяржаваў.

Абсалютная большасьць афіцэраў на ўсіх узроўнях не ўспрынялі зьнікненьня Савецкага Саюзу. Для тых, хто служыў у Беларусі, сама ідэя беларускай дзяржаўнасьці была незразумелай, і стаўленьне да беларускай незалежнасьці было варожым.

Калі казаць пра генэралітэт, дык ці не адзіным генэралам, які выказваў бясспрэчную ляяльнасьць да беларускай дзяржавы, быў кіраўнік новаўтворанага міністэрства абароны Пётра Чавус. Некалькі месяцаў штат ягонага міністэрства (уключна з сакратаркай) не налічваў і дзесяці чалавек.

Але ўсе арміі і дывізіі Беларускай Чырванасьцяжнай вайсковай акругі з тысячамі танкаў, з «бэтээрамі» і «бээмпэ», з ракетнымі ўстаноўкамі падпарадкоўваліся камандаваньню акругі. А камандуючы, генэрал-палкоўнік Анатоль Кастэнка, прысягу на вернасьць Беларусі не прымаў.

Мы ў дэпутацкай Апазыцыі БНФ і не чакалі іншага, яшчэ ўвосень 1991-га настойваючы на стварэньні паўнавартаснага ўласнага войска. На сэсію Вярхоўнага Савету дэпутаты Апазыцыі БНФ прадставілі адпаведныя законапраекты — але яны не былі прынятыя парлямэнцкай большасьцю. Верасень, кастрычнік, лістапад, сьнежань — Беларусь страчвала час , такі каштоўны для выпрацоўкі самастойнай міжнароднай палітыкі, стварэньня неабходных атрыбутаў незалежнай дзяржавы, уласных грошай, банкаўскай сыстэмы і, вядома, уласнага войска.

Яшчэ горш, што месяцы чаканьня і спадзяваньня кіраўніцтва на дапамогу Масквы былі страчаныя для тлумачальнай працы ў вайсковых частках. Увогуле, адсутнічала дзяржаўная інфармацыйная палітыка, дзяржаўныя СМІ не тлумачылі людзям перавагі жыцьця ў незалежнай краіне (гэтага ня трэба ў якой Францыі або ў Польшчы — а ў Беларусі было неабходна), але адсутнасьць такой працы ў войску замяшчалася агітацыяй палітработнікаў, усіх да аднаго былых камуністаў, якія ў абсалютнай сваёй большасьці, натуральна, ня мелі ніякіх прыхільнасьцяў ні да ідэі беларускага нацыянальнага Адраджэньня, ні да беларускай дзяржаўнасьці.

«​Ці ведае Шушкевіч, што чакае здраднікаў на Русі?»​

Настроі ў афіцэрскім корпусе выразна адчуў Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, калі спаткаўся зь вялікай групай вайскоўцаў.

«... першым да мікрафона рвануўся дзядзок у пагонах маёра, — пісаў карэспандэнт «ЛіМу». — Маёр Галаўня, як ён адрэкамэндаваўся, мэталічным пракурорскім голасам сурова запытаў, хто ж гэтаСтаніславу Шушкевічу дазволіў адабраць у мільёнаў людзей такое ўлюбёнае грамадзянства СССР? Як ён асьмеліўся праігнараваць рэфэрэндум, зьнюхаўшыся са здраднікамі накшталт Краўчука і Ельцына, згвалціць самае сьвятое — Радзіму-маці? Што ён скажа, калі мы выступім на абарону СССР і скароцім тых, хто здрадзіў? І ці ведае Станіслаў Станіслававіч, што чакала ва ўсе часы здраднікаў на Русі? Самым сумным у наступную хвіліну стала тое, што ці ня чвэрць залі пачала пляскаць у ладкі, выказваючы сваё захапленьне такой «сьмеласьцю» т. Галаўні. Цяжка перадаць тое адчуваньне абразы, гідлівасьці, а ўрэшце і жалю, якое ахапіла нас, прадстаўнікоў прэсы незалежнай Беларусі, і цяжка ўявіць сабе, як толькі стрымаўся Станіслаў Шушкевіч. Але ён стрымаўся. Ён спакойна даслухаў пытаньні іншых выступаючых, запісаў іх прапановы, узважыў іх пазыцыі і ацэнкі. А потым ці ня дзьве гадзіны трымаў сваю пазыцыю, пазыцыю сувэрэннай беларускай дзяржавы. Яшчэ вельмі нядаўна Шушкевіча можна было абвінаваціць у ваганьнях, у хістаньнях і нерашучасьці. Апошнім часам ён дзейнічае інакш. У той дзень было сапраўды прыемна глядзець, як кіраўнік дзяржавы спакойна і доказна, з пачуцьцём гонару за сваю краіну расставіў усе кропкі над «і».

Вось некалькі тэзісаў выступу Шушкевіча, у пераказе прысутнага на сустрэчы карэспандэнта «ЛіМу»:

«Перш за ўсё ён зьвярнуўся да Галаўні. Нагадаў, ... што знаходзіцца той на Беларусі, а не на Русі. І пытаньне трэба ставіць аб здрадніцтве гэтай зямлі. Самае страшнае, сказаў С. Шушкевіч, даць зброю ў рукі несьвядомых людзей, у ненадзейныя рукі. Выступленьне маёра было расцэнена як звычайнае салдафонства, няздольнасьць да элемэнтарнага аналізу падзей і палітычных умоў».

«Вярхоўны Савет рэспублікі вызначыўся — Беларусі быць бязьядзернай і нэўтральнай краінай. Гэта азначае немагчымасьць уступленьня ў любыя вайскова-палітычныя блёкі».

«Армія жыве так, як жыве народ. Цывільныя людзі жывуць ня лепш за вайскоўцаў».

«84 тысячы вайскоўцаў-пэнсіянэраў пражывае на тэрыторыі Беларусі. Толькі на пэнсійнае забесьпячэньне ім патрэбна больш за мільярд рублёў».

«У самым хуткім часе Вярхоўны Савет павінен прыняць тэкст прысягі для тых, хто будзе служыць на Беларусі. Прапанову Шапашнікава — прысягаць Расеі — мы лічым абсалютна не падыходзячай для нас».

«Так, Барыс Мікалаевіч (Ельцын — С.Н.) абяцае вам плаціць. Добра плаціць, маючы друкарскі станок па выпуску грошай. А забясьпечыць іх таварам давядзецца нам. Мы гэта выдатна разумеем. Як выдатна разумеем і тое, што войска Беларусі будзе ствараць выдатнае прыкрыцьцё заходнім межам Расеі. Таму лічым, што забесьпячэньне арміі павінна адбывацца на аснове пагадненьняў з Расеяй: сацыяльныя пытаньні вырашае Беларусь, пытаньні матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня — па дагаворанасьці. Трэба шукаць парытэтныя асновы дагавору з Расеяй».

Вельмі паказальныя апошнія радкі рэпартажу: «Людзі ў форме разыходзіліся з залі. Гледзячы ім у сьпіны, падумалася: вось ідуць будучыя афіцэры, падпарадкаваныя Беларусі. А потым успомніў Галаўню і кампанію, гэтых крумкачоў колеру хакі — і стала сумна, трывожна. Супакойвала тое, што большасьць афіцэраў усё ж шчыра і добразычліва паставіліся да выступленьня нашага Старшыні. ЧБВА, здаецца, паверыла Беларусі...» («Літаратура і мастацтва», 10 студзеня 1992).

ЧБВА — гэта Чырванасьцяжная Беларуская вайсковая акруга, адна з найбольш моцных груповак у СССР. Амаль пяць месяцаў, якія прайшлі пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці ў жніўні 1991-га — у мэнтальным сэнсе ніяк не закранулі дзясяткі тысяч афіцэраў. Можна па-чалавечы паспачуваць Шушкевічу, які патрапіў у непрыязны, калі не сказаць варожы, асяродак — але калі б стварэньне ўласнага войска пачалося яшчэ ў верасьні 1991-га, як прапаноўвалі дэпутаты БНФ, у студзені 1992-га атмасфэра была б іншай.

І ў тыя самыя дні ва Ўкраіне прэзыдэнт Краўчук распарадзіўся прывесьці да прысягі ўсіх афіцэраў і звольніў некалькіх камандуючых акругамі, якія адмовіліся гэта рабіць. Некалькі сотняў афіцэраў, якія не пажадалі скласьці прысягу на вернасьць Украіне і выказалі жаданьне служыць Маскве, зь сем’ямі былі адпраўленыя ў Расею.

Як бы ні было, але на пачатак 1992-га на тэрыторыі Беларусі знаходзілася буйная вайсковая групоўка, у адносінах да якой беларускія патрыёты былі прымушаныя гадаць: «паверыла» яна Беларусі ці «не паверыла»? І што будзе рабіць гэтая шматтысячная групоўка, калі з Масквы прыйдзе сьмяротны для беларускай незалежнасьці загад?

У лютым у інтэрвію францускай газэце Le Monde на пытаньне журналіста адносна спрэчкі паміж Кіевам і Масквой наконт Чарнаморскага флёту, Шушкевіч заўважыў, што ў выпадку, калі дойдзе да падзелу, «мы хацелі б, каб пры гэтым улічваўся і наш уклад (у фінансаваньне гэтага флёту)».

Але гэтыя словы, як і заявы Шушкевіча, зробленыя на сустрэчы з афіцэрамі, не былі падмацаваныя справамі. Да самага канца 1992 году афіцэры не прыводзіліся да прысягі, і збольшага вайсковае будаўніцтва адбывалася пад вялізным уплывам Расеі і ў выніку — у яе інтарэсах.

Сойм БНФ: «​…прыслухайцеся да голасу сэрца»​

Толькі пад канец сакавіка пад націскам дэпутатаў Апазыцыі БНФ Вярхоўны Савет прыняў рашэньне аб стварэньні самастойных узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь.

У красавіку 1992 году Менск і Масква дамовіліся, што большасьць вайскоўцаў ЧБВА — 130 тысяч — перайшлі пад юрысдыкцыю Беларусі. Стратэгічныя войскі засталіся пад Аб’яднаным камандаваньнем СНД, а фактычна — Масквы.

Сойм БНФ па вайсковым пытаньні. Вера Чуйко, Мікола Статкевіч, Зянон Пазьняк, Юрась Хадыка. 1992, фота Ул. Сапагова
Сойм БНФ па вайсковым пытаньні. Вера Чуйко, Мікола Статкевіч, Зянон Пазьняк, Юрась Хадыка. 1992, фота Ул. Сапагова

Яшчэ ў студзені Сойм БНФ прыняў зварот да вайскоўцаў-беларусаў: «Дарагія суайчыньнікі, наступіў цяжкі, але непазьбежны час. Ранейшага СССР — няма. На яго месцы ўзьніклі незалежныя дзяржавы. Адраджаецца да Незалежнасьці, да лепшага жыцьця і наша Бацькаўшчына — Беларусь. Дабрабыт і парадак у нашым доме ніхто, акрамя нас саміх, не наладзіць, і працавіты беларускі народ здолее адрадзіць заможную і культурную беларускую дзяржаву.

На былую савецкую армію працавала, карміла яе і наша Беларусь. У арміі служыць нямала нашых землякоў. Вось чаму Рэспубліка Беларусь зусім правамерна стварае ўласнае войска і падпарадкоўвае сабе ўсе ўзброеныя сілы на сваёй тэрыторыі, акрамя ядзерных сілаў стратэгічнага прызначэньня....

Дзе б вы ні служылі — мы заклікаем вас прыслухацца да голасу сэрца, памятаць пра тое, што вы маеце Бацькаўшчыну і ёй патрэбныя. Не сьпяшайцеся прымаць прысягу на вернасьць іншым дзяржавам. Ведайце: Беларусь чакае вас!».

На заклік пачалі актыўна адгукацца беларускія афіцэры — але іх вяртаньне тармазілі генэралы ў штабе былой Чырванасьцяжнай Беларускай вайсковай акругі, большасьць зь якіх не нарадзілася ў Беларусі і не адчувалі сябе беларусамі і, канешне, не жадалі страчваць «хлебныя» месцы. Сытуацыя напальвалася — яе апагеем будзе прыняцьце ў верасьні 1992-га прысягі на плошчы перад Домам ураду з удзелам дэпутатаў Апазыцыі БНФ, кіраўніцтва Беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў, пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам і ў прысутнасьці Васіля Быкава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG