Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суд над экс-банкірам Багавіком прыйшоў ягоны бацька, легенда беларускага футболу


Анатоль Багавік
Анатоль Багавік

8 верасьня ў Маскоўскім судзе Менску пачалі судзіць былога выканаўчага дырэктара «Беларусбанку» Анатоля Багавіка, якога абвінавачваюць у хабарніцтве і службовых злоўжываньнях.

Экс-банкір Анатоль Багавік быў затрыманы яшчэ 2 жніўня 2016-га і з таго часу знаходзіўся за кратамі. На пачатку працэсу пракурор Яўген Серакоў хадайнічаў аб слуханьні справы Багавіка ў закрытым рэжыме. Пракурор спасылаўся на тое, што матэрыялы справы Багавіка зьмяшчаюць банкаўскія і камэрцыйныя зьвесткі, якія закон забараняе выдаваць публічна. Гэтае хадайніцтва падтрымалі адвакаты падсуднага, аднак судовая калегія на чале з судзьдзёй Вольгай Лістраценкай пакінула паседжаньне адкрытым, спаслаўшыся на тое, што закон не дазваляе закрываць працэс пры адсутнасьці дзяржаўных тайнаў.

Падсудны Анатоль Багавік — сын вядомага футбаліста Анатоля Багавіка, капітана менскага «Дынама» ў пачатку 1970-х. Сам Багавік-малодшы пачынаў спартовую карʼеру як футбаліст, але праз траўму мусіў пайсьці з футболу на мэнэджэрскую працу.

Вядомы ў мінулым футбаліст Анатоль Багавік прыйшоў у суд падтрымаць сына
Вядомы ў мінулым футбаліст Анатоль Багавік прыйшоў у суд падтрымаць сына

У 2010 годзе Анатоль Багавік браў удзел ў цырымоніі праносу алімпійскага агню на зімовай Алімпіядзе ў Ванкувэры і пазьней адзначаў, што стаў першым грамадзянінам сувэрэннай Беларусі, які нёс алімпійскі агонь. Пазьней Багавік-малодшы пачаў працаваць у банкаўскай сфэры, некалькі гадоў узначальваў разьліковы цэнтар банкаўскіх плястыкавых картак «Беларусбанку», адкуль пайшоў на пасаду выканаўчага дырэктара банку. Пакуль невядома, якую суму хабару сьледзтва інкрымінуе Анатолю Багавіку і ці прызнае ён сябе вінаватым. Паводле сваякоў падсуднага, ён віны ў хабарніцтве не прызнае.

У чым вінавацяць Багавіка?

Анатолю Багавіку-малодшаму інкрымінуюць атрыманьне хабару ў 94 тысячы даляраў ад прадпрымальніка Генадзя Зубарава за дапамогу ў перамозе ў конкурсе на пастаўку «Беларусбанку» банкаматаў маркі «НЦД».

Эпізоды адносяцца за 2012-2015 гадоў, калі Анатоль Багавік працаваў кіраўніком Разьліковага цэнтру электронных банкаўскіх картак «Беларусбанка» і ўзначальваў камісію закупак тавараў і паслугаў. Паводле сьледзтва, падсудны Багавік атрымліваў грошы часткамі цягам 2012-2015 гадоў праз банкаўскія апэрацыі з рахункаў фірмаў у Латвіі, Шатляндыі і на Кіпры.

Прагучала імя і бацькі падсуднага Анатоля Іванавіча Багавіка як ўладальніка рахунку на Кіпры, на які пералічваліся грошы для Багавіка-малодшага.

Абвінавачаньне ў службовых злоўжываньнях Багавіка тычыцца ягонай працы ўжо як выканаўчага дырэктара «Беларусбанку». Паводле сьледзтва, у 2015 годзе Багавік перавысіў свае паўнамоцтвы і садзейнічаў пэўным бізнэсоўцам, якія мелі зносіны зь «Беларусбанкам».

Віну прызнаў цалкам

Анатоль Багавік сваю віну прызнаў цалкам. Падсудны папрасіў суд дазволіць яму даваць паказаньні пасьля таго, як выступяць сьведкі і будуць вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы. Суд з такім парадкам судовага сьледзтва пагадзіўся і абвясьціў перапынак да 11 верасьня. Генадзь Зубараў, які даваў хабар Багавіку, таксама знаходзіцца пад сьледзтвам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG