Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка перагледзеў свае пляны і, хутчэй за ўсё, не прыедзе ў Расею на вучэньні «Захад-2017». Пра гэта паведаміла расейскае выданьне «Коммерсант».
Раней меркавалася, што Аляксандар Лукашэнка разам з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным наведае адзін з расейскіх палігонаў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў напярэдадні паведаміў, што Пуцін плянуе наведаць адзін з этапаў вучэньняў «Захад-2017». Паводле «Коммерсанта», першапачаткова меркавалася, што Пуцін прыбудзе на расейскі палігон разам са сваім калегам Аляксандрам Лукашэнкам (падобны сцэнар быў падчас вучэньняў «Захад-2013» — спачатку яны наведалі палігон у Гарадзенскай вобласьці, а затым перамясьціліся ў Калінінградзкую). Аднак сёлета Пуцін і Лукашэнка плянуюць наведаюць вучэньні кожны ў сваёй краіне. 14 верасьня на сайце Міністэрства абарны Расеі зьявілася інфармацыя пра перакідваньне падразьдзяленьняў 1-й танкавай арміі на тэрыторыю Беларусі ў рамках вучэньняў. Беларускае Міністэрства абароны гэтую інфармацыю абвергла, заявіўшы, што ўсе расейскія войскі, якія ўдзельнічаюць у манэўрах, ужо прыбылі.