Нашы целы маюць патрэбу ў халестэрыне, але калі яго шмат — гэта моцна шкодзіць здароўю. Многія з нас робяць тыповыя памылкі, якія адбіваюцца пасьля на стане здароўя.
Пра іх на сайце sharecare.com піша Тэйлар Лупоў.
1. Вы ня ведаеце ўзровень свайго халестэрыну
Сёньня лекары рэкамэндуюць ужо з 20-гадовага ўзросту пачынаць здаваць аналіз крыві на халестэрын кожныя чатыры гады. Калі ж у вас ужо ёсьць нейкія праблемы, напрыклад, з сэрцам або вы маеце сямейную гісторыю хвароб сэрца, то аналіз трэба рабіць і часьцей. У выпадку дрэнных вынікаў лекар зможа своечасова зрабіць адпаведныя захады і даць канкрэтныя рэкамэндацыі.
2. Вы недастаткова фізычны актыўныя
Для зьніжэньня ўзроўню халестэрыну вельмі важная фізычная нагрузка. Сёньня лекары рэкамэндуюць для дарослых людзей ня менш за 150 хвілін памяркоўнай нагрузкі ў тыдзень (гэта прыкладна 20 хвілін кожны дзень) або 75 хвілін інтэнсіўных нагрузак у тыдзень. Фізычная актыўнасьць павышае ўзровень добрага халестэрыну і спрыяе зьніжэньню вагі — гэта яшчэ адзін фактар рызыкі, які павышае узровень халестэрыну. Пачынайце трэніроўкі з 10 або 20 хвілін і паступова павялічвайце нагрузку. Добра будзе выбраць язду на ровары, плаваньне, бег трушком ці хаду.
3. Вы спажываеце шмат алькаголю
Алькаголь трэба спажываць у памяркоўных колькасьцях. Выпадковыя кактэйль у бары ня зможа паўплываць на ваша здароўе, але калі пікнікі здараюцца вельмі часта, гэта можа прывесьці да катастрофы. Вялікая колькасьць алькаголю можа прывесьці да інсульту, сардэчнай недастатковасьці і высокага крывянога ціску. Пры гэтым вядома, што памяркоўныя колькасьці алькаголю могуць павысіць узровень так званага добрага халестэрыну. Для жанчын гэта адзін келіх віна ў дзень, для мужчын — ня больш за два.
4. Вы нерэгулярна прымаеце лекі
Для паніжэньня ўзроўню халестэрыну людзям з фактарамі рызыкі дыябэту ці сардэчна-судзінных хваробаў звычайна прызначаюць лекі з групы статынаў. На жаль, паводле статыстыкі, каля паловы пацыентаў перастаюць прымаць статыны на працягу першага году. Тым часам статыны зьяўляюцца вельмі эфэктыўнымі, іх прызначаюць толькі ў выпадку неабходнасьці, таму прымаць іх — жыццёва важна.
5. Вы не кантралюеце ўзровень цукру ў крыві
Усе мы пераважна ведаем, што да павышэньня ўзроўню халестэрыну спрычыняюцца тлустае чырвонае мяса і смажаныя прадукты. Але той самы эфэкт аказвае на арганізм і цукар. Дададзеныя ў прадукты цукры спрыяюць павелічэньню вагі, што таксама прыводзіць да росту ўзроўню халестэрыну. Салодкія прадукты таксама павышаюць узровень трыгліцэрыдаў, што павышае рызыку разьвіцьця сардэчна-судзiнных хваробаў.
6. Вы забыліся пра добрыя тлушчы
Пазьбягайце транстлушчаў, знойдзеных у смажаных прадуктах, і насычаных тлушчаў, знойдзеных у чырвоным мясе і прадуктах жывёльнага паходжаньня. Гэта дапаможа зьнізіць узровень шкоднага халестэрыну. Амэга-3 тлустыя кіслоты дапамагаюць павялічыць узровень добрага халестэрыну і зьнізіць ўзровень трыгліцэрыдаў у крыві. Калі можаце, замяніце стэйк і бульбу фры на добрыя крыніцы монаненасычаных тлушчаў — такія як авакада, грэцкія арэхі і аліўкавы алей.