Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Запруднік пра Галіну Руднік: «Мы зь ёю перапісваліся, і я прысьвяціў ёй верш»


Янка Запруднік
Янка Запруднік

Вядомы дзяяч беларускай эміграцыі ў ЗША Янка Запруднік, колішні супрацоўнік Радыё Вызваленьне ў Мюнхэне, у сувязі са сьмерцю Галіны Руднік сказаў нам:

«Я ўпершыню сустрэўся з Галінай у лягеры перамешчаных асобаў ў Нямеччыне ў 1946. Мы разам зь ёю вучыліся ў Гімназіі імя Янкі Купалы ў Баварыі. Пасьля я пераехаў у Англію, а пасьля ў Бэльгію, дзе закончыў унівэрсытэт. З Бэльгіі я прыехаў у Мюнхэн працаваць на Радыё Вызваленьне. А яна там ужо была. Яна працавала сакратаркай амэрыканскага дарадніка беларускай і ўкраінскай рэдакцый Радыё Вызваленьне.

У Галіны Руднік (тады яна яшчэ насіла дзявочае прозьвішча Ганчарэнка) была здольнасьць да моваў. Яна ня толькі чытала беларускія тэксты ў эфіры беларускай рэдакцыі, але вельмі хутка авалодала ўкраінскай мовай і выступала таксама ва ўкраінскім эфіры. Мы працавалі на радыё разам зь ёю да 1957 году, калі я пераехаў у Амэрыку.

Я захоўваю лісты ад яе з часу, калі я, скончыўшы Гімназію, паехаў працаваць у Англію. Мы зь ёю тады перапісваліся. А калі я быў студэнтам у Бэльгіі, яна прыяжджала да нас у адведзіны. Я маю нават адзін верш, прысьвечаны ёй. Нядаўна ў Менску выйшла кніжка „Берагу майго зарніцы“, у якім апублікаваныя мае дзёньнікі са студэнцкіх часоў і вершы. І ў гэтай кніжцы ёсьць адзін верш, прысьвечаны Галіне Ганчарэнцы. Яна была вельмі сьветлай асобай. Вечная ёй памяць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG