Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ва ўсім вінаваты Сорас». Чаму ненавідзяць амэрыканскага мільярдэра


Плякаты са словамі «Не дамо Сорасу сьмяяцца апошнім» у Будапэшцкім мэтро
Плякаты са словамі «Не дамо Сорасу сьмяяцца апошнім» у Будапэшцкім мэтро

«Спрабаваць палепшыць сьвет складаней, чым зарабляць грошы», — кажа Джордж Сорас у прысьвечаным яму роліку на сайце Фонду «Адкрытае грамадзтва». Ён мог бы дадаць: уладальнікі вялікага багацьця часьцей за ўсё выклікаюць ўсеагульнае захапленьне, а спробы паляпшаць сьвет, удалыя ці не, — ураган крытыкі і адкрытай нянавісьці. У выпадку Сораса другое, здаецца, пераважвае: уладальніка 25 мільярдаў даляраў абвінавачваюць у спусташэньні цэлых народаў, у імпарце «каляровых рэвалюцый», дэстабілізацыі дэмакратычна выбраных урадаў, арганізацыі масавай міграцыі мусульман у Эўропу і нават у тэрарызьме.

Самай гучнай з апошніх праяваў рэзкага непрыманьня мільярдэра стала антысорасаўская кампанія, фінансаваная ўрадам Вугоршчыны, выхадцам зь якой Сорас зьяўляецца. У рамках прыдуманай прэм’ерам Вугоршчыны Віктарам Орбанам «нацыянальнай кансультацыі» вугорскія гарады былі заклееныя плякатамі з выявай усьмешлівага Сораса і словамі «Не дамо Сорасу сьмяяцца апошнім». У паменшаным выглядзе тыя ж плякаты разьмяшчаліся на падлозе ў грамадзкім транспарце: уваходзячы ў трамвай, чалавек хоцькі-няхоцькі наступаў на твар Сораса. Расклееныя на вуліцах плякаты неабыякавыя грамадзяне часта дапаўнялі прыпіскамі «Жыд сьмярдзючы» і зоркай Давіда.
Сорас, які практычна ніколі не адказвае на абвінавачаньні ў свой адрас, выступіў з публічнай заявай. «Я засмучаны тым, што ў сваёй кампаніі наўмыснай дэзынфармацыі грамадзтва цяперашні вугорскі рэжым вырашыў зьвярнуцца да антысэміцкай рыторыкі», — сказаў мільярдэр. Калі кампанію асудзіў пасол Ізраілю ў Будапэшце, Міністэрства замежных справаў Ізраілю апублікавала адмысловае «растлумачэньне», у якім ўдакладніла, што заява амбасадара зусім не азначае, што «Джорджа Сораса, чалавека, які ўвесь час шкодзіць дзейнасьці дэмакратычна выбраных урадаў Ізраілю», нельга крытыкаваць. Празь некалькі дзён зь візытам у Будапэшт прыбыў ізраільскі прэм’ер Біньямін Нэтаньяху. На сумеснай прэс-канфэрэнцыі Орбан і Нэтаньяху абвясьцілі, што Вугоршчына будзе закупляць у Ізраілі агароджу для аховы мяжы краіны ад нелегальных імігрантаў. Пра тое, што іх прыезд у Эўропу аплачвае Сорас, у Вугоршчыне гаворыцца пастаянна.

Біньямін Нэтаньяху і Віктар Орбан
Біньямін Нэтаньяху і Віктар Орбан

У ЗША супраць Сораса настроены скрайне правыя. Калі нагугліце артыкул «Дзевяць рэчаў, якія трэба ведаць пра Джорджа Сораса» на якім-небудзь кансэрватыўна-кансьпіралягічныя сайце, унутры абавязкова будзе спасылка на тэкст з назвай «Яшчэ пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра Сораса». У іх можна выявіць такія «ганебныя» для Сораса факты, як тое, напрыклад, што ён унёс максымальна дапушчальную законам суму ў выбарчы фонд Барака Абамы праз некалькі гадзін пасьля таго, як Абама абвясьціў, што ідзе на прэзідэнцкія выбары.

Ведаць мала — трэба дзейнічаць. Пэтыцыя з патрабаваньнем прызнаць Джорджа Сораса тэрарыстам на сайце Белага дому датэрмінова сабрала неабходныя для яе разгляду больш за 100 тысяч галасоў. Цяпер адміністрацыі Трампа давядзецца пісаць афіцыйны адказ абураным грамадзянам.

Чым тлумачыцца падобнае непрыманьне Сораса? Прычынаў, як мінімум, тры.

Сорас — ідэальная постаць для завуаляваных антысэміцкіх нападак і вылучэньня кансьпіралягічных тэорый

Дзёрдзь Шварц нарадзіўся ў Будапэшце ў 1930 годзе ў нерэлігійнай габрэйскай сям’і. Яго бацька, Тывадар Шварц, пасьпяховы адвакат, памяняў прозьвішча на вугорскае пасьля таго, як у 1938 годзе ў сілу ўступілі антыгабрэйскія законы. Падобным чынам паступалі тады многія вугорскія габрэі, якія лічылі сябе хутчэй вугорцамі — хіба што большасьць зрабілі гэты крок значна раней. Так Дзёрдзь Шварц стаў Дзёрдзем Шорашам (s па-вугорску чытаецца як ш). Сям’я перажыла год дэпартацыі вугорскіх габрэяў у Асьвенцім (1944) дзякуючы здабытым бацькам падробленым дакумэнтам. Тывадар Шораш не абмежаваўся выратаваньнем уласнай радні і стаў дапамагаць падробленымі дакумэнтамі іншым, прычым патрабуючы з заможных кліентаў вялікіх грошай, каб мець магчымасьць з гэтых сродкаў аплачваць падробленыя пашпарты для бедных. Пазьней Сорас называў 1944 год самым шчасьлівым у сваім жыцьці: «Замест таго, каб паддацца лёсу, мы супраціўляліся сілам зла, якія былі значна мацнейшыя за нас — і тым ня менш, нам удалося перамагчы. Мы ня толькі выжылі самі, але і змаглі дапамагчы іншым». Бацька Сораса (які эміграваў у ЗША пасьля задушэньня вугорскай рэвалюцыі 1956 году савецкімі войскамі) прысьвяціў ваенным гадам асобную кнігу пад назвай «Маскарад».

Пазьней Сорас (ш у яго прозьвішча тады ўжо ніхто не вымаўляў) сказаў у інтэрвію брытанскаму журналісту Энтані Сэмпсану, што асноўнай рухаючай сілай у яго жыцьці было менавіта габрэйскія паходжаньне — яно радыкальна абвастрае адчуваньне няўпэўненасьці ў быцьці, уласьцівае любому разумнаму чалавеку. Імкненьне да фінансавай заможнасьці можна ў гэтым сьвятле лічыць вынікам працы ахоўнага мэханізму.

Гэтая фатаграфія зроблена ў Бэрліне ў лістападзе 1938 году. Цяпер тэзіс пра сусьветную габрэйскую змову выказваюць у больш завуаляваных формах
Гэтая фатаграфія зроблена ў Бэрліне ў лістападзе 1938 году. Цяпер тэзіс пра сусьветную габрэйскую змову выказваюць у больш завуаляваных формах

З боку, аднак, вобраз сьціплага габрэя-мільярдэра, які сабраў у руках усе ніткі кіраваньня сьветам — клясыка антысэміцкага дыскурсу. Колькі б Сорас ні тлумачыў сваю філянтрапічную дзейнасьць тым, што ён хацеў бы даць старт у жыцьці такім бездапаможным маладым людзям, якім ён сам быў пасьля прыбыцьця ў Англію ў 1948 годзе, аматары паразважаць пра сусьветную габрэйскую змову будуць бачыць у ёй імкненьне стварыць сеткі ўплыву, якія можна будзе актываваць у любы момант дзеля дасягненьня сусьветнага панаваньня.

«Сорас — махінатар, які руйнуе цэлыя народы дзеля ўласнага ўзбагачэньня»

Сорас не заўсёды быў сусьветнай знакамітасьцю. Большую частку свайго амэрыканскага жыцьця (ён пераехаў у ЗША з Англіі ў 1954 годзе) ён правёў у статусе сьціплага мільярдэра, які займаецца інвеставаньнем сродкаў багатых грамадзян праз Soros Management Fund, пазьней пераназваны ў Quantum Foundation.

Сусьветную славу Сорасу прынесла фінансавая апэрацыя 1992 году, пасьля якой ён стаў вядомы як «чалавек, які давёў да галечы Банк Англіі». Падрабязна і ва ўсіх дэталях інвэставаньне Сораса ў брытанскі фунт тлумачыцца тут. А кароткая вэрсія такая.

У кастрычніку 1990 году Брытанія далучылася да эўрапейскай валютнай сыстэмы, зьвязанай з усталяваньнем валютных калідораў. Брытанскі фунт ацанілі ў 2,95 нямецкай маркі, і паводле ўмоваў пагадненьня, яго кошт мог зьмяняцца ў межах ад 2,78 да 3,13 нямецкай маркі. У 1992 годзе Брытанія адчула на сабе ўплыў сусьветнага эканамічнага крызысу. У звычайных умовах урад адказаў бы зьніжэньнем працэнтнай стаўкі і дэвальвацыяй фунта, але сяброўства ў эўрапейскай валютнай сыстэме не дазваляла яму гэтага зрабіць. Фунт аказаўся аб’ектыўна пераацэнены.

Сорас, які бачыў гэтую макраэканамічную тэндэнцыю, паставіў на падзеньне фунта. У сапраўднасьці гэтак сама паступілі і многія іншыя гульцы фінансавага рынку. Адзінае, што адрозьнівала Сораса — гэта аб’ём залучанага у гэтую апэрацыю капіталу (узятага ў крэдыт).

Джордж Сорас, чэрвень 2016
Джордж Сорас, чэрвень 2016

16 верасьня 1992 году, нягледзячы на сутаргавыя павышэньні ўліковай стаўкі, фунт стэрлінгаў упаў. Сорас зарабіў на гэтай апэрацыі мільярд даляраў. Брытанскім падаткаплатнікам тое, што здарылася, абышлося, паводле прыблізных ацэнак, у 3,3 мільярда фунтаў. Вялікабрытанія выйшла з эўрапейскай валютнай сыстэмы і вярнулася да свабоднага валютнага курсу.

Сказаць, што абвал быў выкліканы дзеяньнямі Джорджа Сораса, нельга: ён, як і іншыя інвэстары, убачыў макраэканамічную тэндэнцыю і скарыстаўся ёю. Тым ня менш, тое, што інвэстар, які валодае вельмі вялікім капіталам, здольны ня толькі прытрымлівацца тэндэнцый рынку, але і да нейкай ступені іх узмацняць, не адмаўляе і Сорас.

Складанасьць — калі не сказаць неспасьціжнасьць — функцыянаваньня фінансавых рынкаў — дастатковая падстава для таго, каб вінаваціць буйных гульцоў у спусташэньні цэлых народаў. Агульнае пытаньне аб маральнасьці і грамадзкай мэтазгоднасьці такога роду бізнэсу пры гэтым ня ставіцца, і праблемы капіталу такім чынам ператвараюцца ў праблему Сораса. Арміі іншых інвэстараў, якія робяць грошы з паветра, пры гэтым начыста забываюцца. Ва ўсім вінаватыя фінансавыя верхаводы, але Сорас — вінаваты больш за іншых.

Пры гэтым сам Сорас як раз усьведамляе праблемнасьць таго, чым ён займаецца, і імкнецца канвэртаваць сумнеўны з маральнага пункту гледжаньня фінансавы капітал у філянтрапічную дзейнасьць.

Шмат каму няясна, зь якой філязофіі зыходзіць Сорас ў сваёй дабрачыннай дзейнасьці

Хоць адказ на гэтае пытаньне як раз адназначны. Настаўнікам Сораса ў Лёнданскай школе эканомікі быў аўстрыйскі філёзаф Карл Попэр (1902–1994). Попэр вучыўся ў Вене і спачатку займаўся праблемамі падставаў навуковых ведаў — ім і прысьвечана яго кніга «Лёгіка і рост навуковых ведаў» (1935). У ёй Попэр вызначае навуку як вылучэньне тэорый і іх праверку і — увага — сьцьвярджае, што навуковасьць тэорыі вызначаецца ня столькі магчымасьцю вылучыць аргумэнты ў яе падтрымку, колькі магчымасьцю яе абвергнуць.

Такім чынам Попэр не адмаўляе ў праве на існаваньне агульных палажэньняў і гіпотэзаў (як гэта рабілі б пазытывісты), але настойвае, што навука пачынаецца толькі там, дзе гэтыя агульныя палажэньні і тэорыі адкрытыя для экспэрымэнтальнага абвяржэньня. Менавіта на гэтай падставе Попэр не лічыў навукай псыхааналіз: тэорыі Фрэйда — скажам, пра ўплыў комплексу Эдыпа на фармаваньне псыхічных адхіленьняў — папросту не паддаюцца экспэрымэнтальнаму абвяржэньню. Даказаць, што ніякага эдыпава комплексу няма, немагчыма. Вучэньне Фрэйда па самой сваёй сутнасьці закрытае для абвяржэньня.

Карл Попэр
Карл Попэр

Ключавыя словы тут — закрытасьць і адкрытасьць. Менавіта яны ляглі ў аснову самай знакамітай кнігі Карла Попэра «Адкрытае грамадзтва і яго ворагі» (1945). Попэр напісаў яе падчас Другой сусьветнай вайны ў Новай Зэландыі, дзе яму, пахрышчанаму габрэю, удалося схавацца ад перасьледу нацыстаў. У гэтай кнізе Попэр падрабязна разьбірае і крытыкуе палітычную філязофію Плятона, Гегеля, Маркса і іншых, як ён выказваецца, «ілжэпрарокаў» з той самай пазыцыі, зь якой ён падыходзіць да навукі. Попэр хваліць аналіз грамадзкіх адносін, выкананы гэтымі мысьлярамі, але паказвае, што ідэалы грамадзкага разьвіцьця, якія зацьвярджаюцца ў іх працах, узятыя, груба кажучы, са столі. Прывесьці іх у сутыкненьне з рэальнасьцю можна толькі пачаўшы іх рэалізоўваць, гэта значыць коштам мільёнаў загубленых жыцьцяў. Адначасова засяроджанасьць на гэтых пастуляваных ідэалах абсякае ўсе іншыя — цалкам магчыма, больш спрыяльныя — варыянты разьвіцьця проста за кошт таго, што яны загадзя выключаныя з карціны.

Адпаведна, Попэр прыходзіць да таго, што грамадзтва будзе тым бліжэй да дасягненьня ўсеагульнага дабра, чым шырэй у ім будуць прадстаўлены самыя розныя гіпотэзы, варыянты, меркаваньні. За кошт іх сутыкненьня, калі выяўляецца памылковасьць адной пазыцыі і слушнасьць іншай, толькі і можа ажыцьцяўляцца прагрэс. Найлепшай мадэльлю для рэалізацыі такога апрабоўваньня грамадзкіх ідэй можна, зыходзячы з Попэра, лічыць лібэральную дэмакратыю з гарантаванымі законам грамадзянскімі свабодамі.

Джордж Сорас назваў свой дабрачынны фонд у гонар галоўнай кнігі Попэра, «Адкрытае грамадзтва», і па сутнасьці практычна ажыцьцяўляе выкладзеную Попэрам праграму. Сорас перакананы, што прысутнасьць максымальнай колькасьці перакананьняў ўнутры грамадзкага дыялёгу спрыяе выяўленьню аптымальнага шляху разьвіцьця. Гэтай простай думкай тлумачыцца ўсё, што ён робіць.

Сорас пачаў займацца дабрачыннасьцю ў 1980-я гады — тады ён рабіў гэта як прыватная асоба, і асноўная яго цікавасьць была засяроджаная на краінах савецкага блёку, у тым ліку яго роднай Вугоршчыне, і — у меншай ступені — СССР. Сорас аказваў фінансавую дапамогу вугорскім, чэскім, польскім і савецкім дысыдэнтам (у тым ліку Андрэю Сахараву), дапамагаў вугорскаму культурнаму падпольлю закупляць ксэраксы для тыражаваньня самвыдату і вырашаў іншыя дробныя праблемы. З пункту гледжаньня савецкай улады і ўрадаў краін Варшаўскай дамовы, Сорас падрываў асновы дзяржаўнага ладу. З пункту гледжаньня Попэра, ён імкнуўся «адкрыць» гэтыя грамадзтвы дзеля агульнага дабра.

Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце
Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце

У 1991 годзе Джордж Сорас заснаваў Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт — гуманітарную навучальную ўстанову пасьлядыплёмнага профілю, дзе можна было атрымаць магістарскія і доктарскія ступені амэрыканскага ўзору. Студэнты з постсавецкіх краінаў і краінаў Усходняй Эўропы не плацілі за навучаньне і атрымлівалі стыпэндыі. Унівэрсытэт, паводле Сораса, павінен быў спрыяць інтэлектуальнай дывэрсыфікацыі былой савецкай прасторы і дапамагчы пераходу да лібэральнай дэмакратыі.

Усе ініцыятывы фонду «Адкрытае грамадзтва» — ад падтрымкі адвакацкіх групаў, якія прадстаўляюць інтарэсы вугорскіх цыганоў, афраамэрыканцаў або палестынцаў, да абсталяваньня кампутарных клясаў у расейскіх унівэрсытэтах напрыканцы 1990-х гадоў і падтрымкі кнігавыдавецкіх праграмаў — тлумачацца гэтым тэзісам. Знутры рэжымаў, «адкрыць» якія спрабуе Сорас, яго дзеяньні ўспрымаюцца як пагроза.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG