У Менгарвыканаме і менскай міліцыі пакуль нічога не расказалі пра акцыю прарасейскай арганізацыі ў цэнтры сталіцы.
Увечары 18 верасьня праз цэнтар Менску праехала аўтакалёна актывістаў прарасейскай арганізацыі «Национально-освободительное движение» (НОД). Калёна зь сямі аўтамабіляў, аздобленых партыйнай сымболікай і сьцягамі, «георгіеўскімі» стужкамі і выявамі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна без перашкод праехала праз увесь горад.
Паводле сайту арганізацыі, рух аўтапрабегу «Вялікая Расея» мусіць узгадняцца зь мясцовымі ўладамі, а таксама мець мясцовае суправаджэньне. У сьпісе населеных пунктаў, празь якія меў прайсьці аўтапрабег, Менск ня значыўся.
Рух актыўна падтрымлівае Пуціна, анэксію Крыму, прарасейскіх сэпаратыстаў у збройным канфлікце на Данбасе.
Ці была дазволеная гэтая акцыя менскімі ўладамі і як паставілася да яе гарадзкая міліцыя?
Начальнік аддзелу грамадзка-масавай працы і моладзевай палітыкі Менгарвыканкаму Юрый Уральскі ня даў ніякай інфармацыі карэспандэнту Свабоды наконт гэтай акцыі.
«Я ня тая асоба, якая мае права камэнтаваць ці даваць нейкую інфармацыю СМІ. Таму нічога вам сказаць не магу», — адказаў ён.
На пытаньне, ці ведае ён пра гэтую акцыю, Юры Ўральскі адмовіўся адказваць.
Ці даваў Менгарвыканкам дазвол на гэтую акцыю? «Я нікому ніякіх дазволаў даваць ня маю права. Я не займаюся такімі акцыямі», — сказаў Уральскі, параіўшы зьвярнуцца ў прэс-службу.
Загадчыца сэктару працы са СМІ Менгарвыканкаму Яўгенія Шымковіч таксама ня здолела нічога паведаміць: «Гарвыканкам такую акцыю не арганізоўваў. А пра дазвол трэба даведвацца ў аддзеле грамадзка-масавай працы».
Прадстаўнік прэс-службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі сказаў Свабодзе, што міліцыі не даюць інфармацыі, ці дазволеная была акцыя.
«Я ня бачыў ніякіх дакумэнтаў, мне ніхто нічога не казаў. Ці мала што ў горадзе адбываецца. Калі што даведаюся, я вам паведамлю», — сказаў Ластоўскі.